Варыяцыі на тэму таленту

Жыццё майго знаёмага Колі Казакова падобна на айсберг...

Пошукі Мікалаем Казаковым свайго почырку ў дэкаратыўна-прыкладной творчасці

... Раптам мой суразмоўца падымаецца з крэсла і... становіцца на рукі, каб пераканаць мяне, што вось так, на руках ды ўніз галавою, ён можа хадзіць хоць паўгадзіны. Зарыпелі маснічаны, захадзіла хадуном мэбля, і, спалохаўшыся, каб не зайшоў ніхто чужы, я мусіў спыніць той эксперымент:

— Хопіць, веру!

Я і сапраўды верыў, што гэтаму дзевятнаццацігадоваму хлопцу ўсё пад сілу. Зрэшты, я ведаю Колю яшчэ з маленства. Худзенькі і высакаваты хлапчук меў выгляд зусім не асілка. У класе пятым-шостым хутчэй не ён, а яго маглі пакрыўдзіць, тым больш што Коля, як мне здавалася, быў даволі крыўдлівым дый па слёзы яму недалёка было хадзіць. Ды раптам даведаўся, што хлопец займаецца ўсходнімі адзінаборствамі ўжо не першы год. Вось табе і слабенькі! Паспрабуй пакрыўдзі такога!

Хутка я зразумеў, што жыццё майго знаёмага Колі Казакова падобна на айсберг і бачым мы толькі яго вяршыню. А што схавана «пад вадою», доўгі час заставалася толькі здагадвацца. Пасля школы ён паступіў у Віцебскі дзяржаўны тэхнала-гічны каледж, абраўшы факультэт дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Аднак і гэты факт сам па сабе яшчэ ні пра што не гаворыць. Ці мала моладзі асвойвае творчыя прафесіі накшталт гэтай. Не ў кожнага, аднак, роўнавялікія здольнасці, не кожнаму навучэнцу гэтых прэстыжных навучальных устаноў «свеціць» вя-лікая творчая будучыня. А летась, напрыканцы вясны, Казакоў стаў прызёрам на Віцебшчыне і паехаў на 6-ы рэспубліканскі фестываль дэкаратыўна-прыкладной творчасці «Беларускі выток», дзе ўвайшоў у пяцёрку лепшых майстроў. Уяўляеце, ён стаў адным з лепшых беларусаў у галіне мастацтва лозапляцення сярод моладзі. Поспех несумненны! Але Коля засмучаны: чаму не першы? І гэты юнацкі максімалізм — сведчанне яго незаспакоенасці і творчага пошуку.

 Будучыня ў Мікалая Казакова, можна не сумнявацца, будзе азорана яго талентам і працавітасцю. Каб толькі яму хапіла творчага настрою і непа-хіснасці перад цяжкасцямі, якія здараюцца ў жыцці кожнага чалавека. Вядома, што шанцуе не проста таленавітым, шанцуе мацнейшым.

Каледж стаў новым этапам творчага росту. Трапіўся вельмі добры куратар. Жанна Сяргееўна Арэхва выкладае мастацтва лозапляцення. Яна з тых апантаных людзей, якія не абмяжоўваюцца афіцыйна адведзеным раскладам заняткаў. Коля бегаў да яе ў майстэрню і вечарамі, праседжваў там дапазна. Хлопец на дзіва
хутка асвойваў сакрэты новага майстэрства. Вырабы з лазы ўпрыгожваюць кватэру Казаковых у Лепелі. Тут і рознага кшталту кошыкі, і люстры, і вазы, і нават крэсла-качалка. Шмат вырабаў юнага майстра ёсць і ў Віцебску.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter