«Варта нарадзіцца ўрачом»

ПРЫЕМНА весці гутарку з асобай, якая са шчырай усмешкай на твары кажа: «Я — шчаслівы чалавек! Жыццё ўдалося!». Адразу ж адчуваеш наплыў станоўчых эмоцый. З кагорты людзей, якія асабістым прыкладам заражаюць жыццёвым аптымізмам і ўпэўненасцю, што ўсё будзе добра, — педыятр Кіраўскай цэнтральнай раённай бальніцы, што на Магілёўшчыне, Таццяна КАВАЛЕЎСКАЯ. 34 гады Таццяна Васільеўна ў прафесіі і большую частку з іх узначальвала дзіцячае аддзяленне райбальніцы. За адказнае самаадданае стаўленне да сваёй высакароднай справы летась жанчына атрымала медаль «За працоўныя заслугі».

Дзіцячы доктар з Кіраўска Таццяна КАВАЛЕЎСКАЯ — пра ўласны выбар, бяссонныя ночы ў бальніцы, мацярынскі інстынкт, цярпенне і невыпадковасць у прафесіі медыка.

ПРЫЕМНА весці гутарку з асобай, якая са шчырай усмешкай на твары кажа: «Я — шчаслівы чалавек! Жыццё ўдалося!». Адразу ж адчуваеш наплыў станоўчых эмоцый. З кагорты людзей, якія асабістым прыкладам заражаюць жыццёвым аптымізмам і ўпэўненасцю, што ўсё будзе добра, — педыятр Кіраўскай цэнтральнай раённай бальніцы, што на Магілёўшчыне, Таццяна КАВАЛЕЎСКАЯ. 34 гады Таццяна Васільеўна ў прафесіі і большую частку з іх узначальвала дзіцячае аддзяленне райбальніцы. За адказнае самаадданае стаўленне да сваёй высакароднай справы летась жанчына атрымала медаль «За працоўныя заслугі».

— Таццяна Васільеўна, раскажыце, калі ласка, што стала падставай пры выбары прафесіі: чаму менавіта ўрач, менавіта дзіцячы?

— У нашай сям’і было трое дзяцей, я — сярэдняя. Вельмі любіла свайго старэйшага брата, які, на жаль, хварэў на сухоты. Гэты не вельмі прыемны факт і стаў падставай для выбару маёй будучай прафесіі. Дапамагала бацькам даглядаць хворага брата, разам з ім наведвала бальніцы, заўсёды думала: калі вырасту, абавязкова стану ўрачом і вылечу ўсіх дзетак, каб яны не хварэлі і ніколі не плакалі.

Пасля заканчэння школы пытання, куды пайсці вучыцца, нават і не ўзнікала. На педыятрычны факультэт Мінскага медыцынскага інстытута паступіла з другой спробы. Вучыцца было складана, аднак прытрымліваюся думкі: калі табе штосьці падабаецца ў жыцці, то заўсёды знойдзеш у сабе сілы гэтым займацца, пры такой умове цяжкасцей практычна не заўважаеш. Наогул, студэнцкія гады, мабыць, для большасці людзей — самыя цікавыя і насычаныя. У нас была добрая група. Рабяты ў асноўным сталыя, дзяўчаты — пасля медвучылішчаў, юнакі — пасля арміі, таму і займаліся з вялікім жаданнем і цвёрдым веданнем, чаго хочуць ад жыцця.

Цікава, што пры размеркаванні на першыя рабочыя месцы моладзь майго пакалення не імкнулася “трапіць” у вялікі горад, як цяперашнія юнакі і дзяўчаты. Нам было ўсё роўна, дзе працаваць, апаноўвала адна думка: хутчэй пачаць прымяняць на практыцы набытыя веды і дапамагаць дзеткам.

Кіраўск абрала таму, што знаходзіцца ён недалёка ад маёй малой радзімы — вёскі Юр’ева Бабруйскага раёна.

— А ці памятаеце свой першы рабочы дзень?

— Першы рабочы дзень не памятаю, а вось першыя некалькі год — яшчэ як! На працу ў Кіраўскую райбальніцу выйшла на месяц раней вызначанага тэрміну, бо на той час, а гэта быў 1977 год, тут не было ніводнага педыятра. Работы было шмат: наведаць нованароджаных і іх матуль у радзільным доме, абысці маленькіх пацыентаў дзіцячага аддзялення, разлічанага на 45 ложкаў, правесці прыём, абслужыць вызавы — і ўсё гэта на плечы аднаго чалавека! Даводзілася і двое, і трое сутак начаваць у аддзяленні. Ну, нічога, спраўлялася. Столькі было энергіі, столькі фізічных і душэўных сіл...

— На мой погляд, з хворым чалавекам даволі цяжка знайсці агульную мову, а калі гэта дзіця, здаецца, — тым больш! Са свайго дзяцінства памятаю, як страшна было ісці да ўрача. Як вы навучыліся знаходзіць падыход да сваіх маленькіх пацыентаў?

— Ведаеце, мне здаецца, малых, наадварот, лячыць значна лягчэй, чым дарослых. Дзіця — гэта такая цудоўная істота, якая ніколі не ашукае, не будзе прыкідвацца… Маленькі чалавечак такі, які ёсць. Аднак у адрозненні ад дарослых у дзяцей сімптомы хвароб маюць сваю спецыфіку. Але ж разбірацца ў ёй, па-першае, вучаць у медустановах, а па-другое, дапамагае практычны вопыт. Зараз, напрыклад, я, убачыўшы маленькага пацыента на парозе свайго кабінета, адразу заўважаю, ці ў яго пнеўманія, ці праблемы з сардэчкам і іншае. Гэта прыходзіць толькі з вопытам. У нашай прафесіі, дарэчы, як і ў кожнай, калі вельмі жадаеш, то ўсяму навучышся. Для кожнага дзіцяці трэба знаходзіць падыход. Напрыклад, у маім рабочым кабінеце заўсёды шмат цацак, яны адцягваюць увагу малышоў, а я за гэты час іх паслухаю. З маленькімі пацыентамі мне працаваць заўсёды цікава і лёгка.

— А з іх бацькамі?

— Вось тут часам узнікаюць перашкоды. Сапраўды, у прафесіі педыятра, мабыць, цяжкасці выклікаюць зносіны не з дзецьмі, а з іх мамамі і татамі. Не ўсе бацькі добра разумеюць, што карысна для іх дзяцей, а што — не. Аднак з вопытам умееш знаходзіць падыход і да дзяцей, і да іх бацькоў!

— Таццяна Васільеўна, за 34 гады працы праз вашы клапатлівыя рукі прайшло не адно пакаленне жыхароў Кіраўшчыны. Напэўна, былыя пацыенты прыводзяць да вас ужо сваіх сыночкаў і дачушак. На ваш погляд, ці мяняецца характар дзяцей, калі яны вырастаюць і самі становяцца бацькамі, і ці перадаюцца рысы характару бацькоў іх дзецям?

— Часам характар застаецца такім жа, а часам і сапраўды мяняецца. Лячыўся ў мяне хлопчык — задзіра, хуліган, здавалася, нічога добрага з яго ў будучым не атрымаецца. А зараз ён вырас, ажаніўся, добры сем’янін, клапатлівы бацька, нават душа за яго радуецца! А ў дзецях, безумоўна, адлюстроўваецца характар іх бацькоў. Калі паназіраць за сем’ямі, заўважаеш: як паводзяць сябе бацькі, так і малыя. Да дзяцей заўсёды трэба ставіцца не толькі з любоўю, але і з павагай і ўвагай. Яны гэта востра адчуваюць. Здараецца, пакладуць малога на лячэнне, бацькі пакінуць яго на тыдзень і нават не наведваюць, а іншыя ж побач з дзіцячым ложачкам — днямі і начамі.

— А ці шмат зараз выпадкаў, калі маці, як зязюлі, кідаюць сваіх дзетак?

— Раней такіх выпадкаў было больш. Аднак, лічу, радавацца асабліва не трэба. Малышоў мы самі забіраем у бацькоў, каб выратаваць здароўе і жыццё. Многія з нядбайных матуль плачуць, просяць, каб вярнулі сына ці дачку, але, як ні жахліва, не з-за таго, што шкадуюць іх, а з-за дзяржаўнай дапамогі на дзіця, на якую часам жыве ўся сям’я...

— Як вы лічыце, чаму ў некаторых жанчын знікае мацярынскі інстынкт, чаму яны прымушаюць пакутаваць сваіх крывіначак?

— Мабыць, такія жанчыны ў дзяцінстве самі не атрымалі неабходных мацярынскай пяшчоты і бацькоўскага клопату. Іх не навучылі любіць, даглядаць, шкадаваць, шанаваць, берагчы адзін аднаго. Аднак разумным выхаваннем можна выправіць многія памылкі. На маю думку, усё ж такі ў нашай краіне пакуль недастаткова ўвагі надаецца ўдасканаленню інстытута сям’і. Магчыма, у навучальных установах трэба ўвесці такія заняткі: як павінны паводзіць сябе муж з жонкай, бацькі з дзецьмі і гэтак далей. Але ж асноўнае павінна закладвацца ў сем’ях. Сваім асабістым прыкладам бацькам трэба паказваць дзецям, як сябе паводзіць.

— Таццяна Васільеўна, чатыры гады таму вы выйшлі на заслужаны адпачынак, але ж працягваеце працаваць, лячыць дзетак. Дзе ж вы знаходзілі раней і знаходзіце зараз час і столькі фізічных і душэўных сіл?

— Мне пашанцавала з мужам! Уладзімір Васільевіч, дарэчы, ён таксама медык, працаваў тэрапеўтам, заўсёды мяне разумеў і падтрымліваў. Надзейны спадарожнік для жанчыны — вялізная ўдача ў жыцці. У мяне вельмі добрая сям’я. У нас двое дзяцей, сын Аляксандр пайшоў па нашым з мужам прафесійным шляху — таксама ўрач, працуе ў Германіі. А дачка Кацярына — бухгалтарам у адным з прадпрыемстваў Кіраўска. Акрамя таго, я яшчэ і багатая бабуля: дзве ўнучкі і двое ўнукаў! Лічу сябе шчаслівай жонкай, маці і бабуляй. А яшчэ я шчаслівая ад таго, што маю любімую работу. Шмат было цяжкасцей раней, ды і зараз яны бокам не абыходзяць, але ж, калі б выпаў шанец пачаць жыццё зноў, нічога б не змяніла! Мая работа — гэта маё жыццё. Калі маеш любімую работу, цікава жыць, тады нават памер зарплаты не мае асаблівага значэння.

— Калі гутарка зайшла аб вашым стаўленні да работы, скажыце, калі ласка, якімі якасцямі трэба валодаць, каб стаць медыцынскім работнікам?

— Перш за ўсё варта нарадзіцца ўрачом. У нашай прафесіі не можа быць выпадковых людзей. Многія кідаюць медыцыну і пачынаюць асвойваць іншыя прафесіі. Лічу, што яны правільна робяць, бо калі не адчуваеш унутранага патэнцыялу займаццца менавіта гэтай справай, нічога не атрымаецца. А самае важнае для медыцынскага работніка — валодаць цярпеннем. Вядома, трэба ўмець суперажываць, падтрымліваць, дарыць дабрыню і цеплыню, аднак галоўнае — цярпенне, цярпенне і яшчэ раз цярпенне.

— Дзякуй,     Таццяна      Васільеўна, за цікавую гутарку і высакародную справу. Ваш высокі прафесіяналізм, добрае стаўленне і жаночую пяшчоту адчула на сабе, бо некалі мы з братам таксама былі вашымі маленькімі пацыентамі...

Яўгенія КАРАНКЕВІЧ

г. Кіраўск

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter