Институт истории НАН: как начиналось освобождение Беларуси

Вайна на пераломе

Гэты год для нашай краіны асаблівы: 75 гадоў таму Беларусь была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Значнасць гэтай падзеі з гадамі не змяншаецца, бо акупанты рыхтавалі для беларусаў вельмі незайздросны лёс рабоў трэцяга рэйха.

Пра тое, як ішлі баі за Беларусь, што папярэднічала доўгачаканаму дню вызвалення, — наша размова з загадчыкам аддзела ваеннай гісторыі Інстытута гісторыі НАН доктарам гістарычных навук, прафесарам Аляксеем Літвіным.

Савецкiя салдаты ўстанаўлiваюць дарожны паказальнiк на беларускi горад Лоеў.
topwar.ru

— Паважаны Аляксей Міхайлавіч! Пра выдатную стратэгічную аперацыю «Баграціён», у выніку якой у 1944 годзе была вызвалена Беларусь, ведаюць усе. Але першыя раёны адваявалi раней, яшчэ ў 1943 годзе. Чаму не ўдаліся спробы вызвалення Беларусі ў 1943 годзе і ў першай палове 1944-га?

— Фактычна вызваленне тэрыторыі Беларусі пачалося зімой 1942 года, калі былі вызвалены шэраг сельскіх Саветаў Віцебскай вобласці, а на акупаванай тэрыторыі ўтвораны партызанскія зоны, вызвалены асобныя раённыя цэнтры і адноўлена савецкая ўлада.

Выдатная перамога Чырвонай Арміі ў Курскай бітве, калі правалілася апошняя спроба нямецка-фашысцкага камандавання зноў захапіць стратэгічную ініцыятыву, дала магчымасць для пераходу савецкіх войск у агульнае стратэгічнае наступленне на шырокім фронце ад Вялікіх Лук да Чорнага мора. Зыходзячы з гэтага, у жніўні—снежні 1943 года на паўднёва-заходнім напрамку, дзе канцэнтраваліся асноўныя сілы ваюючых бакоў, па ўказанні Стаўкі Вярхоўнага Галоўнакамандавання войскамі Цэнтральнага (камандуючы — генерал арміі К.К. Ракасоўскі), Варонежскага (камандуючы — генерал арміі М.Ф. Ватуцін), Сцяпнога (камандуючы — генерал арміі І.С. Конеў), Паўднёва-Заходняга (камандуючы — генерал арміі Р.Я. Маліноўскі) і Паўднёвага (камандуючы — генерал арміі Ф.І. Талбухін) франтоў быў праведзены шэраг стратэгічных, франтавых і армейскіх наступальных аперацый, аб’яднаных адзінай задумай, якія ўвайшлі ў гісторыю Вялікай Айчыннай вайны як бітва за Днепр. Іх галоўнымі мэтамі было вызваленне Левабярэжнай Украіны, Данбаса, Кіева, захоп плацдармаў на правым беразе Дняпра. У гэты ж час войскамі Заходняга (камандуючы — генерал арміі В.Д. Сакалоўскі), левага фланга Калінінскага (камандуючы — генерал арміі А.І. Яроменка) і Бранскага (камандуючы — генерал арміі М.М. Папоў) франтоў таксама праводзіліся буйнамаштабныя аперацыі супраць нямецкай групы армій «Цэнтр» з мэтай вызвалення Смаленска, Бранска і раёнаў Беларусі.

На першым этапе бітвы за Днепр у жніўні—верасні 1943 года савецкія войскі вызвалілі Левабярэжную Украіну і ў розных месцах фарсіравалі Днепр. У кастрычніку—снежні — разграмілі сілы праціўніка ў сярэднім і ніжнім цячэнні, вызвалілі Кіеў і працягвалі барацьбу за ўтрыманне і пашырэнне захопленых стратэгічных плацдармаў на правым беразе Дняпра.

Так разгортваліся падзеі на фронце.
ivo.unn.ru 

На правым крутым беразе

— Днепр цячэ па тэрыторыі трох краін: Расіі, Беларусі і Украіны. Якія падзеі адбываліся адначасова ў яго верхнім цячэнні?

— Каб захаваць у тайне кірунак галоўнага ўдару і не даць магчымасці праціўніку перакідваць свае сілы і сродкі на ўчасткі, якія знаходзіліся пад пагрозай, па заданні Стаўкі ВГК былі прадугледжаны наступальныя аперацыі і па іншых кірунках.

7 жніўня пачалі наступаць войскі Заходняга, а 13 жніўня — войскі левага крыла Калінінскага франтоў з мэтай разграміць левае крыло нямецка-фашысцкай групы армій «Цэнтр», каб не дапусціць перакідвання яе сіл на паўднёва-заходні напрамак, дзе Чырвоная Армія наносіла галоўны ўдар, і вызваліць Смаленск. Пачалася стратэгічная наступальная аперацыя, якая ўвайшла ў гісторыю пад назвай Смаленская аперацыя 1943 года.

На момант пачатку аперацыі войскі Заходняга і Калінінскага франтоў мелі пэўную перавагу. Яны налічвалі 1253 тысячы чалавек, 20 640 гармат і мінамётаў, 1430 танкаў і самаходных артылерыйскіх установак, 1100 самалётаў. Аднак трэба мець на ўвазе, што іх праціўнікамі былі добра падрыхтаваныя, загартаваныя ў баях злучэнні і часці 4-й танкавай, 4-й і частка сіл 9-й арміі групы армій «Цэнтр», якія вельмі жорстка супрацьстаялі Чырвонай Арміі ў Ржэўска-Вяземскай і Ржэўска-Сычоўскай аперацыях Калінінскага і Заходняга франтоў летам 1942 года, пры правядзенні аперацыі «Марс» у снежні 1942 года.

План Смаленскай аперацыі быў непасрэдна распрацаваны Стаўкай Вярхоўнага Галоўнакамандавання. Яго асноўнай мэтай было як мага далей адкінуць праціўніка ад Масквы, вызваліць Смаленск, іншыя гарады і вобласці, раз’яднаць, надзейна скаваць і разграміць сканцэнтраваныя тут нямецка-фашысцкія войскі, не даць магчымасці перакінуць адсюль частку злучэнняў на паўднёва-заходні напрамак. Перад пачаткам аперацыі на смаленскі напрамак прыехаў Вярхоўны Галоўнакамандуючы І.В. Сталін. Ён дэтальна абмеркаваў план аперацыі і ход яе падрыхтоўкі. Каардынаваў дзейнасць франтоў маршал артылерыі М.М. Воранаў.

Смаленская аперацыя была праведзена ў тры этапы. На першым — войскі Заходняга фронту разграмілі групоўку праціўніка ў раёне Спас-Дземенска і прасунуліся на 30—40 км. 13 жніўня быў вызвалены Спас-Дземенск. У гэты ж дзень у напрамку Духаўшчыны перайшлі ў наступленне войскі левага крыла Калінінскага фронту, аднак сутыкнуліся з вельмі жорсткай абаронай праціўніка. За пяць дзён войскі 39-й арміі змаглі ўклініцца ў абарону праціўніка толькі на 6—7 км. Камандаванню вермахта ўдалося перакінуць на смаленскі напрамак 13 дывізій з арлоўска-бранскага напрамку — баі сталі прымаць зацяжны характар.

На другім этапе, з 28 жніўня па 6 верасня 1943 года, была праведзена Ельнінска-Дарагабужская аперацыя, у выніку якой 30 жніўня была вызвалена Ельня, фарсіраваны Днепр і 1 верасня вызвалены Дарагабуж. Да 6 верасня войскі прасунуліся на 35—40 км.

На трэцім этапе (7 верасня — 2 кастрычніка 1943 года) войскамі Калінінскага і Заходняга франтоў былі праведзены Духаўшчынска-Дзямідаўская і Смаленска-Рослаўская аперацыі. 25 верасня былі вызвалены Смаленск і Рослаў, а 28 верасня — раённы цэнтр Магілёўскай вобласці горад Мсціслаў.

Байцы Чырвонай Арміі атакуюць ворага.
rytufrontas.net 

Баі не мясцовага маштабу

— Якія вынікі Смаленскай аперацыі? Чаму пра яе вядома значна менш, чым пра іншыя знакавыя бітвы Вялікай Айчыннай вайны?

— 2 кастрычніка 1943 года Смаленская аперацыя завяршылася. Савецкія войскі разграмілі 5 пяхотных, танкавую і матарызаваную дывізіі, нанеслі значныя страты яшчэ 14 дывізіям, адкінулі ворага на 135—145 км і вышлі на рубеж Веліж, Рудня, усходней Горак, Дрыбін і далей па рацэ Проня, дзе перайшлі да абароны. У выніку Смаленскай аперацыі лінія фронту была адсунута на 200—250 км на захад у паласе шырынёй 400 км, вызвалена частка Калінінскай, Смаленская вобласць, пакладзены пачатак вызваленню Беларусi.

У цесным аператыўна-стратэгічным узаемадзеянні з Заходнім і Калінінскім франтамі дзейнічаў Бранскі фронт, войскі якога 17 верасня вызвалілі Бранск і, працягваючы наступленне, 26 верасня выбілі захопнікаў з Хоцімска.

valk@sb.by

(Працяг будзе)

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter