Рудзенск - горад будучага

Руденск - паўднёвы спадарожнік сталіцы

ПАЎТАРА стагоддзі таму ў час будаўніцтва Лібава-Роменскай чыгункі на тэрыторыі Цітвянскай воласці Ігуменскага павета побач з паселішчам Рудзянок была пабудавана чыгуначная станцыя Рудзенск. Па аб’ёмах грузаперавозак на лініі Мінск — Гомель яна ўступала толькі бабруйскай станцыі Беразіна. Побач з дамамі чыгуначнікаў забудоўваўся новы пасёлак Рудзенск, большасць жыхароў якога працавалі на зямлі, гадавалі жывёлу.


Рэвалюцыйныя падзеі пачатку мінулага стагоддзя не абышлі бокам гэтыя мясціны. 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда беларускіх бальшавікоў Ру- дзенск увайшоў у склад абвешчанай БССР.

Дваццатыя гады мінулага стагоддзя выдаліся неспакойнымі. Палала Грамадзянская вайна. Амаль на год акупіравалі мясцовасць белапалякі.

З 1924 года Рудзенск стаў цэнтрам сельсавета Смілавіцкага раёна, а ў 1938-м атрымаў статус гарадскога пасёлка і раённага цэнтра.

З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны сакратар падпольнага райкама партыі Мікалай Пакроўскі арганізаваў партыйна-камсамольскае падполле. У навакольных лясах актыўна дзейнічалі другая мінская “Беларусь” і трэцяя мінская імя Сямёна Будзённага “Буравеснік” баявыя брыгады, а таксама асобныя партызанскія атрады імя Сталіна і “Мсцівец”.

Ахвярамі страшэннай вайны сталі амаль пяць тысяч жыхароў Рудзенскага раёна. У брацкай магіле на ўскрайку гарадскога пасёлка пакоіцца прах 320 мірных жыхароў, расстраляных фашысцкімі нелюдзямі за гады акупацыі. У цэнтры ўсталяваны помнік на брацкай магіле загінуўшых савецкіх воінаў і партызан.


У пасляваенныя гады аднавіў дзейнасць саўгас “Рудзенскі”. Цяпер гаспадарка рэарганізавана ў структурнае падраздзяленне УП “Мінскметрабуд”.

На тэрыторыі сельсавета дзейнічаюць сталічная ЦЭЦ-5, вытворчае рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства “Мінскаблгаз”, ААТ “Рудзенскае” па выпуску пластмасавых вырабаў, лясніцтва, харчовыя прадпрыемствы, другая раённая бальніца, дом быту, дзве школы, дзіцячы садок.

Гонар Рудзенска — Герой Савецкага Саюза, беларускі мастак, сын чыгуначніка Міхаіл Зялёнкін, які ў гады Вялікай Айчыннай вайны знішчыў 28 варожых самалётаў. На рудзенскай зямлі вытокі беларускіх літаратараў Міхася Чарота і Таісы Бондар, саліста ансамбля “Песняры” Валерыя Дайнэкі.

ПЕРШАЕ, што ўражвае ў Рудзенску, — абноўлены чыгуначны вакзал з падземным пераходам да пасадачных платформ. Дзяжурная па станцыі Ала Страха  за  пультам бесперапынна каардынуе праходжанне транзітных грузавых і пасажырскіх саставаў у абодвух напрамках. Са сталіцы ў Рудзенск курсіруюць скорыя высокакамфартабельныя пасажырскія цягнікі гарадскіх ліній.

65 гадоў разам Міхаіл і Любоў ВОЙЦЕНКІ.

Побач з чыгуначнай станцыяй адкрыты міні-рынак, дзе танней, чым у Мінску, можна набыць садавіну і гародніну, малочныя прадукты. За рудзенскімі агародамі на мурожным лузе раздолле дзясятку чорна-пярэстых кароў, якіх гаспадары выпасваюць на прывязі. Пастуха няма. Апоўдні цурчаць струменьчыкі малака ў звонкія даёнкі. Водар сырадою поўніць лугавіну. Нізіны каля канаў апанавалі гусі і качкі. На многіх падворках заліваюцца спевамі пярэстыя пеўні, кудахтаюць розных колераў нясушкі. Дзясятак адкормленых індыкоў паважна шпацыруе каля хлявоў і хлеўчыкаў Зінаіды Равуцкай. Упраўляцца па гаспадарцы дапамагаюць дачка Вікторыя, якая працуе прадаўцом у магазіне, і ўнукі Антон, Лера, Дана.

Да выхаду на пенсію Зінаіда Дзмітрыеўна працавала акушэркай у другой раённай бальніцы, якой зараз загадвае вопытны ўрач Барыс Жыльчык. Для трохтысячнага насельніцтва гарадскога пасёлка 25 бальнічных ложкаў малавата. Усе яны пастаянна занятыя. З цэнтральнай раённай бальніцы сюды накіроўваюць на лячэнне пацыентаў. Калектыў медыкаў склаўся трывалы. Амаль сорак гадоў медыцынскі стаж у Надзеі Сухадольскай, дзякуючы намаганням якой у цэнтры гарадскога пасёлка ўзводзіцца праваслаўны храм прападобнай Еўфрасінні Полацкай. Два дзесяцігоддзі таму звярнулася да Мітрапаліта Філарэта за бласлаўленнем на будаўніцтва царквы. Атрымала падтрымку. Нарадзілася Надзея Пятроўна на Тамбоўшчыне. Пасля заканчэння Гомельскага медвучылішча размеркавалася на працу ў Мінскую вобласць. Выйшла замуж. Да пенсіённага ўзросту працавала старэйшай медсястрой у тэрапеўтычным аддзяленні. Падрасталі дзве дачкі. Старэйшая Ірына жыве і працуе ў сталіцы, а Ганна засталася дома. Збіраецца ў другі раз стаць маці. Рудзенскіх парадзіх на машынах хуткай дапамогі дастаўляюць у цэнтральную раённую бальніцу. Вадзіцель Аляксандр Папок разам з фельчарамі Святланай Кулеш, Аляксеем Голубам, Алесяй Крук кругласутачна нясуць вахту на станцыі хуткай дапамогі.

Вадзіцель «хуткай дапамогі» Аляксандр ПАПОК і фельчары Святлана КУЛЕШ, Аляксей ГОЛУБ, Алеся КРУК.

— Чулыя сэрцы ў іх, — шчыра выказваецца пенсіянерка Любоў Войценка. — Мы з мужам даўно на пенсіі. Маем патрэбу ў медыцынскай дапамозе і заўсёды своечасова атрымліваем яе.

Дзясяты дзясятак размянялі школьная настаўніца матэматыкі Любоў Васільеўна і яе муж, аграном Міхаіл Ігнатавіч. Шэсцьдзясят пяць гадоў яны разам. Іх маладосць абпаліла вайна.

Дзяжурная па станцыі  Рудзенск Ала СТРАХА.

Семнаццацігадовым з дрыбінскай вёскі Цёмны Лес Міхаіл Войценка пайшоў на фронт. У працоўным батальёне пад Масквой капаў супрацьтанкавыя акопы. Быў стралком, аўтаматчыкам, а потым наводчыкам 62-га супрацьтанкавага падраздзялення ў складзе 3-га Беларускага фронту. Дайшоў да Кёнігзбергу. За паспяховыя баявыя аперацыі ва Усходняй Прусіі ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, а за ўзяцце адзінаццаці нямецкіх гарадоў шаноўна захоўвае дзве падзякі за подпісам Сталіна. Перамогу сустрэў у ваенным вучылішчы, куды яго накіравалі на вучобу.

Пасля вайны закончыў агранамічнае аддзяленне Віцебскага сельгастэхнікума, а потым завочна аграфак Беларускай дзяржаўнай сельгасакадэміі. Пазнаёміўся з выпускніцай Мінскага педінстытута Любай Ісачанка, якую накіравалі настаўнічаць у Рудзенск. Справілі вяселле. Пабудавалі свой дом. Міхаіл Ігнатавіч працаваў аграномам, а потым памочнікам дырэктара саўгаса “Рудзенскі”, якім кіраваў Уладзімір Мядзведзеў. Гаспадарка славілася на Міншчыне высокімі вытворчымі паказчыкамі.

Былы галоўны саўгасны ветурач Марыя ШАРЭЙКА.

Тры сыны Войценкаў — Сяргей, Уладзімір і Дзмітрый — жывуць побач. Маюць свае сем’і. Тры ўнукі і чатыры праўнукі ў Любові Васільеўны і Міхаіла Ігнатавіча, для якіх Рудзенск стаў родным. Як і для былога галоўнага ветурача гаспадаркі Марыі Шарэйка. Паўвека таму пакінула бацькоўскі парог у мястэчку Моталь. Закончыла Віцебскі ветэрынарны інстытут і да выхаду на пенсію працавала галоўным ветурачом у саўгасе “Рудзенскі”. Муж Анатоль Шарэйка ўзначальваў інжынерную службу гаспадаркі. Пабудавалі дом, завялі свойскую жывёлу. Некалькі гадоў таму вымушана развіталіся з каровай, якая не падпускала да сябе гаспадыню. Толькі гаспадар мог падаіць яе. Дзве дачкі і сын Шарэйкаў жывуць у Мінску. Унукі гасцююць летам у Рудзенску. Марыя Аляксееўна любіць спяваць. Саліруе ў ансамблі народнай песні “Крынічанька”, створаным пры Доме культуры.

У СПАДЗЯВАННІ сустрэцца з мастацкім калектывам завітаў у прасторны будынак, што патанае ў зеляніне дрэў. Цішыня панавала ў памяшканні. На другім паверсе зайшоў у бібліятэку імя Міхася Чарота. З вялікага партрэта, што прымацаваны на сцяне, вітае наведвальнікаў бібліятэкі аўтар вядомай са школьнай праграмы п’есы “Мікітаў лапаць”. На паліцах расстаўлены кнігі з літаратурнымі творамі пісьменніка, асобна красуюцца радкі:

Я пясняр лясоў, балота.

І загонаў каласістых…

Мае песні — шум чарота

Па-над рэчкаю імглістай.

— Кнігі, фотаздымкі, альбомы з успамінамі землякоў і родных пра паэта захоўваліся ў бібліятэцы вёскі Цітва, — паведаміла загадчыца бібліятэкі Ганна Каравай. — Пасля яе закрыцця перададзены ў наш фонд. Творчасцю Міхася Чарота цікавяцца школьнікі, студэнты. У бібліятэцы зарэгістравана 1400 чытачоў. Пастаянна адкрыта чытальная зала.

Загадчыца бібліятэкі Ганна КАРАВАЙ.

Разам з Ганнай Юр’еўнай абслугоўвае чытачоў Валянціна Шэлег. Ёсць у пасёлку і дзіцячая бібліятэка, якою загадвае Жанна Сямашка. Здзівіла, што сярод перыядычных выданняў ні ў адной бібліятэцы не знайшлося месца для “Сельской газеты”.

— Некаторых журналістаў вашага выдання ведаю, — пачуў ад кіраўніка Рудзенскага лясніцтва Кацярыны Размысловіч. — Прыязджалі журналісты, захапляліся дэндрапаркам. Саджанцы дубкоў, бярозак, сосен, елак і іншых парод дрэў вырошчваем і высаджваем у лесе, пад які на тэрыторыі лясніцтва занята звыш васьмі тысяч гектараў.

Дзесяцігоддзе таму Кацярына Іванаўна загарэлася ідэяй стварэння дэндрапарку. Дрэвы рэдкіх парод упрыгожылі некалі пустуючы пагорак, на якім узвышаецца будынак лясніцтва. Апантаная справай ляснічы стварыла прыгажосць як у дэндрапарку, так і ў кабінетах калег. У прасторных цяпліцах па сучасных еўрапейскіх тэхналогіях вырошчваюцца саджанцы лясных парод.

Медсястра раённай бальніцы Надзея СУХАДОЛЬСКАЯ.

— Пасля заканчэння Полацкага ляснога тэхнікума прыехала на працу ў Рудзенск. Не думала доўга затрымлівацца, — шчыра прызнаецца Кацярына Размысловіч. — Збіралася ў роднае Крэва, што на Смаргоншчыне. Бацька працаваў там намеснікам старшыні гаспадаркі, а маці — бухгалтарам. Яны хацелі, каб я стала спецыялістам сельскай гаспадаркі. Не шкадую, што выбрала лес. Завочна закончыла Бранскую дзяржаўную інжынерна-тэхналагічную акадэмію. Выйшла замуж. Падрастае двое дзяцей. Ні разу не была ў дэкрэтным адпачынку. Маці дапамагала дзетак глядзець. Бацькі майго рана не стала, і маці пераехала да нас. Муж добры ў мяне. Дапамагае ўпраўляцца па дому. Рудзенск стаў дарагім і родным. Будуем двухпавярховы дом.

Родным стаў гарадскі пасёлак і для Раісы Гайшук. Пасля заканчэння педінстытута яе накіравалі настаўнічаць. Працавала сацыяльным педагогам у школе-інтэрнаце, выбіралася дэпутатам сельсавета. Трэці год узначальвае сельвыканкам.

Юныя футбалісты Раман АСІПЧЫК, Мікіта ХАДЫКА і Кірыл ГАНІЧ.

— Побач сталіца, і гэта прыдае клопатаў, — адзначае старшыня сельвыканкама Раіса Гайшук. — Акрамя пятнаццаці населеных пунктаў, на тэрыторыі размешчаны і садовыя таварыствы. Вельмі вострая праблема — засмечванне наваколля. Як можам, змагаемся з гэтым. Не хапае сродкаў на добраўпарадкаванне населеных пунктаў. У апошнія гады бюджэт сельвыканкама папаўняем ад паступленняў за продаж участкаў пад будаўніцтва жылых дамоў. Апошні аўкцыён праводзілі ў канцы ліпеня. Набалелыя праблемы вырашаем сумесна з кіраўнікамі вытворчых калектываў. Значную тэрыторыю па добраўпарадкаванні замацавалі за заводам пластмасавых вырабаў. Рабочыя прадпрыемства ў вёсцы Варшаўка адрамантавалі помнік савецкім воінам, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну. Дырэктар ААТ “Рудзенскае” Сяргей Клімовіч дапамагае ўладкоўваць на працу сацыяльна ўразлівых асоб.

Сяргей Дзмітрыевіч выдзяляе сродкі на правядзенне традыцыйнага свята Рудзенска, якое звычайна ладзіцца на пачатку восені ў пасялковым парку. Да сёлетняга гуляння майстар ЖКГ Ірына Матусевіч падрыхтавала Алею закаханых.

Сямікласнікі сярэдняй школы Ульяна СУХАВЕР і Яўген КОПАЧ.

З УСІХ бакоў акружаюць гарадскі пасёлак хлебныя нівы рудзенскай гаспадаркі. Механізатары вывелі ў поле камбайны. Убіраць збожжавыя хлебаробам дапамагаюць рабочыя ЖКГ. Зерне новага ўраджаю поўніць засекі. Побач з хлебнымі нівамі паміж Рудзенскам і пасёлкам Дружны па праекце архітэктараў паўстане сучасны горад-спадарожнік беларускай сталіцы, назву якому паўтара стагоддзя таму дала чыгуначная станцыя Рудзенск.

Пухавіцкі раён

Фота аўтара

Рудзенску прызначана стаць горадам-спадарожнікам беларускай сталіцы на 80 тысяч жыхароў.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter