Як адаб'ецца багаты ўраджай буракоў на “цукровыя” цэны ў крамах

Варажба на пяску

У краiне пачалася перапрацоўка буракоў новага ўраджаю, але цукровым камбiнатам зусiм не салодка: аналітыкі прагназуюць iм рэкордную перавытворчасць. Карэспандэнт шукала адказ на пытанне: якімі бу дуць цэны на салодкі пясок у блiжэйшай будучыні?

Цукрыстасць буракоў сёлета ніжэй, чым у мінулым годзе.
Фота Юрыя МАЗАЛЕЎСКАГА

Халоднае лета 2017-га

Халодная вясна гэтага года вельмi напалохала тых, хто вырошчвае цукровыя буракі. Нізкія тэмпературы ў красавіку — маі не абяцалі нічога добрага. Дырэктар Доследнай навуковай станцыі па цукровых бураках Іосіф Татур успамінае: надвор'е сур'ёзна адбілася на старце будучага ўраджаю. Адставанне па дынаміцы аграрыі назіралі амаль паўтара месяца. Выраўнавалася сітуацыя толькі ў другой палове жніўня, калі маса караняплодаў дасягнула леташняга значэння. Сёння цукровыя заводы ўжо перапрацоўваюць новы ўраджай.

Традыцыйная праблема нашай цукровай перапрацоўкі — недахоп магутнасцей. Ідэальны тэхрэгламент для буракоў — 100 дзён. Калі тэрміны расцягваюцца, чыстая вага атрыманага цукру з тоны прыкметна зніжаецца. Часам бывае так, што заводы вымушаны перапрацоўваць ураджай у студзені—лютым, а гэта пагражае стратамі. Менавіта таму перапрацоўшчыкі заўсёды рашаюць дылему: пачакаць, пакуль буракі набяруць цукрыстасці, або ўкласціся ў тэрміны перапрацоўкі. Вось ужо дзесяць гадоў камбінаты выбіраюць другі варыянт, таму ўборку караняплодаў гаспадаркі распачынаюць не 20 верасня, а ў самым пачатку месяца. Хаця менавіта ў першую дэкаду буракі могуць набіраць да 1% цукрыстасці і да 10% масы. Уборка збожжавых, якая ў гэтым годзе пачалася пазней, супала з пачаткам работ на палях з бураком. Паводле слоў Іосіфа Татура, можна было б пачакаць са стартам, пакінуўшы караняплоды на палях, але ўраджай спее добры і перапрацоўку неабходна ўжо пачынаць:

— Інтэнсіўны рост бурачнiку ў гэтым годзе прывёў да таго, што цукрыстасць знізілася: за першую дэкаду верасня паказчык практычна не павялічыўся. Зараз мы атрымліваем яе на ўзроўні 14,8—15,3%. Гэта менш, чым у мінулым годзе. У цэлым мы спадзяёмся сабраць каля 4,6 мільёна тон буракоў.

Цукровыя камбінаты краіны пачалі перапрацоўку буракоў новага ўраджаю.
Фота Паўла ЧУЙКО

Салодкiя цэны

Намеснік дырэктара па сыравіне Слуцкага цукроварафінаднага камбіната Адам Данілевіч успамінае, што ў мінулым сезоне гаспадаркі раёна атрымалі рэкордную цукрыстасць буракоў у краіне — 17,8%. Зараз лічба тут ніжэй — 16,24%, але гэта таксама нядрэнны вынік. На камбінаце не хаваюць, што з-за неспрыяльнага надвор'я чакалі больш нізкага выніку. На канец мінулай пятніцы ў Слуцку ўжо перапрацавалі 11,3 тысячы тон буракоў.

Што ж датычыцца цэн на цукар, яны ў новым сезоне, хутчэй за ўсё, знізяцца. Ва ўсякім разе, глабальная перавытворчасць салодкага пяску абваліць сусветныя цэны. Па даных экспертаў Green Pool Commodity Specialists, лішак цукру будзе звязаны з ростам сусветнай вытворчасці да рэкорду ў выніку пашырэння магутнасцей у Бразіліі, Тайландзе і Еўрасаюзе.  Акрамя таго, цукар-сырэц патаннеў на таргах у Нью-Ёрку ў гэтым годзе амаль на 30%, на Лонданскай біржы — на 40%. Гэта горшы вынік адносна сыравіннага індэкса Bloomberg.

Зараз нашы вытворцы сочаць за сітуацыяй у Расіі. У суседзяў у гэтым годзе таксама чакаецца вельмі добры ўраджай буракоў. Нагадаем, з-за рэкорднага збору караняплодаў у 2016-м цэны на цукар там істотна знізіліся (на 20% толькі за паўгода), рэнтабельнасць цукровага бізнесу прыкметна асела. Гэта прывяло да таго, што на беларускіх паліцах з'явіўся танны расiйскі цукар. Як будуць паводзiць сябе цэны на ўнутраным рынку, на камбінатах пакуль не раскрываюць падрабязнасцей. Кажуць толькі, што сітуацыя ў Расіі для нас «не вельмі добрая».

Аналітыкі прагназуюць рэкордны выпуск цукру.
Фота Аляксандра СТАДУБА

Дарэчы, некаторыя вытворцы нядаўна праводзілі акцыі для гандлёвых сетак. Так, Жабінкаўскі цукровы завод у жніўні даваў зніжку ў памеры 5% тым, у каго не было пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці на момант адгрузкі. А з 6 верасня на такой жа ўмове прадастаўляе новыя зніжкі рэзідэнтам.

ДАВЕДКА

На 11 верасня ў гаспадарках краіны накапана 377 тыс. тон цукровых буракоў. Сярэдняя ўраджайнасць караняплодаў — 434,4 ц/га, цукрыстасць — 15,17%. У лiк дзяржзаказу прададзена 162,5 тыс. тон (7,79% да плана).

ДАРЭЧЫ

Аўстралійскія аналітыкі з Green Pool прагназуюць: на сусветным цукровым рынку чакаецца перавытворчасць і абвал цэн. Цяперашні цукровы год установiць новы рэкорд па выпуску салодкага пяску — 191,1 млн тон. 

konoga@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter