Василий Горошко: "Без любви к земле нечего идти в сельское хозяйство"

Васiль Гарошка: "Без любві да зямлі няма чаго ісці ў сельскую гаспадарку"

Наша жыццё ўстроена так, што былое не вярнуць. А вось у думках можна акунуцца ў перажытае. Ёсць што ўзгадаць за паўвека працы на зямлі Герою Сацыялістычнай Працы, кандыдату сельгаснавук Васілю ГАРОШКУ.


Пасля заканчэння Белдзяржсельгасакадэміі ўзначаліў агранамічную службу ў перадавым пінскім калгасе “Аснежыцкі”, якім кіраваў двойчы Герой Сацыялістычнай Працы Уладзімір Ралько. Малады аграном смела засвойваў у раслінаводстве перадавыя тэхналогіі. Не забываў і пра сялянскую кемлівасць. Новая па тым часе збожжавая культура трыцікале здзівіла на палескіх землях рэкорднымі ста цэнтнерамі зерня з гектара.

Пасля аснежыцкай загартоўкі вучоны-аграном узначаліў суседні калгас і звыш двух дзесяцігоддзяў паспяхова кіраваў ім, а потым — Пінскім гідрамеліярацыйным тэхнікумам, загадваў Пінскім філіялам Белдзяржсельгасакадэміі. І на заслужаным адпачынку Васіль Маісеевіч жыве справамі гаспадаркі, калі неабходна — дае карысныя парады.

Калядная сустрэча з вядомым хлебаробам у яго доме, што ў пінскай вёсцы Вышавічы, пачалася з успамінаў пра былое.

— Васіль Маісеевіч, ваша жыццё непарыўна звязана з вёскай, сялянскімі звычаямі, прыкметамі. Ведаю, што па калядных днях вызначаецца, якім выдасца год для хлебароба. Якое ваша меркаванне?

— Народныя прыкметы адшліфоўваліся пакаленнямі. Мае сялянскія продкі арыентаваліся на іх. Ад бацькоў памятаю, што калі на Вадохрышча дзень выдаецца хмарны, шмат снегу ляжыць — ніва будзе шчодрай на збожжа. А зорная ноч у гэта свята — да багатага ўраджаю ягад.

Святыя дні завяршаюцца. На Раство прымаў калядоўшчыкаў. Слухаў іх спевы і ў думках вяртаўся ў дзяцінства, калі сам калядаваў па заснежанай вёсцы. Традыцыю падтрымліваў, калі кіраваў калгасам.

На цэнтральнай сядзібе гаспадаркі, у вёсцы Плешчыцы, дапамаглі вернікам узвесці мураваную царкву. Сучаснымі катэджамі, у якіх жывуць працаўнікі гаспадаркі, акружаны храм.

У таленавітага старшыні Уладзіміра Ралько мы, маладыя спецыялісты, вучыліся не толькі ўменню кіраваць, а таксама дзякуючы яго мудрасці духоўна развіваліся. Калгас “Аснежыцкі” быў паказальным для іншых, своеасаблівым маяком. І сёння ёсць такія перадавыя калектывы, на якія раўняюцца іншыя.

“Аснежыцкі” славіўся як высокімі вытворчымі паказчыкамі, так і багатай сацыяльна-бытавой базай. Будаваліся новыя жывёлагадоўчыя фермы, рамонтныя майстэрні, закуплялася тэхніка, узводзілася жыллё. Акрамя прысядзібных участкаў, для кожнай калгаснай сям’і наразаліся дадатковыя надзелы ў полі. Уладзімір Антонавіч даручаў мне як аграному адбіваць іх. Выязджаў на досвітку і да пачатку працоўнага дня імкнуўся справіцца, каб ніхто з вяскоўцаў не бачыў, як я гэта раблю. Не дай бог, калі каму недамераў зямлі, успыхваў канфлікт. Людзі праглі займець паболей сотак. Сённяшніх вяскоўцаў трэба ўгаворваць, каб узялі дзялку. Селяніна паступова адвучалі ад зямлі.

Здзіўляюся, што цяпер мала якая маладая сям’я на вёсцы заводзіць жыўнасць. Мая старэйшая сястра Вольга да апошніх дзён з мужам Пятруком у аддаленай палескай вёсцы Селішча апрацоўвалі больш як гектар балотнай зямлі. Трымалі каня, карову, свіней, гусей, курэй. Іх двор кішэў ад жыўнасці. За сваё старанне мелі добры прыбытак. Аднымі з першых у вёсцы купілі машыну “Ніва”. Без працы яны не ўяўлялі свайго жыцця.

Так нас выхоўвалі з маленства. Бацька бездакорна спраўляўся з усім па гаспадарцы: вырабляў хамуты, верацёны для кроснаў, быў адмысловы цясляр, будаўнік. У пакосе яму не было роўных. За што ні браўся, усё атрымлівалася, працаваў з ахвотаю. З людзьмі ўмеў ладзіць. Казаў, зло пакінь на заўтра.

Старэйшыя заўжды былі побач з намі. Калі я стаў бацькам, то амаль не бачыў, як раслі дзеці. Прыязджаў дамоў позна. Спаў па тры-чатыры гадзіны ў суткі. Як дырыжор вялікага сімфанічнага аркестра ўлаўлівае кожны такт, так і кіраўнік гаспадаркі павінен адчуваць пульс жыцця кожнага вытворчага звяна. Дзе гармонія, там і поспех. Зоркі на небе прадказваюць будучыню, а ствараць яе трэба людзям.

— Сусветна вядомы пісьменнік Жуль Верн лічыў, што жыццё — не толькі забеспячэнне матэрыяльных запытаў арганізма, але галоўным чынам — адчуванне сваёй чалавечай годнасці.

— Годнасць сама па сабе не прыходзіць. Шмат складнікаў у яе. У жыцці мне пашчасціла на цудоўных паплечнікаў. Ад іх спасцігаў сакрэты мудрасці. На мне як галоўным аграноме і адначасова намесніку старшыні калгаса ляжала адказнасць за калектыў. Уладзімір Ралько тактоўна ўмеў кіраваць людзьмі. Ніколі не павышаў голас. Планку вытворчых паказчыкаў калгас трымаў высока. Палескія землі амаль што аднолькавыя па ўрадлівасці, а вынікі працы розняцца. Уладзімір Антонавіч мудра кіраваў. Па яго ініцыятыве ўся жывёла ўтрымлівалася на саломеннай падсцілцы. За зіму механізатары вывозілі на палі звыш 200 тысяч тон арганікі. Ралько лічыў, што поле без унясення арганічных угнаенняў, як суп без мяса. А мінеральныя ўдабрэнні — як соль, без якой ежа нясмачная. На кожны гектар штовясны ўносілі па 100 тон арганічных угнаенняў. Запраўлялі зямлю і тукамі. Цяпер кошт іх значна вырас, і не кожная гаспадарка мае магчымасць набываць патрэбную колькасць. Без фінансавай падтрымкі дзяржавы тут не абысціся.

У “Аснежыцкім” эфектыўнасць гектара была вышэйшая, чым у аграрыяў еўрапейскіх краін. Вытворчасць збожжа за дзесяцігоддзе павялічылася амаль у тры разы. Верталётам прылятаў на аснежыцкія палі Пётр Машэраў. Рэспубліка ў той час выходзіла на 25 цэнтнераў збожжавых з гектара, а ў нас ураджайнасць іх была ў два разы большая. А некаторыя ўчасткі давалі рэкордна высокія намалоты.

 — Залатую Зорку Героя Сацыялістычнай Працы вы атрымалі за поспехі ў раслінаводстве?

— Акрамя пасады галоўнага агранома, выконваў і абавязкі намесніка старшыні калгаса. Нашы палі давалі не толькі рэкордныя ўраджаі збожжавых, але і цукровых буракоў. Паспяхова развівалася жывёлагадоўля. Залатой Зоркай адзначаны вытворчыя поспехі даярак Кацярыны Ляснічай, Любові Мазоль, Таісіі Шпакоўскай, Любові Канановіч, брыгадзіра паляводчай брыгады Людмілы Журбіла. Двойчы Героем Сацыялістычнай Працы стаў старшыня Уладзімір Ралько. У такім зорным калектыве і я быў уганараваны Зоркай Героя Сацыялістычнай Працы.

Тэарэтычныя веды, атрыманыя на занятках у сельгасакадэміі, пастаянна дапаўняў практыкай. Мне пашчасціла прайсці цудоўную школу кіравання ў слыннага Уладзіміра Ралько. З першых дзён самастойнага старшынёўства пачаў прымяняць яго метады кіравання. Уладзімір Антонавіч надаваў вялікае значэнне поўнай запраўцы палёў арганікай. У калгасе імя Горкага, які я ўзначаліў, адразу закупілі бульдозеры, імі пастаянна вычышчалі жывёлагадоўчыя памяшканні. У новых тыпавых адкормачніках пашыралі праезд, каб праходзіў бульдозер. Арганіку кампасціравалі з торфам і саломай, а потым уносілі пад культуры. Здзіўляе, калі бачу, што сёння прама з ферм яе раскідваюць па полі.

Прыемна, што сённяшні кіраўнік гаспадаркі, рэфармаванай у ААТ “Плешчыцы”, аграном па адукацыі Дзмітрый Шпакоўскі выкарыстоўвае мае парады. Кансультую па кожным полі асобна. Гаспадарка за апошнія гады павялічыла валавую вытворчасць збожжа, расце прадукцыйнасць дойнага статка. За мінулы год сярэдні надой ад кожнай з 1600 кароў дасягнуў амаль 5 тысяч кілаграмаў. Да 80 працэнтаў даведзены продаж малака сортам экстра. Павышаюцца вытворчыя паказчыкі і ў раслінаводстве.

— Стагоддзе таму створаны Народны камісарыят земляробства БССР. Вы былі членам рэспубліканскага савета па пытаннях развіцця аграпрамысловага комплексу пры Савеце Міністраў і мелі прапанову ўзначаліць Мінсельгасхарч, але не прынялi яе. Чаму?

— У першай палове дзевяностых гадоў ад старшыні Савета Міністраў Вячаслава Кебіча меў такую прапанову. Пачынаўся працэс адаптацыі да рынку. Прадугледжвалася стварыць роўныя ўмовы гаспадарання для дзяржаўных, кааператыўных і асабістых гаспадарак грамадзян. Ставілася пытанне прызнання права ўласнасці на вырабляемую прадукцыю за сельгаспрадпрыемствамі, права выбару форм яе рэалізацыі. Неабходна было стварыць умовы для фарміравання і развіцця фермерства. Не страх перад адказнасцю стрымаў мяне, а адчуванне, што на пасадзе міністра павінна быць больш спрактыкаваная асоба. Палічыў, што пасля вопытнага кіраўніка міністэрства, як Фёдар Мірачыцкі, шапка міністра не па мне. Памятаю, як узначальваў міністэрства мудры Гардзей Скарапанаў. Каб стаць паспяховым кіраўніком такога адказнага ведамства, трэба прайсці адпаведныя прыступкі. Таму застаўся працаваць у калгасе, які набіраў тэмпы.

— Акрамя працы ў гаспадарках, вы кіравалі гідрамеліярацыйным тэхнікумам, рэарганізаваным у каледж, а потым і Пінскім філіялам Белдзяржсельгасакадэміі. Ці ўсё правільна наладжана ў сістэме падрыхтоўкі кадраў?

—  Дзяржава марнатраўна траціць сродкі на падрыхтоўку спецыялістаў для сельскай гаспадаркі. Многае трэба мяняць у гэтай справе. Патрэбна не столькі спецыялістаў, колькі іх рыхтуюць навучальныя ўстановы. Ведаю, што ў еўрапейскіх краінах спецыяльнасці “заатэхнік” няма. Там праца ветурача і заатэхніка аб’яднана ў агульную прафесію жывёлавода. Калі ў гаспадарцы ўдалы загадчык фермы і ў паляводстве — брыгадзір, там і справа будзе ладзіцца. Неабходна падбіраць кандыдатаў у навучальныя ўстановы і аплачваць іх вучобу, заключаць працоўныя кантракты.

Мой унук Васіль пасля заканчэння Белдзяржсельгасакадэміі адпрацаваў у гаспадарцы і звольніўся з-за нізкага заробку. Цяпер стаіць ля станка на заводзе ў Польшчы. Мяне гэта бянтэжыць. Другі ўнук Максім атрымаў дыплом эколага ў Палескім дзяржаўным універсітэце і працуе спецыялістам у ААТ “Палескія журавіны”. Без любові да зямлі, без адчування яе няма чаго ісці ў сельскую гаспадарку.

— Васіль Маісеевіч, вось-вось пачнецца новы віток хлебаробскай працы. Вясна пакліча ў поле. Вашы пажаданні ўсім тым, хто працуе ў сельскай гаспадарцы?

— Нягледзячы на розныя складанасці, дзякуючы старанню працаўнікоў краіна забяспечана прадуктамі харчавання. Аптымізм унушаюць актыўныя меры дзяржавы, накіраваныя на забеспячэнне ўласнай харчовай базы і абарону айчыннага вытворцы сельгаспрадукцыі.

Вернемся да народнай прыкметы, якая сцвярджае: калі снежна на Вадохрышча, то ўраджайным будзе год. Але, каб мець поўныя засекі, трэба яшчэ і пастарацца. Плённай працы вам, хлебаробы!

subbat50@mail.ru

Пінскі раён

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter