Варажыць на вянку

У структуры пераважнай большасці рытуальна-абрадавых комплексаў прыкметнае месца займаюць варожбы моладзі аб сваёй далейшай долі. Звычайна гэта бывае ў дні зімовага і летняга сонцастаянняў або веснавога і асенняга раўнадзенстваў, г. зн. у дні своеасаблівых часавых разрываў, якія распачыналі новы сегмент каляндарнага колазвароту. Значна радзей моладзь варажыла ў іншыя святы, асабліва ў тыя, якія мелі пераходны характар. Прычым па форме і методыцы правядзення варожбы былі даволі разнастайныя. Напрыклад, сітуацыйна-рэчавыя: узяць бярэмя дроў і палічыць колькасць паленцаў; кінуць камень у ваду і слухаць, з якім шумам ён упадзе; у цемры ў лазні памацаць сцяну: калі рука натрапіць на мох, то суджаны будзе багаты (валахаты, маладых таму і садзілі на кажух, каб былі багатымі, у тым ліку і на дзяцей).

У якасці аб’екта варажбы мог стаць галоўны атрыбут  таго ці іншага свята. Калі дым ад патушанай свечкі на восеньскія Дзяды будзе віцца ўгору або пацягне ў чырвоны кут, то, лічылася, сям’я на працягу наступнага года  застанецца  ў  поўным складзе, калі ж дым пацягнецца да дзвярэй — гэта прадказвала няшчасце з адным з дамачадцаў.
Нягледзячы на тое, што Тройца — рухомае свята, прычым у даволі шырокім часавым дыяпазоне, усё роўна з ёю таксама былі звязаны  варожбы дзяўчат. Галоўным атрыбутам іх, безумоўна, з’яўляліся сплеценыя вянкі.
Дзяўчаты завівалі вянкі, а праз  тыдзень  прыходзілі  і  гля-дзелі,  у  якім  стане  яны  знахо-дзяцца: “Пара — малец і дзеўка, напрімер. Загадыець дзеўка: ці выйду я замуж за сужанага свайго? Ідзець дзяўчына к бярёзке, завіваець яе і гаворіць: “Суженый, ряженый, еслі мая судзьба с табой сыйсцісь, то пусць эта звязанае астанецца, а еслі мы разыйдземася, пусць эці ветачкі разыйдуцца”.
Другі варыянт варажбы быў у большай ступені звязаны з купальскімі святкаваннямі. Дзяўчаты плялі як мінімум два вянкі (на сябе і на свайго хлопца), а маглі і болей, калі хацелі паваражыць адразу на некалькі чалавек. Важная акалічнасць: спачатку кожны вянок дзяўчына надзявала сабе на галаву, а потым ішла да вады (рэчкі, возера, сажалкі) і пускала на яе.  Вянкі вілі дзеўкі на Тройцу і пушчалі ў сажалку. Вілі на сябе і на мальцаў, за каго ўжо хацела дзеўка пайсці замуж. А назаўтра ішлі і глядзелі, куды вянок прыплыў, да “вянка” якога мальца. Загадвалі не аднаго мальца, а на двух, трох і пазначалі кожны вянок”. Пры гэтым прытрымліваліся абавязковага правіла, характэрнага для пераважнай большасці варожбаў: як толькі вянок апусцяць на ваду, дзяўчаты збіраліся і ішлі дадому, па дарозе ні з кім не гаварылі.

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter