Началась реставрация 12 казематов и Южных ворот Брестской крепости

Вароты ў мінулае

На тэрыторыі Брэсцкай крэпасці пачаліся працы па рэканструкцыі: таму сведчаннем будаўнічыя рыштаванні, бетонамяшалка, мяшкі з цэментам, акуратныя стосы старой цэглы. Жаночы Свята-Раства-Багародзіцы манастыр, размешчаны на тэрыторыі Валынскага ўмацавання Брэсцкай крэпасці, якое называюць яшчэ Шпітальным ці Паўднёвым востравам, прыступіў да рэканструкцыі 12 казематаў і Паўднёвай брамы (яна ж – Мікалаеўская). Карэспандэнт «Р» даведалася, што будзе там, дзе ў 1941-м ішлі баі на подступах да горада, а заадно пацікавілася, ці не замкнуць Паўднёвую браму. 


Водгукі вайны

– Калі манастыру была перададзена гэтая частка крапасных памяшканняў? – цікаўлюся ў ігуменні манастыра Аляксандры (Жарын). 

Матушка ўспамінае, што перадача адбылася яшчэ да з’яўлення Свята-Раства-Багародзіцкага манастыра:

– Яшчэ ў 1990-я частка тэрыторыі з крапаснымі будынкамі на Шпітальным востраве была перададзена Свята-Мікалаеўскай гарнізоннай царкве. Калі Брэсцкую і Кобрынскую епархію ўзначаліў Уладыка Сафроній (Юшчук), настаяцель гарнізоннага храма айцец Ігар (Умец) паскардзіўся, што казармы і казематы аддалі, а займацца імі няма калі. Як быць? Уладыка нагадаў, што гістарычна, да будаўніцтва крэпасці, на той тэрыторыі стаяў праваслаўны манастыр. Чаму б не адрадзіць? Мужчынскі ў епархіі ёсць – значыць, трэба жаночы. Паехалі мы глядзець памяшканні. Разруха, на даху бярозкі растуць. 

Манастыроў да будаўніцтва крэпасці ў старым Бярэсці было шмат. У 1836 годзе той самы Свята-Сімяонаўскі манастыр, дзе ігуменам быў прападобнамучанік Афанасій Брэсцкі, закрылі (як і многія іншыя храмы). На балоцістых берагах Мухаўца і Заходняга Буга пабудавалі Валынскае ўмацаванне – самае маленькае з перадмостных умацаванняў крэпасці. 

Ігумення Аляксандра паказвае мне, дзе быў праваслаўны мужчынскі манастыр. Сучасны жаночы займае частку той тэрыторыі. 

Тут будуць трапезная і гаспардарчыя памяшканні.

Добраўпарадкоўваць Свята-Раства-Багародзіцкі манастыр пачалі ў пачатку 2000-х. У каземаціраваным рэдзюіце VIII бастыёна крэпасці, напаўраз­буранай, разрабаванай. Падобныя казармы да Вялікай Айчыннай стаялі ў кожным бастыёне крэпасці, але ацалела толькі гэтая адна. Знешняя сцяна мае таўшчыню 1,5 метра і абсталяваная байніцамі. У 1941 годзе тут знаходзілася палкавая школа 84-га стралковага палка. 

Вайна, дарэчы, спачатку нагадвала пра сябе насельніцам манастыра. Як толькі сёстры ўладкаваліся на новым месцы, пачаліся невытлумачальныя з’явы. Ноччу ў калідоры яны чулі неразборлівыя словы, грукі, крокі. Неяк у келлі ігуменні нечакана расчыніліся незамкнёныя дзверы, і пачуўся гулкі стук ботаў. 

Цяпер матушка Аляксандра ўспамінае пра гэта з усмешкай, а тады было нават страшна. Усё перапынілася, калі па блаславенні епіскапа Брэсцкага і Кобрынскага Сафронія яны завочна адпелі ўсіх, хто тут загінуў.

Па правілах рэстаўрацыйнага мастацтва

Сёння ў былой крапасной казарме – келлі, трапезная, просвірная, створаны майстэрні (золатавышывальная, швейная, іканапісная, свечачная вытворчасць), бібліятэка, царкоўная крама, добраўпарадкавана прылеглая тэрыторыя.

Дамавы Калядны храм, які займае былы «ленінскі пакой» казармы, не ўмяшчае ўсіх жадаючых памаліцца ў манастыры, таму на манастырскай тэрыторыі ў 2011 годзе пабудавалі летні храм. 

Тут пакуль аўтамайстэрні, працы будзе многа.

Ёсць неабходнасць у трапезнай для паломнікаў. Патрэбны яшчэ гаспадарчыя памяшканні. Увогуле, прыйшоў час узяцца за рэстаўрацыю казематаў, якія былі задзейнічаны часткова.

– Рэстаўрацыя – вельмі дарагая забава. Самае складанае – знайсці цэглу. Патрэбна старая, гістарычная. Яна па памеры, па характарыстыках адрозніваецца ад сённяшняй. Частку нядаўна прывезлі з Гомеля: разбіралі стары будынак, дык нам аддалі. У Брэсце зносяць склады, якія калісьці будаваліся з цэглы Брэсцкай крэпасці – нам аддаюць яе. Паволі ідзём наперад дзякуючы ахвяраванням. Спачатку над казематамі знялі пласт зямлі з дрэвамі: карані разбуралі цэглу, прадзіраючыся ўнутр. Зацякала вада, руйнуючы сцены. Увесну страшна было глядзець. Зверху на дахах казематаў было шмат цэглы пасляваеннай – мабыць, казематы моцна пацярпелі ў вайну, а потым савецкія вайскоўцы рамантавалі як маглі. Мы прыбіраем тую цэглу, мяняем на гістарычную, аднавілі ўжо выцяжку – коміны. Браму, вокны – усё робім па правілах рэстаўрацыйнага мастацтва. Навуковым кіраўніком праекта з’яўляецца Уладзімір Казакоў, дырэктар філіяла «Брэстрэстаўрацыяпраект», – матушка Аляксандра запрашае паглядзець, як выглядаюць казематы зараз. 

Памяшканні вялікія, прасторныя, са скляпеністымі столямі. Адно выкарыстоўваецца пад сховішча для агародніны, у другім захоўваюцца закаткі, у трэцім – часовая трапезная, у чацвёртым – гараж, сталярная майстэрня. 

– Да лета трапезная будзе акультурана, а вось сказаць, калі скончым работы, не магу, – папярэджвае маё пытанне ігумення Аляксандра. 

Па левым баку ад Паўднёвай брамы будзе нядзельная школа.

Тут з’явіцца нядзельная школа

Цікаўлюся, што будзе з Паўд­нёвай брамай (калісьці даўным-даўно яна была са створкамі). Ігумення кажа, што вяртаць створкі на браму і тым больш вешаць замок ніхто не будзе:

– Паступова, паціху прывядзём іх у парадак. А ў бакавым памяшканні з байніцамі, якое прымыкае да брамы, з’явіцца нядзельная школа.

Калі па правую руку ад брамы на выездзе з крэпасці – манастыр і падсобныя памяшканні манастыра, казематы, дзе цяпер актыўна вядуцца работы, то па левую пакуль гаспадараць арэндатары – аўтамайстэрня. Дастаткова аднаго погляду, каб убачыць, што зроблена і які аб’ём работ наперадзе. Акрамя таго, побач з казематамі будзе здымацца насыпны пласт зямлі – да гістарычнага ўзроўню. Ігумення Аляксандра звяртае маю ўвагу на тры ўчасткі з дошкамі замест пліткі перад уваходам у галоўны корпус манастыра. Гэта месца раскопак, якія прайшлі летам. 

– Калі мы добраўпарадкоўвалі тэрыторыю, знайшлі фундамент – перад казармай быў парахавы склеп. Міністэрства культуры ў адказ на нашы просьбы аб пашырэнні дазволіла аднавіць гістарычны будынак, які быў аднапавярховым і трохвугольным.

kozlovich@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter