Варапаеўскія сады Сікоры

Варапаева: гарпасёлак з відам на адраджэнне і сікораўскі сад

НIБЫТА каралямі акружана з усіх бакоў блакітнымі азёрамі пастаўскае мястэчка Варапаева. У часы Вялікага Княства Літоўскага аснову яму даў фальварак магнатаў Пшаздзецкіх, у які ўваходзіў і маёнтак Паставы.


Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай паселішча адышло да Дзісненскага, а потым – Вілейскага павета Мінскай, а з другой паловы XIX стагоддзя – Віленскай губерні Расійскай імперыі. Дзейнічалі цагельня, вадзяны млын з сукнавальняй, шынок. Па некалькі разоў на год ладзіліся кірмашы. Напрыканцы ХIХ стагоддзя развіццё мястэчку дало будаўніцтва чыгункі з Круляўшчызны на Паставы. 

Згодна з Рыжскім мірным дагаворам, Варапаева стала цэнтрам гміны Дзісненскага павета Віленскага ваяводства буржуазнай Польшчы. Дзей- нічалі лесапільня і цагельня, вадзяны, паравы і электрычны млыны. Другое жыццё атрымаў разбураны ў Першую сусветную вайну графскі палац з двума дзясяткамі пакояў, прасторнай залай для прыёму гасцей, бібліятэкай. Захоўвалася ў палацы багатая калекцыя зброі і музычных інструментаў. Менавіта ў Варапаеве вядомы селекцыянер Іван Сікора вывеў слынны сорт яблыкаў “памяці Сікоры”. Для сялянскіх дзяцей адкрылася пачатковая школа. Паўстаў касцёл Святога Міхаіла Архангела.

Старшыня сельвыканкама Iна КАСАРЭЎСКАЯ

Пасля аб’яднання Заходняй Беларусі з БССР Варапаева ўвайшло ў Дунілавіцкі раён Вілейскай вобласці. 

У гады нямецка-фашысцкай акупацыі ў наваколлі дзейнічаў партызанскі рух. 143 савецкім воінам і народным мсціўцам, якія загінулі пры вызваленні Варапаева, на брацкай магіле ўсталяваны помнік. Абеліскам ушанавана памяць землякам, якія не вярнуліся з вайны.

У першыя пасляваенныя гады паселішча атрымала статус гарадскога пасёлка і стала цэнтрам Дунілавіцкага раёна, якім было да скасавання раёна на пачатку 1960 года. 

Ветэран вайны і працы Iгнацій МЫЧКО

Арганізавалася калектыўная гаспадарка, якая рэфар- міравана ў саўгас, а потым у аддзяленне “Варапаева” ААТ “Пастаўскі райаграсэрвіс”. Адкрыліся заводы жалезабетонных вырабаў і камбікормавы, прамкамбінат, хлебакамбінат, адукацыйныя і сацыяльна-бытавыя ўстановы. 

Два дзесяцігоддзі таму адноўлены касцёл Святога Міхаіла Архангела. З гістарычнай спадчыны захаваліся панскі фальварак ХIХ стагоддзя, пейзажны парк, стагадовы вадзяны млын, дом кіраўніка маёнтка і арыгінальны арачны мост праз рэчку Заражанку.

СА сталіцы ў Варапаева дабірацца можна цягніком і аўтатранспартам праз Бягомль, Глыбокае ці па нарачанскай трасе. Маршрутны аўтобус на Паставы, якім выпала ехаць, мінуў Заслаўе, купалаўскія мясціны Маладзечаншчыны, Ві- лейку. За акном замільгалі дарожныя знакі з назвай нарачанскіх вёсак — Вярэнькі, Міхалі, Лотва, Мікольцы. 

Дырэктар ААТ “Пастаўскі райаграсэрвіс” Дзмітрый ЯНУКОВIЧ з сынамі Алесем, Яўгенам і Уладзіславам

Мядзельскае возера плёскаецца ля агародаў выцягнутай уздоўж берага вёсачкі Чароўкі, назва якой адпавядае навакольнай чароўнасці. На ўзгорках вяршыні меднастволых сосен упіраюцца ў блакіт вясновага неба.  Лагчыну азімай руні аглядала пара шэрых жораваў. Праз чатыры гадзіны аўтобус прыбыў у Паставы. Да Варапаева адправіліся на легкавіку з кіраўніком райаграсэрвісу Дзмітрыем Януковічам. Тры дзясяткі кіламетраў паміж райцэнтрам і гарпасёлкам. Пакуль ехалі, даведаўся, што Януковіч закончыў Гарадоцкі сельгастэхнікум і завочна вучыцца ў Беларускай дзяржаўнай сельгасакадэміі. Год таму сям’я перабралася на Пастаўшчыну з суседняга Глыбоцкага раёна. Пасяліліся ў новым катэджы ў вёсцы Юнькі. Жонка Зоя Мікалаеўна працуе на Пастаўскім малаказаводзе. 

З Дзмітрыем Андрэевічам завіталі на падворак. На ганак выйшлі трое сыноў. Старэйшы Алесь вярнуўся з арміі. Рыхтуецца аднавіць завочнае навучанне ў сталічным аграрным універсітэце. Выдатна завяршае сёмы клас Яўген, які скупа паведаміў, што на  вясновых канікулах удзельнічаў у раённых алімпіядах па хіміі, матэматыцы і інфарматыцы. Перамог у раённым конкурсе “Інфамышка”. Малодшы Уладзіслаў – першакласнік. Бацькі днямі заняты на працы, і сыны самі ўпраўляюцца з хатнімі справамі.

Настаяцель храма Уваскрэсення Хрыстова айцец ГЕОРГIЙ і матушка ВАЛЯНЦIНА.

Дзмітрый Андрэевіч год узначальвае райаграсэрвіс, у структуру якога ўваходзіць і варапаеўскае сельгаспрадпрыемства. Зараз заклапочаны выхадам у поле. Не хапае механізатараў. Спадзяванне на дапамогу гараджан. Вакантныя пасады галоўнага агранома, заатэхніка. У гаспадарцы тысяча галоў буйной рагатай жывёлы і амаль тры тысячы гектараў угоддзяў вакол Варапаева. З-за дробнаконтурнасці не на кожнае поле мэтазгодна пускаць энерганасычаныя трактары. 

З-ЗА чарговага пагорка выкаціліся варапаеўскія сядзібы з гатычным шпілем касцёла з чырвонай цэглы. Праз густазасаджаны бярозамі, таполямі, ліпамі сквер насупраць храма бялее трохпавярховы будынак сярэдняй школы. Праехалі па залітых сонечнымі промнямі вуліцах, якія нагадалі мне ньюёркскія. Усе яны перпендыкулярна перасякаюцца. 

Цэнтральную частку ўпрыгожваюць муры класічнай архітэктуры, двухпавярховыя адміністрацыйныя будынкі былога райцэнтра, Дом культуры, дзіцячая школа мастацтваў, фізкультурна-аздараўленчы комплекс. Абноўлены прывакзальная плошча і чыгуначны вакзал. 

Ветэран працы Алег ЛАПУШЫНСКI

Ад вузлавой станцыі Варапаева паязды курсіруюць па трох напрамках: на Глыбокае, Круляўшчызну і Паставы. Старшыня сельвыканкама Іна Касарэўская, з якою сустрэліся, адзначыла, што менавіта на Варапаеўскай дыстанцыі пуці Віцебскага аддзялення Беларускай чыгункі найбольшы ў гарпасёлку працоўны калектыў – больш за трыста чалавек. Паўтары сотні работнікаў на дрэваапрацоўчым камбінаце і столькі ж на ўчастку жыллёва-камунальнай службы. 

Пасля далучэння саўгаса “Варапаева” да аддзялення райаграсэрвісу ў гаспадарцы засталося 80 рабочых і спецыялістаў. Абвастрылася праблема працаўладкавання пасля закрыцця камбікормавага завода і жалезабетонных вырабаў. Разабрана памяшканне хлебапякарні, якая мела асаблівы рэцэпт выпечкі адмысловага хлеба. Больш за дзесяцігоддзе не дзейнічаюць цагельня і шклозавод у суседняй вёсцы Гута. Новых вытворчасцей пакуль няма. Нягледзячы на тое, што на тэрыторыі сельсавета спрыяльныя ўмовы для развіцця фермерства, жадаючых заняцца гэтай справай не знайшлося. Што здзіўляе Іну Касарэўскую, якая нядаўна на гэтай пасадзе. Дагэтуль настаўнічала ў Гутскай сярэдняй школе.

Жывёлавод Наталля РАЛОВIЧ

На тэрыторыі сельсавета паўсотні вялікіх і малых вёсак. Амаль дзве з паловай тысячы жыхароў у гарпасёлку Варапаева і за паўтысячы — у вёсцы Гута, каля трохсот – у Старым Двары. Іна Генадзьеўна пачала сваю дзейнасць са знаёмства з людзьмі, іх клопатамі і турботамі. Неадкладным лічыць будаўніцтва ў гарпасёлку станцыі па абезжалезванню вады, а таксама вырашэнне з кіраўніцтвам філіяла раённай жыллёва-камунальнай службы некаторых бытавых пытанняў. 

НА пачатку 30-х гадоў мінулага стагоддзя сюды запрасілі тады ўжо вядомага селекцыянера Івана Сікору закласці плодагадавальнік. Амаль восем гадоў тварыў цуды ў Варапаеве Іван Паўлавіч. Былы дырэктар сярэдняй школы Алег Лапушынскі, з якім сустрэліся ў сельвыканкаме, узгадаў пра легендарнага селекцыянера, з якім бачыўся неаднаразова. З Іванам Сікорай сябраваў яго дзядуля Мікалай Антонавіч. У маладыя гады яны разам вучыліся ў Паставах. Іван Паўлавіч за сваё жыццё выпрабаваў звыш 500 сартоў яблынь і вывеў мноства новых, сярод якіх вяршыняй стаў гібрыд “памяць Сікоры”. Ён стварыў высокаўраджайныя, устойлівыя да розных захворванняў пладовыя сарты яблык, агрэсту, арэхаў фундук. У гады вайны гітлераўцы знішчылі варапаеўскі плодагадавальнік Сікоры. 

У пасляваенны час спрабавала аднавіць яго дачка Лідзія Іванаўна, якая жыла ў гарпасёлку і сябравала з сям’ёй педагогаў Лапушынскіх. І зараз пладаносіць сад вучонага-селекцыянера ў шаркаўшчынскай вёсцы Алашкі. Неаднаразова бываў у ім з дзядулем Алег Лявонцьевіч. Запомніліся разнастайнасць сартоў, экзатычныя расліны. Сікора адным з першых прызвычайваў да беларускіх умоў лімоннік амурскі. 

Дырэктар сярэдняй школы Віктар ЖУК і настаўніца Аксана ТАНАНА ў пакоі гісторыі Варапаева.

Захапляўся селекцыянер і кветкамі, выводзіў новыя лініі і формы. Шчодра дзяліўся імі з аматарамі. Агародчык Лапушынскіх кожнае лета ўпрыгожваюць яго  незвычайныя кветкі. Даглядае іх Таццяна Фёдараўна, былая настаўніца рускай мовы і літаратуры. 

РЭДКА які гаспадар у Варапаеве не мае ў сваім садзе сікорскіх яблынь ці ягаднікаў. Мясцовыя жыхары сцвярджаюць, што плады сорту “памяці Сікоры” захоўваюцца да новага ўраджаю.

Дырэктар дзіцячай школы мастацтваў Валянцін ЖАГУЛА.

Разгалістыя яблыні акружаюць пафарбаваны, з шырокімі вокнамі дом з чырвонай зоркай і таблічкай: “Тут жыве ветэран Вялікай Айчыннай вайны”. Пратаптаная сцяжынка праз веснічкі вядзе да ўваходу. На стук у дзверы веранды ніхто не адчыніў. З другога боку дома заўважыў яшчэ адзін уваход. Дзверы рыпнулі, і на парозе перада мной паўстаў магутны, амаль у два метры ростам мужчына. Прыселі на канапу ў залітай сонцам зале. Партрэты, сямейныя фотаздымкі ў рамках на сцяне. За шклом буфета заўважыў некалькі прыгожых наручных гадзіннікаў. Перахапіўшы мой позірк, Ігнацій Міхайлавіч Мычко патлумачыў, што гэта падарункі яму ў святы. 

Шаснаццаць гадоў было яму, як нямецка-фашысцкія захопнікі ўварваліся летам 1941 года на хутар Баршчоўка. Варожы гарнізон стаяў у мястэчку Будслаў. Не давалі гітлераўцам спакою партызаны. Пасля вызвалення мясцовасці ад акупантаў у верасні 1944 года бацька адвёз Ігнація на чыгуначную станцыю Княгінін, адкуль маладых прызыўнікоў адправілі цягніком у Маладзечна. Служыў ён у інжынерна-тэхнічнай брыгадзе са- пёрных войск II Беларускага фронту, якім камандаваў вядомы Маршал дзвюх краін, СССР і Польшчы, Канстанцін Ракасоўскі.

Дзіцячы танцавальны калектыў “Звонкія галасы”.

Да драбніц памятае франтавік ваеннае мінулае. Ледзьве не загінуў пад бамбёжкай, калі ладзілі пантонную пераправу праз Віслу каля Варшавы. Сапёрная брыгада, у якой ён служыў, наладжвала пантон і праз Одар. 

Светлая ўсмешка прабягае па твары 93-гадовага ветэрана вайны і працы, калі ўзгадвае пра майскі ранак пераможнага 1945-га. Аўтаматнымі чэргамі салютавалі заканчэнне вайны. Ордэн Айчыннай вайны II ступені і шматлікія юбілейныя медалі ўпрыгожваюць парадны піджак Ігнація Мычко. Жылістыя рукі выдаюць працоўнае мінулае. Не толькі кавальскай справе навучыўся ў Антона Шаблыкі, а і закахаўся ў яго дачку Валянціну. Пажаніліся, дваіх сыноў выхавалі. Лепшага за яго каваля ў акрузе не было. Падкоўваў коней, майстраваў сялянскія прылады для працы на зямлі. Сваімі рукамі хату пабудаваў. Чвэрць стагоддзя таму застаўся ўдаўцом. Сыноў ужо няма. Побач жыве ўнук Алег, не забывае дзядулю. Як заўжды, будуць разам святкаваць Вялікдзень. Двойчы на тыдзень наведваецца сацработнік Таццяна Аліхвер. Спецыялісты сельвыканкама клапоцяцца пра ветэрана. Запрашаюць яго ў школу, на сустрэчы ў Дом культуры. Дырэктар яго Юлія Галяш падзялілася задумкай наладзіць яблычны фэст. Ідэю падтрымаў і айцец Георгій Лакотка. 


Дзіцячы танцавальны калектыў “Звонкія  галасы”.

КУЛЬТУРНАЕ жы- ццё бурліць у Варапаеве. Дзясятак розных гурткоў дзей- нічае ў Доме культуры і дзіцячай школе мастацтваў. Варапаеўскія школьнікі перамагаюць на рэспубліканскіх алімпіядах. Наладжаны міжшкольны абмен з нямецкім горадам Герцагенаўрахам. Многія выхаванцы сярэдняй школы пасля атрымання прафесійнай адукацыі вяртаюцца ў Варапаева, у гэты чароўны край азёр і сасновых бароў. 

Пастаўскі раён

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter