Вавiлонская вежа... у Веткаўскiм раёне

У адрозненне ад герояў бiблейскага падання неглюбцы, многiя з якiх прадстаўляюць розныя нацыянальнасцi, жывуць мiрна i разумеюць адзiн аднаго з паўслова Гiсторыя мястэчка Неглюбка, што на Веткаўшчыне, налiчвае не адно стагоддзе, але i сёння не могуць да канца разгадаць усе яе загадкi. Першымi жыхарамi паселiшча былi людзi, якiх ссылалi сюды за грахi. Мясцовасць гэта была амаль уся пакрыта лясамi i балотамi. Ад недахопу ежы людзi часта галадалi. Таму паселiшча многiя называлi “нелюбiмым богам месцам”. Па адной з версiй, i паходзiць яго назва. Нягледзячы на ўсе цяжкасцi, што напаткалi мястэчка на працягу ўсёй яго гiсторыi, колькасць насельнiцтва на працягу многiх гадоў не змяншаецца. Неглюбка па-ранейшаму застаецца адным з самых незвычайных месцаў, што ёсць на Зямлi. Калi шчыра, не ведаю, да якога з праектаў газеты — “Мы” цi “Месца на Зямлi” — падыходзiць больш гэты матэрыял. Едучы на Веткаўшчыну я i не здагадвалася, што сустрэну прадстаўнiкоў аж пятнаццацi розных нацыянальнасцяў.

Людзi аднаго лёсу
Для многiх з вас, мяркую, гэты факт можа падацца дзiўнай з’явай, але толькi не для самiх жыхароў мястэчка. Спрадвеку жывуць тут людзi, якiя адрознiваюцца адзiн ад аднаго колерам валасоў, вачэй, але не дзеляцца на сваiх i чужых. Яны разумеюць, што iх продкi таксама некалi прыйшлi ў гэты край з iншых зямель.
Нехта гаворыць, што перасялiлiся яны сюды ў час, калi тутэйшыя  землi ўваходзiлi ў склад Вялiкага княства Лiтоўскага. Людзi, ратуючыся ад татарскiх набегаў, шукалi больш цiхую мясцовасць. Хтосьцi вядзе сваё радавое дрэва пачынаючы з XVII стагоддзя: землi руска-лiтоўскага памежжа пачалi актыўна засяляцца. Неглюбчане цытуюць гiстарычныя даследаваннi: “крестьяне начали селиться целыми толпами из-за Днепра, и из Великоруссии... Таким образом в северных уездах явилась целая масса “нахожих” людей”. У Неглюбцы дагэтуль распаўсюджаныя прозвiшчы Беглы, Прыходзька, Асадшы.
“Клiча дадому Беларусь...”
Джалiл i Кумры Гафуравы прыехалi ў Беларусь з Ленiнабадскай вобласцi  Канiбадамскага раёна Таджыкiстана.
Ён i яна раслi разам. Нечакана для ўсiх памiж стрыечнымi братам i сястрой успыхнула каханне. Сёння Кумры ўспамiнае, як i падумаць не магла, што яе бацькi дазволяць ёй выйсцi замуж за Джалiла. Але, убачыўшы палымянае пачуццё сваiх дзяцей, бацькi развялi толькi рукамi. Там у iх нарадзiлiся дачка i сын. Але Джалiлу вельмi хацелася быць сапраўдным гаспадаром: мець свой  кавалак зямлi, гаспадарку. На радзiме сям’я не мела такой магчымасцi. А ў той час на Гомельшчыне жыла iх сястра. Яна запрасiла iх да сябе ў госцi. Гафуравы прыехалi і рашылі застацца.
Як толькi прыехалi, сям’i далi драўляны дом. Джалiл уладкаваўся пастухом на малочна-таварную ферму “Неглюбка”, а Кумры даяркай. Па словах старшынi Неглюбскага сельскага савета Рыгора Кулагi, яны адразу зарэкамендавалi сябе як добрасумленныя працаўнiкi. Сёння Джалiл вельмi задаволены тым, што ён можа даць сваёй сям’i ўсё неабходнае. У шчаслiвых усмешках сваiх дзяцей ён бачыць сэнс свайго iснавання.
Каб спрасцiць знаёмства з суседзямi, Гафуравы выбралi для сябе iмёны, распаўсюджаныя ў Беларусi, але сугучныя сваiм, таджыкскiм. Джалiл прадстаўляецца як Жора, Кумры — Кацяй, старэйшаму сыну Камалiдзiну падабаецца, калi яго завуць Колем, дачка Шахзода завецца Вольгай, а самая малодшая Сiтора (што азначае “зорачка”) мае i славянскае iмя Святлана.
— Беларусы — добразычлiвы народ, — дзелiцца сваiмi ўражаннямi гаспадар. — Мы жылi ва Узбекiстане, Расii i нiдзе не сустракалi такой гасцiннасцi, як на беларускай зямлi.
— Вось так, прыехалi як госцi, а засталiся на ўсё жыццё, — далучаецца да нашай размовы Кумры. — А я ж слова нi па-руску, нi па-беларуску не ведала. Джалiл ведаў рускую мову, а мне спачатку было вельмi цяжка. А зараз мяне ўжо мае малодшыя дзецi знаёмяць з беларускiмi словамi. Яны ж нарадзiлiся ўжо тут, таму лiчаць сябе беларусамi i пра Таджыкiстан ведаюць толькi па нашых успамiнах.
Джалiл аднойчы так засмуткаваў па сваёй радзiме, што не вытрымаў i паехаў у Таджыкiстан. Ён успамiнае: “Ехаў туды i думаў, што калi прыеду, то i не змагу больш пакiнуць родны край, але, пабыўшы там, адчуў, як мяне клiча дадому Беларусь”.
“З усiх шляхоў-дарог нас Неглюбка вiтае!”
...Слухала людскiя споведзi i не магла ўсё ж такi да канца зразумець, чаму Неглюбскi край стаў для iх такiм любым? Аказваецца, усё проста: гасцiннасць i талерантнасць мясцовых жыхароў тут спалучаны з утульнымi ўмовамi жыцця. Нiкога яшчэ, хто сюды прыязджае i з ахвотай бярэцца за працу, не пакiнулi жыць на вулiцы.
Старшыня Неглюбскага сельсавета Рыгор Кулага расказвае, што сюды на час уборачнай кампанii прыязджаюць працаваць i ўкраiнцы, i рускiя. Часта застаюцца тут жыць назаўсёды. “А мы заўсёды рады тым, хто мае ахвоту працаваць! — прызнаецца ён. — Адзiнае, шкада дзяцей, якiм часта з-за пераездаў прыходзiцца мяняць дзiцячы сад, школу. Калi сёння ў 11-м класе школы вучыцца 111 чалавек, то ўсяго праз дзень iх можа быць ужо 125”.
У мястэчку створаны даволi неблагiя ўмовы для жыцця. Па словах старшынi сельсавета, людзей ужо не палохае экалагiчнае становiшча ў гэтай мясцовасцi. Малако, што атрымлiваюць ад неглюбскiх кароў, прыгодна нават для прыгатавання дзiцяга харчавання. I тлумачыцца гэта тым, што для выпасу выкарыстоўваюцца толькi культурныя пашы, сена таксама нарыхтоўваецца з сеяных траў.
Ужо сёння iдзе будаўнiцтва пяцi новых катэджаў, вядзецца рэканструкцыя васьмiкватэрнага двухпавярховага дома, у якiм будуць жыць маладыя спецыялiсты. А ў 2008 годзе тут з’явiцца аграгарадок! Не iснуе праблем з выязным гандлем у вёсках сельсавета. А калi захочацца пакаштаваць гарадскiх прысмакаў цi раптам спатрэбiцца дапамога ўрача-дэрматолага цi акулiста (у Неглюбскай амбулаторыi працуюць толькi фельчар, стаматолаг, акушэр, медсястра), можна выбрацца ў раённы, абласны цэнтр. А транспартнае забеспячэнне сёння нават лепшае, чым у савецкiя часы. Тры разы на тыдзень ходзiць аўтобус i маршрутнае таксi на Гомель праз Ветку. Заасфальтаваны i асветлены ўсе вулiцы, праведзены водаправод.
Быў пабудаваны ў Неглюбцы i лазнева-пральны камбiнат, але, на жаль, ахвотнiкаў папарыцца ды мыць бялiзну за грошы не знайшлося. Справа ў тым, што амаль у кожным двары ў Неглюбцы маецца свая лазня.
Развiваецца тут i экатурызм. У неглюбскiм возеры, якое аддадзена ў асобнае водакарыстанне, толькi за мiнулы год вылаўлена каля 26 тон рыбы. Сустракаюцца карп i белы амур вагой да 7—8 кiлаграмаў. На возеры можна бясплатна пакатаць дзяцей на катамаране.
Не смуткуе i моладзь. Неглюбскi сельскi Дом культуры акрамя таго што кожную пятнiцу, суботу i нядзелю прапануе дыскатэку ўсяго за тысячу рублёў, запрашае асвоiць ткацкае майстэрства, а таксама на заняткi ў драматычны, вакальны гурткi. Такой залай, што мае Неглюбскi дом культуры, могуць пахвалiцца яшчэ два сельскiя клубы на Веткаўшчыне. Таму сюды часта прыязджаюць з канцэртамi беларускiя эстрадныя выканаўцы, а таксама артысты Гомельскага драматычнага тэатра.
Як ручнiк Неглюбку на ўвесь свет праславiў
Прываблiвае мястэчка i сваёй самабытнай культурай, якая з асаблiва цёплым пачуццём перадаецца самым юным жыхарам Неглюбкi яшчэ ў дзiцячым садку, потым у школе. А ўсё дзякуючы настаўнiкам. “I сярод дзяцей, i сярод настаўнiкаў ёсць узбекi, башкiры, малдаване, кiргiзы ...Я, напрыклад, полька па нацыянальнасцi, — расказвае намеснiк дырэктара Неглюбскай школы па вучэбна-выхаваўчай рабоце Iрына Кулага. — Але мястэчка змагло захаваць свой нацыянальны каларыт, нягледзячы на вялiкую мiграцыю насельнiцтва, бо ўсе мы не забываемся, у якой краiне жывём, i стараемся зберагчы ўсю тую беларускасць, што пакiнулi нам у спадчыну нашы продкi. Таму нядзiўна, што нават для прыезджых беларуская мова становiцца роднай.
Здаўна неглюбскiя жанчыны займалiся ткацтвам. Ткалi палатно для адзення, а таксама абрусы, посцiлкi. З пакалення ў пакаленне перадавалi сваё майстэрства. Усяму свету вядомы неглюбскi ручнiк! На пяцiметровым палатне, сагрэтым рукамi працавiтых жанчын, вытканы рознакаляровыя сiмвалы шчасця. Неглюбскiя ткацкiя вырабы дэманстравалiся ў Iталii, Германii, Вялiкабрытанii. А ручнiк Матроны Афанасьеўны Кароткай набыў для сваёй калекцыi Нью-Йоркскi Метрапалiтэн-музей. За незвычайнасць узораў i прыгажосць адзначаны неглюбскiя ручнiкi i залатымi медалямi ВДНГ.
...Вось так жывуць побач, здавалася б, зусiм розныя людзi. Башкiры, удмурты, палякi, украiнцы, малдаване, цыгане, узбекi. Яны не дзеляцца на сваiх i чужых, а паважаюць адзiн аднаго i вучаць дабрынi i справядлiвасцi сваiх дзяцей. I хто ведае? Мабыць, праз якiхсьцi сто гадоў i ў гэтым месцы на Зямлi з’явiцца свая, толькi ўжо Неглюбская Вежа...

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter