Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Вандроўкі на востраў Сардзінія

Абраз праведнай Сафіі Слуцкай перададзены праваслаўнаму прыходу ў італьянскі горад Кальяры
На востраве Сардзінія — гэта гістарычны рэгіён Італіі — сёлета адзначаюць 405-годдзе з часу блажэннага скону святой праведнай Сафіі (Алелькавіч-Радзівіл), княгіні Слуцкай і Капыльскай, апякункі Беларусі. Пра тое напісаў у рэдакцыю Ганаровы консул Беларусі ў Кальяры Джузэпэ Карбоні. Сардзінія — другі па велічыні востраў у Міжземным моры, на захад ад Апенінаў, між Сіцыліяй і Корсікай. Да юбілею абраз святой быў урачыста перададзены прыходу ў гонар прападобнага Савы Асвячонага ў Кальяры.

Абраз святой Сафіі Слуцкай у адным з храмаў Сардзініі 

Спадар Джузэпэ напісаў: пад час візіту ў Мінск на пачатку красавіка памочнік прэзідэнта Аўтаномнага рэгіёна Сардзінія па міжнародным супрацоўніцтве Марка Секі наведаў Свята-Духаў кафедральны сабор. На сустрэчы з протаіерэем Мікалаем Балахоўскім госць пакланіўся цудатворнаму абразу Найсвяцейшай Багародзіцы Мінскай, наведаў грабніцу з мошчамі святой Сафіі, пазнаёміўся з жыццём святой. У памяць пра візіт Марка Секі атрымаў у дар рэпрадукцыю іконы святой. Прымаючы абраз, ён паабяцаў перадаць яго вернікам у Кальяры. І святыня была ўручана айцу Мікалаю Вольскаму, настаяцелю храма ў гонар прападобнага Савы Асвячонага пад час Велікоднай літургіі.

Джузэпэ Карбоні ў сваім пісьме адзначаў: у апошнія гады Ганаровае беларускае консульства на Сардзініі ладзіла шмат культурных мерапрыемстваў з нагоды асноўных праваслаўных святаў. 405-годдзе з дня смерці святой праведнай Сафіі — важная падзея для ўсіх беларусаў, у тым ліку й для беларускай дыяспары на Сардзініі. Дарэчы, там сёлета праходзіць Год беларускай культуры, а ў ягонай плыні — сустрэчы з беларускімі пісьменнікамі, канцэрты фольк-гуртоў, фотавыставы, экспазіцыі народных майстроў. Пройдуць прэзентацыі мастацкіх фільмаў беларускіх аўтараў. 

На пачатку сакавіка ў мінскай Мастацкай галерэі “Універсітэт культуры” ладзілася праграма “Беларусь — Італія: праз культуру да дыялогу і стварэння”. Пад час яе адбыўся абмен народнымі духавымі інструментамі: дуда майстара Аляксандра Сурбы памененая на лаунэдас. Цяпер дуда ёсць у Сардзінскім музеі музінструментаў, а ў нас — духавы інструмент з вострава.

Карына Аляксандрава

Голас Радзімы № 20 (3524), чацвер, 1 чэрвеня, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter