Лясгасы краіны з пачатку года зарабілі на экалагічным турызме амаль 83 тысячы рублёў

Вандроўкі па грашовых сцежках

Назіранне за птушкамі і жывёламі, пешыя прагулкі і вандроўкі на веласіпедзе на прыродзе, сплавы на лодках, рыбалка. Усё гэта падпадае пад паняцце экалагічнага турызму. Яго, між іншым, прызнаюць адным з самых яркiх кірункаў турызму, што развіваюцца ў свеце, ён  прыносiць немалы прыбытак у абмен на банальную асалоду ад прыроды. Вось толькі браць грошы за такія простыя рэчы мы пакуль не прывучаны. Кожнаму лясгасу, напрыклад, другі год запар даводзяць заданне па выручцы ад «зялёнага» турызму.

Не паляваннем адзiным

Праўда, зараз экатурызм не вылучаны ў самастойную паслугу і разглядаецца як частка вядзення паляўнічай гаспадаркі. Тым не менш лясгасы краіны ўжо зарабілі без нечага 83 тысячы рублёў выключна на «зялёным» кірунку. Сума невялікая, але калі ўлічыць, што яшчэ год таму не было і гэтага, то старт здаецца нядрэнным.

Экалагічны турызм набірае папулярнасць.
Фота Віталя ПІВАВАРЧЫКА

Зразумела, ад раёна да раёна сітуацыі розныя. У Пастаўскім лясгасе, напрыклад, у мінулым годзе актыўна стваралі базу для новага віду турызму, будавалі кладкі, пірс, закупалі абсталяванне і рыштунак, успамінае вядучы інжынер па паляўнічай гаспадарцы Юрый Ракель. Затое сёння тут могуць пахваліцца экасцежкай. Па сутнасці, дарожкі звязалі ў адзін тэматычны круг. Яго працягласць больш за 2 кіламетры, не збіцца дазваляюць паказальнікі і інфастэнды. Але паход займае зусім не 20 хвілін — «завіснуць» ёсць дзе. І не толькі школьнікам, якіх прывозяць на экскурсіі. У выніку на білетах па экасцежцы зарабілі 210 рублёў, на арэндзе веласiпедаў — 175, на фотапаляваннi і прадастаўленні фотаапарата — 75, на прагулках у брычцы і на конях па лесе — 330, на рыбалцы — 170 рублёў.

Турыстам таксама прапануюць размясціцца на ноч у паляўнічай хатцы. Або наведаць туркомплекс «Азёры». Там ёсць вераўчаны гарадок, тралей, гольф, скаладром, спартыўныя пляцоўкі, забаўляльная праграма для турыстаў, заснаваная на мясцовым фальклоры. З лясгасам, кажуць у туркомплексе, заключылі дагавор: да цэн базы леснікі дадаюць свае выдаткі на транспарт і мінімальную рэнтабельнасць. Выгадна абодвум бакам. Прапануе лясгас і экскурсію ў Паставы. Але, хутчэй, гэта для паляўнічых, у якіх выдалася вольная хвілінка, і прыезджых адпачывальнікаў. Тым не менш на цікаўнасці зарабілі яшчэ сотню рублёў. Планы на наступны год — пабудаваць вальеру, дзе змесцяць высакароднага аленя. Вальеру ўключаць у экамаршрут. Дарэчы, у лясгасе гавораць, што адкрытыя прапановам турфірм, але іх пакуль няма. Толькi i застаецца спадзявацца на сарафаннае радыё i на сайт.

У пошуках сiмбiёзу


Інфастэнд на экасцежцы Пастаўскага лясгаса
Фота Генадзя САЛЯНКІ

Турфірмы ў сваю чаргу папракаюць лясгасы ў нежаданні супрацоўнічаць, боязі і ляноце. Праблема настолькі вострая, балючая і зацягнутая, што пошуку яе рашэння на нядаўняй выставе «Паляванне і рыбалоўства» прысвяцілі «круглы стол». Па словах вядучага спецыяліста аддзела якасці і вучэбна-метадычнай работы Нацагенцтва па турызме Віктара Гвоздзева, цікавасць да паездак у лес ёсць і сярод нашых жыхароў буйных гарадоў, і сярод замежнікаў. Ім хочацца выехаць на прыроду, прайсці па сцежцы, даведацца з першых вуснаў пра жыццё ў лесе, паназіраць за звярамі. Пацвярджэнне таму — Бярэзінскі біясферны запаведнік. Тут распрацавалі з дзясятак тэматычных маршрутаў. Хочаце паслухаць роў аленя? Калі ласка. Паназіраць за глушцамі? Прыязджайце! Жадаючых аказалася настолькі шмат, што «фільтраваць» іх вырашылі ўздымам коштаў, каб не ператварыць запаведныя тэрыторыі ў «прахадны двор». У лясгасах з гэтым, здавалася б, прасцей, разважае Віктар Гвоздзеў:

— Расказаць і паказаць тэарэтычна гатовыя ўсе. Праўда, адны просяць 100—200 рублёў за пару гадзін працы з групай, іншыя за 20 рублёў гатовыя хоць паўдня вадзіць. Вось толькі калі выдасца вольны час, невядома — у егераў, паляўніцтвазнаўцаў і без гэтага хапае клопату. Ды і не ўсе валодаюць дарам красамоўства. Гэта ёсць у экскурсаводаў, але іх пазнанні ў лясной гаспадарцы мінімальныя. Наша задача — аб'яднаць туркампаніі і паляўнічыя гаспадаркі, каб атрымаўся сімбіёз.

Праўда, прысутныя адразу ж агучылі шэраг праблем. Па-першае, далёка не ў кожным лясгасе бачаць сэнс у прыёме такіх гасцей. Маўляў, «выхлап» ад іх прыезду нязначны — ці не лепш аддаць час падкормцы жывёл, каб потым было што прад'явіць паляўнічаму? Ды і людзі, што бегаюць туды-сюды, могуць патрывожыць звера. Па-другое, балючае пытанне ўзаемаразлікаў з турфірмай. Праўда, на месцы знайсці агульную роўніцу ўсё ж, здаецца, атрымалася. Прычым у двух варыянтах. Перш за ўсё заключаецца дагавор з лясгасам, дзе прапісваюцца ўсе нюансы. Напрыклад, час знаходжання на тэрыторыі групы, максімальная колькасць чалавек і гэтак далей. Калі тур ад пачатку і да канца праводзіць кампанія, то, скажам, за тыдзень яна папярэджвае, у які дзень і колькі турыстаў прывязе, па якім маршруце пройдуць людзі. У такім выпадку 15% ад кошту тура — сярэдні памер «навару» туркампаній — атрымае лясгас. Калі на месцы групу сустрэне гаваркі егер, то лясгасу застанецца ўжо 85%. Але кошт тура і на сайце лясгаса, і ў дакументах, і на сайце турфірмы павінен быць аднолькавым, настойвае дырэктар кампанii Paradise travel Ксенія Гулякевіч:

— Напрыклад, 115 рублёў, 15 з якiх — бонус аднаго з удзельнiкаў. Каб чалавеку было неістотна, дзе купляць паслугу. Калі ўсе будуць гуляць сумленна, схема запрацуе. Пакуль жа тураператары маюць сумны вопыт узаемадзеяння. Так, яны ўкладалі грошы ў рэкламу — а адной інфармацыі на сайтах лясгасаў сёння мала, у продаж паездкі. Але падчас самога наведвання паляўніцтвазнаўцы абяцалі скідкі гасцям, калі яны ў наступны раз звернуцца да іх непасрэдна. У выніку мы гублялі грошы і кліентаў. Лясгасы атрымлівалі разавы плюс, але не маглі прапанаваць насычаную праграму — заставаліся без экатурыстаў і партнёраў.

Адна з прычын падобных паводзін, на думку Гулякевiч, у метадалогіі падліку экспарту аказаных паслуг. Маўляў, калі грошы, выплачаныя японцамі, прыйшлі ад нашай турфірмы, то экспартнага складальніка ў суме няма, а паказчык трэба выконваць. Падобная сітуацыя з гатэлямі, санаторыямі, запэўнiвае Ксенiя:

— Пакуль не будуць прынятыя папраўкі ў гэтай частцы, супрацоўніцтва будзе тармазіцца. Нашы патэнцыяльныя партнёры папросту не зацікаўлены ў сумеснай працы, яны вымушаны шукаць людзей, для якіх стануць першым месцам прыкладання іх кашалька.

druk@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter