У гарадскiм цэнтры культуры “Вiцебск” прайшла прэс-канферэнцыя з нагоды будучага XVIII Мiжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскi базар у Вiцебску”.
Сёлета па шматгадовай традыцыi зноў загучаць фанфары свята – на гэты раз культурная Мекка збярэ 35 краiн-удзельнiц i 5,5 тысячы артыстаў з розных куткоў планеты.
Як дасцiпна заўважыў нязменны дырэктар дырэкцыi Мiжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскi базар у Вiцебску” Радзiвон Бас, па вялiкiм рахунку, гэта нават не 18-ы, а 20-ы па лiку песенны i музычны форум. Чамусьцi цяпер мала хто ўспамiнае, што падмуркам слыннай фiесты былi два усесаюзныя конкурсы-фестывалi польскай песнi яшчэ ў часы былога СССР, яшчэ з 1988 года. З тагачаснага немаўляцi вырас цяперашнi гiгант пад назвай “Славянскi базар”.
Кожны год мае сваю адметнасць i непаўторнасць. Вось i сёлета ў фестывальнай дзеi многае спалучаецца са словам “упершыню”.
Упершыню побач са знакамiтым Летнiм амфiтэатрам адкрыецца Алея зорак – у гонар пяцi лаўрэатаў спецыяльнай узнагароды Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь “Праз мастацтва – да мiру i ўзаемаразумення”.
Упершыню на фестывалi пройдуць Днi культуры Казахстана i Iзраiля.
Упершыню ў свяце ўдзельнiчаюць канкурсанты з Бразiлii.
Упершыню з уласнымi сольнымi праграмамi выступяць знакамiтыя Нацыянальны акадэмiчны ансамбль танца Украiны iмя Вiрскага i Дзяржаўны заслужаны харэаграфiчны калектыў “Харошкi” з Беларусi.
Шмат чаго яшчэ будзе упершыню. Напрыклад, на традыцыйным у межах культурнага форуму Днi Беларусi 15 лiпеня адбудзецца Мiжнародны iнвестыцыйны форум. На iм мяркуецца арганiзаваць экспазiцыю прывабных iнвестыцыйных праектаў у розных галiнах народнай гаспадаркi, прыцягнуць увагу айчынных i замежных дзелавых людзей да развiцця розных перспектыўных вытворчасцей.
У размове з прэсай арганiзатары фестывалю не абмiнулi i шэраг праблемных, нявырашаных пытанняў. Па-ранейшаму фестывальная сталiца не можа пахвалiцца колькасцю i якасцю гасцiнiчных месцаў, i не толькi для эстрадных зорак. Iх проста не хапае для любой катэгорыi гасцей i ўдзельнiкаў “Славянскага базару”. Таму слушная i разумная прапанова Радзiвона Баса аб тым, што варта будаваць не гасцiнiцы-гiганты, а зручныя атэлi на 40—50 месцаў з умовамi, якiя адпавядаюць еўрапейскаму i сусветнаму ўзроўню. Не хапае таксама рэстаранаў, кафэ, iншых прадпрыемстваў хуткага харчавання. Для прыкладу, вельмi праблематычна будзе кармiць в`етнамскiх гасцей у сувязi са спецыфiкай iх нацыянальнай кухнi. Ды i для кiтайцаў выбар страў не надта шыкоўны…
Але ў цэлым няма падстаў для непакою. “Славянскi базар у Вiцебску” адбудзецца пры любым надвор’i!