9 мая отмечает свой день рождения ветеран ВОВ Леонид Цегельник. Завтра ему 95 лет!

Вартасці адной медаль за працу і за бой

Перад падворкам ветэрана вайны і працы Леаніда ЦАГЕЛЬНІКА ў любанскай вёсцы Жалы зазіхацеў зялёным аксамітам напоены цёплым майскім дажджом мурожны дыван. У палісадніку белай квеценню ахутаны каржакаваты абрыкос. Разгалістыя яблыні акружаюць пафарбаваны прасторны дом з чырвонаю зоркай і таблічкай з надпісам: «Тут жыве ветэран вайны і працы». Ускалыхнулі яны маю памяць. Страшэнная вайна забрала ў маіх бабулі і дзядулі сына-франтавіка Станіслава. 23-гадовым, ён навечна застаўся спачываць у зямлі ля венгерскага хутара Фельшэ, што ў прыгарадзе Будапешта. Майму бацьку Паўлу Савічу, які ў тым баі быў з ім у адным акопе, пашчасціла выжыць. Пасля вайны да апошняга дня бацька працаваў на зямлі: вырошчваў хлеб, касіў травы, упраўляўся па хатняй гаспадарцы. Як памяць пра франтавое мінулае засталіся на бацькоўскім доме чырвоная зорачка і таблічка ветэрана вайны і працы.


У Любанскім раёне сёлетняе свята Перамогі сустракаюць шэсць удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Адзін з іх мой сённяшні герой. Сустрэліся з ім на акуратна прыбраным ганку. Каранасты, з загарэлым тварам гаспадар гасцінна запрасіў у дом. Праз светлыя сенцы і кухню прайшлі ў вялікі пакой на чатыры акны. На падаконніках з невялікіх скрынак выглядалі парасткі расады. Паміж вокнамі над канапай — фабрычны дыван з вытканым вобразам Ісуса Хрыста. Каля покуці — галерэя сямейных фотапартрэтаў.

— Са мною тут уся мая сям’я, — бадзёра адрапартаваў Леанід Аляксеевіч. — Жонка Аляксандра Мартынаўна да выхаду на пенсію саўгасных кароў даіла. За чатыры дзесяцігоддзі я змяніў некалькі трактароў. Пачынаў з першага савецкага гусенічнага СТЗ-3. Яго называлі «націкам». Самастойна авалодаў кіраваннем. Потым перасеў на МТЗ. Рыхтаваў пад сяўбу тарфянікі. Наша гаспадарка пабудавана на былых балотах, што абступаюць з двух бакоў раку Арэсу. Пайшоў на заслужаны адпачынак, але не змог без справы. Яшчэ пяць гадоў працаваў на трактары. А сыноў вось тэхніка не зацікавіла.

Старэйшы сын Валерый пасля атрымання спецыяльнасці механіка ажаніўся і жыў у сталіцы. Дзевяць гадоў таму яго не стала. Малодшыя Іван і Віктар, скончыўшы школу, засталіся ў саўгасе. Іван працаваў паляводам і ўжо на заслужаным адпачынку. Віктар — слесар на жывёлагадоўчым комплексе «Сосны». Дочкі Галіна і Валянціна паехалі вучыцца, займелі сем’і. Родны парог не забываюць. Дружна агарод засяваем, сад разам даглядаем. Дванаццаць гадоў таму я аўдавеў. А потым і старэйшая дачка Галіна пахавала мужа. Гарадскую кватэру ў Светлагорску пакінула дзецям і вярнулася да мяне. Разам нам весялей. Завялі курачак. На падворку і ў агародзе падтрымліваем парадак.

Наш пасёлак Жалы невялікі. Гісторыя яго пачынаецца з даваеннага засваення асушаных любанскіх балот. На абноўленых землях у 1930-я гады ўтвораны саўгас. Моладзь ехала сюды працаваць. І мае бацькі пераехалі з суседняга Акцябрскага раёна. Не паспелі атабарыцца, як пачалася вайна.

— Дзе яна вашу сям’ю застала?

— Жылі мы ў невялікай драўлянай хатцы ў Жалах. У нашым пасёлку дызельная ўстаноўка вырабляла электраэнергію. У дамах было радыё. Назаўсёды асеў у памяці той момант, як мы ўсёй сям’ёю прыпалі да прыёмніка, слухаючы паведамленне пра вераломнае нападзенне фашысцкай Германіі. Мне толькі пятнаццаць гадоў споўнілася. Памятаю, як на лузе пасвіў саўгасны статак і бачыў, як па бальшаку спешна адступалі нашы войскі. У небе часта несліся на ўсход варожыя самалёты. На пачатку ліпеня крочыла нямецкая кавалерыя з Соснаў праз наш пасёлак. Акупанты ўзламалі дзверы ў саўгасным свіране і забралі авёс.

Не пакінуў кіраўніцтва саўгасам «Жалы» тагачасны дырэктар Аляксандр Калганаў. Неўзабаве з Любанскага райкама партыі паступіў загад арганізоўваць супраціўленне ворагу. Да восені ў наваколлі ўтварылася партызанская зона. У суседняй вёсцы Старасек пачаў дзейнічаць штаб. Колькі настрою нам прыдала вестка, што ў Любані 7 лістапада народныя мсціўцы разграмілі варожы гарнізон! Да канца першага года вайны створана Любанская партызанская зона з цэнтрам на акружаным з усіх бакоў балотамі востраве Зыслаў.

— Леанід Аляксеевіч, як вы трапілі ў атрад народных мсціўцаў?

— На пачатку вайны майго бацьку па ўзросце не мабілізавалі. А мне не хапіла гадоў, каб адправіцца на фронт. Вясною 1942-га з сябрамі Канстанцінам Бедзікам, Ігнатам Зданевічам і Антонам Нячаем прабраліся ў атрад імя І. В. Сацько. У той час азвярэлыя фашысты пачалі аперацыю пад кодавай назвай «Бамберг». У ёй удзельнічалі артылерыйскія і пяхотныя варожыя палкі, паліцаі, кавалерыйскі эскадрон і авіяэскадрылля. Карацелі заблакіравалі партызанскую зону, а потым пачалі наступленне праз любанскія вёскі Ямінск, Сялец, Загалле. Ворагі дашчэнту спалілі вёскі Савалуцк, Полачная, Ямінск.

Камандзір атрада Пётр Конанавіч Кукарэка адправіў нас з іншымі байцамі на першае заданне. Групай у трыццаць партызан накіраваліся да вёскі Гарадзячыцы, дзе базіраваліся акупанты, каб удакладніць, дзе размешчаны варожыя падраздзяленні. Паўзком як мага бліжэй падабраўся, каб пералічыць колькасць ваеннай тэхнікі. Як потым высветлілася, за мною сачыў варожы снайпер. І як толькі выдаўся момант, ён выстраліў. Разрыўная куля трапіла ў спіну. Ад болю згубіў прытомнасць. Баявыя сябры падхапілі мяне і даставілі ў партызанскі атрад. У той аперацыі больш ніхто з групы не пацярпеў. Ноччу мяне пераправілі ў партызанскі шпіталь на востраў Зыслаў, каб адправіць на лячэнне за лінію фронту. Як сцямнела, над востравам з’явіўся самалёт, але прызямліцца не змог. Як толькі ён зніжаўся, фашысты бесперапынна яго абстрэльвалі. Самалёт скінуў груз і паляцеў назад.

— Як вам удалося вылечыцца ад цяжкага ранення?

— На востраве Зыслаў ад мяне не адыходзіла старэйшая сястра Варвара. Больш як месяц травянымі адварамі і мачою прачышчала глыбокую рваную рану. Можна сказаць, з таго свету вярнула мяне ў баявы строй. Праз дзесяцігоддзі і сёння балюча ўзгадваць, як азвярэлыя нелюдзі ў 1943 годзе за сувязь з партызанамі расстралялі маіх сястру Варвару і брата Сяргея.

З большай нянавісцю помсціў ворагу за забітых родных. З баявымі сябрамі праз балоты дабіраліся за дзясяткі кіламетраў да чыгункі Жыткавічы — Калінкавічы. Пускалі пад адхон варожыя эшалоны, якія кіраваліся на фронт.

Да дробязей памятае Леанід Аляксеевіч перажытыя за вайну эпізоды. З партызанскага атрада пад покрывам ночы прабіраўся да бацькоўскага дома. Маці пякла боханы хлеба і перадавала ў атрад. Вяскоўцы харчаваннем, вопраткай падтрымлівалі народных мсціўцаў. Партызаны ўстройвалі аблавы на варожыя гарнізоны. Фашысты лютавалі. Назаўсёды застаўся ў памяці момант, калі ашалелыя акупанты ўварваліся ў пасёлак Жалы і сагналі ўсіх мужчын. Сталі дапытвацца, дзе стаянка народных мсціўцаў. Вяскоўцы маўчалі. Кожнага дзясятага мужчыну вывелі і расстралялі. Як звечарэла, бацька Леаніда Цагельніка агародамі пакрочыў да мясцовага цесляра Радамана, каб дамовіцца збіць дамавіны для трох забітых карнікамі аднавяскоўцаў. Здалёк пачуў нямецкую гаворку. Кінуўся хутчэй дамоў: у хляве на сене сабраліся начаваць некалькі партызан. Паспеў іх папярэдзіць. Байцы хуценька пад покрывам цемры праз агарод сышлі ў лес.

Радасная ўсмешка мільганула на твары ветэрана, калі ён узгадаў пра сустрэчу з воінамі-вызваліцелямі летам 1944 года каля любанскай вёскі Калінаўкі. Партызанская разведка загадзя паведаміла: пасля паспяховага завяршэння баявой аперацыі «Бабруйскі кацёл» вораг бегла адступае на захад. Народныя мсціўцы зладзілі ўрачыстую сустрэчу з франтавікамі. Штодня па радыё паведамлялі аб чарговым вызваленні савецкіх гарадоў ад нямецка-фашысцкіх акупантаў.

Партызан Леанід Цагельнік крочыў і франтавымі шляхамі-дарогамі. Ваенную службу пачаў у вучэбцы непадалёку ад Смаленска. Два тыдні засвойваў кулямёт «максім». Камандзірам кулямёта ў складзе 221-га стралковага палка 128-й арміі 3-га Беларускага фронту адправіўся з навабранцамі на захад. Прымаў удзел у вызваленні Усходняй Прусіі, горада Кёнігсберга. У баях радавому кулямётчыку неаднойчы даводзілася рызыкаваць жыццём. Быў двойчы паранены. Пасля цяжкага ранення на пачатку 1945 года ў баі непадалёку ад нямецкага горада Гумбінена (зараз — Гусеў) маладога байца Леаніда Цагельніка адправілі ў вільнюскі ваенны шпіталь. Моцна параненая нага не зажывала. Амаль два месяцы правёў у ваенных шпіталях Гродна і Брэста. Пасля лячэння стаў курсантам ваенна-артылерыйскага вучылішча. Там і сустрэў радасную вестку пра перамогу над нямецка-фашысцкай Германіяй.

Курсантаў вучылішча эшалонам адправілі на Далёкі Усход. Маладых вайскоўцаў урачыста сустракалі ў Камсамольску-на-Амуры. Служыць давялося на Калыме, Сахаліне і курыльскім востраве Урум. Дамоў, у любанскі пасёлак Жалы, вярнуўся на пачатку 1951 года. Бацькі радаваліся вяртанню сына. У пасляваенным саўгасе не хапала працоўных рук. Сеў за стырно гусенічнага трактара. Навакольныя вёскі толькі ажывалі пасля страшэннай вайны. Людзі з зямлянак перасяляліся ў адбудаваныя хаты. Па ініцыятыве моладзі ў Жалах паўстаў сельскі клуб. Там франтавік сустрэў саўгасную даярку Аляксандру. Згулялі вяселле. Пабудавалі ўласны дом. Вакол яго малады гаспадар пасадзіў сад, які дагэтуль кожную вясну буйна зацвітае. 

Пад шатамі квітнеючых яблынь 9 мая збяруцца родныя і сябры Леаніда Аляксеевіча Цагельніка, каб павіншаваць яго з вялікім святам Перамогі і 95-годдзем. Парадны касцюм юбіляра ўпрыгожваюць ордэн Айчыннай вайны II ступені, медалі «За перамогу над Германіяй», «За ўзяцце Кёнігсберга», шматлікія юбілейныя і працоўныя медалі. Трапна сказана: вартасці адной медаль за працу і за бой. Няхай доўжыцца век слыннага ваяра і хлебароба!

Любанскі раён.

Фота аўтара і з сямейнага архіва Леаніда Аляксеевіча ЦАГЕЛЬНІКА.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter