Вастрыў, як штык, пяро, іголкі…

У САВЕЦКІЯ часы яго тыраж сягаў вышэй за трыста тысяч, яму пісалі людзі, калі хацелі дамагчыся праўды, настрашыць, пакараць нядбайных кіраўнікоў, бракаробаў ці ліхадзеяў… «Вожык» пачынаўся са знакамітай газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну».

Часопіс «Вожык» сёлета адзначае 70 год з дня выхаду ў свет свайго першага нумара.

У САВЕЦКІЯ часы яго тыраж сягаў вышэй за трыста тысяч, яму пісалі людзі, калі хацелі дамагчыся праўды, настрашыць, пакараць нядбайных кіраўнікоў, бракаробаў ці ліхадзеяў… «Вожык» пачынаўся са знакамітай газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну».

Новае – добра забытае старое

«Вожык» — часопіс-эпоха, якому ў пэўнай ступені абавязана і наша газета. Пастаянныя чытачы «Белорусской нивы» добра памятаюць шматгадовую рубрыку «Почта деда Михеда». Яе заснаваў і пэўны час вёў у газеце паэт Анатоль Астрэйка, які ў час Вялікай Айчыннай вайны быў адказным сакратаром газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну», а потым адказным сакратаром часопіса «Вожык». Таму ў тым ліку і аўтары часопіса былі частымі гасцямі рубрыкі.

Сёння, так бы мовіць з падачы “вожыкаўцаў”, мы вяртаем папулярную некалі рубрыку на старонкі газеты. Больш таго, рабіць яе будзем з дапамогай і пры ўдзеле часопіса “Вожык” і яго аўтараў, выкарыстоўваючы і вашы пісьмы, паважаныя чытачы “Белорусской нивы”. Так што легендарны дзед Міхед зноў пачынае абжывацца на старонках сялянскай газеты, зноў пачынае выкрываць недахопы, наводзіць сатыру на бюракратаў усіх масцей. І апошняе — адрозненне новай-старой рубрыкі ў асноўным у тым, што друкавацца яна будзе выключна на беларускай мове!

Першыя 13 нумароў з’явіліся на пачатку ліпеня 1941 года ў Гомелі (Мінск ужо быў акупіраваны немцамі). Першым галоўным рэдактарам выдання стаў пісьменнік і публіцыст Міхась Чавускі, з 1943-га — Кандрат Крапіва. А са старонак агітплаката з вершамі-заклікамі да партызан і воінаў звярталіся Янка Купала і Якуб Колас. Тут друкаваліся Кузьма Чорны, Пятро Глебка, Міхась Лынькоў, Пімен Панчанка, Максім Танк і многія іншыя. Побач з пісьменнікамі працавалі мастакі і карыкатурысты Віталь Букаты (таленавіты юнак, які загінуў у 1943 годзе, выконваючы баявое заданне), Заір Азгур, Іван Ахрэмчык, Яўген Зайцаў…

Газета-плакат засылалася ў тыл ворага, у партызанскія атрады, распаўсюджвалася сярод насельніцтва на акупіраванай тэрыторыі. Як рэліквіі ў рэдакцыі і сёння захоўваюцца фактычна ўсе нумары гэтага выдання, дарэчы, і ўсе нумары «Вожыка», пачынаючы з 1945 года. І ўжо пасля Перамогі газета-плакат пераўтварылася ў часопіс і набыла сваю сучасную назву.

За гэты час змянілася многае: выраслі новыя пакаленні чытачоў «Вожыка», а часопіс па-ранейшаму шукае «балючыя месцы», што і цяпер нагадваюць пра сябе ў грамадстве. І мэта яго застаецца нязменнай — сродкамі сатыры і гумару змагацца з негатыўнымі праявамі ў грамадска-палітычным жыцці краіны, усебакова садзейнічаць развіццю сатырыка-гумарыстычных жанраў беларускай літаратуры і выяўленчага мастацтва.

У пазамінулым годзе «Вожык» стаў альманахам з аб’ёмам 100 старонак і выхадам 1 раз у паўгоддзе. У гэтым, юбілейным, годзе выданне з другога паўгоддзя пачне выходзіць штоквартальна. Але яго старонкі па-ранейшаму будуць напоўненыя дзе мяккім, добразычлівым гумарам, дзе колкай сатырай, дзе добрай усмешкай і тонкай іроніяй…

Галоўны рэдактар альманаха «Вожык» Юлія ЗАРЭЦКАЯ

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter