Вандроўка ў Семежава

Нядаўна мяне запрасілі ў госці знаёмыя з Капыля. Я наведала тамтэйшы гісторыка-краязнаўчы музей, пагуляла па горадзе. Вечарам падзялілася сваімі ўражаннямі з Аленай і Валодзем. А ў адказ пачула, што ў раёне ёсць яшчэ шмат цікавага.

Нядаўна мяне запрасілі ў госці знаёмыя з Капыля. Я наведала тамтэйшы гісторыка-краязнаўчы музей, пагуляла па горадзе. Вечарам падзялілася сваімі ўражаннямі з Аленай і Валодзем. А ў адказ пачула, што ў раёне ёсць яшчэ шмат цікавага.

“Заўтра паедзем у Семежава”, — прапанавала гаспадыня. З’ездзілі, і цяпер я ўзгадваю наша падарожжа з вялікай цеплынёй. Атрымала, не перабольшваю, вялікае задавальненне ад гэтага самабытнага населенага пункта і яго жыхароў. Хачу, каб і чытачы маёй любімай “Народнай газеты” ведалі, што на карце Беларусі ёсць такое цудоўнае месца.

Ад старажылаў Семежава і культработнікаў даведаліся, што вёска, аказваецца, ніколі не была пад прыгонным правам, ёй больш за 400 гадоў, і колісь яна ўваходзіла ў Слуцкі павет. Мясцовыя насельнікі заўсёды вылучаліся сярод суседзяў зацятасцю ў працы, таму і жылі заможна.

І вельмі ганарыліся гэтым. Да прыкладу, тутэйшыя дзецюкі бралі ў жонкі толькі сваіх дзяўчат. І прыгажуні грэбавалі кавалерамі з навакольных вёсак, бо лічылі іх беднякамі.  Яшчэ ў сярэдзіне мінулага стагоддзя так яно і было, запэўнілі мяне.

Шмат незвычайнага ў побыце, адзенні ўласціва семяжоўцам. Гэта пацвярджае наступная гісторыя. Піша семяжовец пісьмо ў Амерыку земляку, які з’ехаў на заробкі, каб сустрэў. А той засумняваўся: “Я ж цябе ўжо і не помню”. — “Нічога, пазнаеш!” — адказвае семяжовец. Як толькі дзядзька сышоў з парахода, да яго кінуўся чалавек. Пазнаў... па мяшку. Справа ў тым, што раней семяжоўцы хадзілі з вялікім мехам цераз плячо. Насілі ў ім усё неабходнае, у тым ліку і ежу, калі ехалі на сенажаць, жніво, ішлі па грыбы. З такім мехам нават хадзілі па хлеб у краму ў 80-я гады мінулага стагоддзя.

А яшчэ семяжоўцы заўсёды імкнуліся “адправіць” сваіх дзетак у навуку. Пры гэтым кіраваліся чыста матэрыяльнымі разлікамі. Па іх меркаванні, у вучонага добры заробак, а значыць, і дастатак. Паэтаў, пісьменнікаў не прызнавалі — марны занятак. “Відаць, таму ў нас няма ніводнага літаратара. У асноўным фізікі, матэматыкі, медыкі ды прадстаўнікі іншых дакладных навук, — распавядалі нам старажылы. — Адзін з іх — Міхаіл Сцяпанавіч Высоцкі, які шмат гадоў працаваў галоўным канструктарам на МАЗе”.

Так, семяжоўцы самабытныя ва ўсім. У іх і гаворка адметная, якой не пачуеш нідзе: “сало”, “мыло”, “мамо”. Сустракаюцца і такія слоўцы, што не зразумееш. Напрыклад, “палакацца”, што азначае “памыцца”. Яшчэ адна адметнасць: толькі ў Семежаве займаюцца закладным ткацтвам. Яго тэхніка адрозніваецца ад звычайнай тым, што выкарыстоўваюцца матрушкі з ніткамі (нешта накшталт катушак). Гэта далікатная і вельмі марудная работа, якая патрабуе цярпення і ўседлівасці.

У мясцовым музеі давялося пабачыць і знакамітыя ручнікі, якія таксама нідзе ў Беларусі не ткуць. На гэтых вырабах існуе да дваццаці ўзораў. Напрыклад, кашэчая лапка, п’яўка, касіца, чырвоная зорка, малаточкі і іншыя. Ткаць такі цуд даводзіцца тыдні два. У Семежаве, дарэчы, усе пажылыя жанчыны ўмеюць ткаць. Менавіта яны падтрымліваюць традыцыі незвычайнага рамяства. Невыпадкова тут знаходзіцца і Капыльскі раённы цэнтр ткацтва.

Вось колькі цікавага можна даведацца, калі не пралятаць міма нашых вёсак і мястэчкаў на легкавіку. Прычым экскурсія будзе бясплатнай.

Бо ў кожным населеным пункце ёсць энтузіясты, якія любяць сваю маленькую радзіму і гатовыя падзяліцца цікавымі фактамі з дапытлівымі падарожнікамі. Наперадзе лета, крымскі напрамак сёння, скажам так, непапулярны, за мяжу ехаць дорага, дык давайце падарожнічаць па роднай краіне! Я з сябрамі, да прыкладу, вырашыла зладзіць вандроўку на Навагрудчыну. Таксама каларытны куток нашай Бацькаўшчыны.

Валянціна БУЙКА, Мінск

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter