Вандроўка па фэстах: ці хапае мясцовага каларыту?

Давялося пабываць ужо на некалькіх святах, што ладзіліся ў адмысловых месцах Беларусі. Гальшаны, Івянец… Сабраліся якія-ніякія аналітычныя высновы, імі сёння падзялюся з вамі, паважаныя чытачы «Белорусской мельницы». Толькі адразу майце на ўвазе: не трэба падыходзіць да айчыннага фэставага руху з вельмі ўжо крытычных пазіцый! Мы пакуль толькі асвойваем гэтую навуку — ідзём па шляху запазычанасці еўрапейскай традыцыі, паралельна — шукаем, выпрацоўваем сваю мадэль…

Завазны рыцарскі турнір наўрад ці кране душу...

Давялося пабываць ужо на некалькіх святах, што ладзіліся ў адмысловых месцах Беларусі. Гальшаны, Івянец… Сабраліся якія-ніякія аналітычныя высновы, імі сёння падзялюся з вамі, паважаныя чытачы «Белорусской мельницы». Толькі адразу майце на ўвазе: не трэба падыходзіць да айчыннага фэставага руху з вельмі ўжо крытычных пазіцый! Мы пакуль толькі асвойваем гэтую навуку — ідзём па шляху запазычанасці еўрапейскай традыцыі, паралельна — шукаем, выпрацоўваем сваю мадэль…

У мінулым месяцы, на Другім «Цукеркавым фэсце» ў Івянцы, што ладзілі на Міншчыне, разгаварыліся мы пра адносна новую традыцыю з Валянцінай Адамовіч, старшым навуковым супрацоўнікам Івянецкага музея традыцыйнай культуры. Суразмоўца заўважыла: варта прыгледзецца, а хто ж і як ладзіць фэсты ў глыбінцы? Прыклад Івянца, дзе галоўным фундатарам выступіла прамысловае прадпрыемства, а дзея ішла с непаўторным местачковым каларытам, — на жаль, ці не адзінкавы на Беларусі. Часцей у цікавыя вёскі, іншыя селішчы Сінявокай завозяць рыцарскія турніры, што называецца, звонку. Ды і асобы, што вандруюць па гэтых фэстах, — добра вядомыя. Адны і тыя ж? Падобна …

Мы пагадзіліся з Валянцінай: бракуе пакуль у беларускай глыбінцы ініцыятывы мясцовай. Ды не проста — наконт правядзення шараговага мерапрыемства з нецікавымі назвамі «Праздник города (деревни, поселка и т.д.)»! Важна, каб стрыжнёвай «фішкай» святочнага гуляння была нейкая местачковая адметнасць. Прычым слова «местачковая» ў дачыненні да таго ж Івянца, іншых беларускіх селішчаў павінна пазіцыяніравацца не як зняважлівае, а, наадварот, — несці сэнс заваблівы. Эксклюзіўны!

— Лічу, што кіраўніцтва СП «Ивкон», ладзячы салодкі фэст, зрабіла добры камерцыйны ход, але ж не толькі ў гэтым справа, — разважае Валянціна Адамовіч. — Івянец некалі меў досыць багатыя традыцыі, з часам нешта згубілася, але галоўнае — застаецца. І не думайце, быццам гаворка ідзе толькі пра кірмашы, рамесніцкія нейкія адметнасці. Увогуле, местачкоўцы — гэта носьбіты асобага ладу жыцця. Усё ж жывём і не ў горадзе, і не ў вёсцы… Характар, лад — не падобныя да іншых!

У дзевяностыя гады мінулага стагоддзя мясцовы музей перастаў быць «імя Фелікса Дзяржынскага», а зрабіў стаўку на беларускую культурную, рамесніцкую традыцыю. Тады яшчэ ніхто і не чуў асабліва пра турызм, тым больш з правінцыйным ухілам. Але івянецкія музейшчыкі спрацавалі паперадзе часу — ажно чатыры дзеючыя майстэрні адкрылі: ганчарства, ткацтва, апрацоўкі драўніны, а яшчэ — сапраўдную кузню…

— Цяпер, дарэчы, у Івянцы за кошт наладжанай прыватнай справы жывуць многія ганчары — галоўныя для пасёлка майстры, — кажа Валянціна. — Чаму нескладана зараз прывабіць турыста менавіта на фэст у наша мястэчка? Тыя ж майстэрні працуюць на гэта! Турыст жа ахвотней едзе глядзець не на помнікі, а — на жывога чалавека, які нешта робіць. Тут і сувенір прыдбаць можна. Проста спадзявацца, быццам гасцей шмат будзе аўтаматычна, без высілкаў «знізу», няварта. Але калі ўжо прыедуць на фэст, то абавязкова пабачаць два цудоўныя івянецкія касцёлы, што ўвайшлі ў «Залатое кола» Міншчыны.

І ўсё ж на “Цукеркавым фэсце” сёлета мала было арыгінальных сувеніраў менавіта з гэтай мясцовасці. Столікі некалькіх ганчароў літаральна «штурмавалі» турысты. Працэс пераўтварэння рамесніцкага хобі ў сталы бізнес, як відаць, толькі пачаўся? Хаця, кажа Валянціна Адамовіч, многія з тых, хто раней працаваў на дзяржаўных прадпрыемствах, аддаюць перавагу сваёй справе.

А вось ці часта на фэстах гучыць родная мова? На жаль, не. Да таго ж, кажуць івянецкія музейшчыкі, патрэбна ўзгадняць з мясцовымі ўладамі ледзь не кожны пункт праграмы фэсту, рабіць яго не вольнай імправізацыяй, а святам з пэўным адценнем заідэалагізаванасці. Калі ўсё распісана, упарадкавана — атрымліваецца сумна і па шаблону. Вольны ход — гэта вельмі важна для фэсту, лічыць Валянціна Адамовіч! Вось і атрымліваецца, што напалову «дзяжурных» мерапрыемстваў праводзіцца шмат, але ці застаюцца яны ў памяці турыста, ці нясуць нейкую інфармацыю аб кодзе росту нацыі (ўжываем тут тэрмін, што прыдумаў амерыканскі фатограф-аматар Джон Кунстадтэр, які апантана вандруе па Беларусі не першы год)?

— Гэта надзвычай цікавыя дзве рэчы — удзел камерцыйных прадпрыемстваў у такім пазіцыяніраванні беларусчыны і гучанне роднага слова на фэстах, — падсумоўвае Валянціна Адамовіч. — На мой суб’ектыўны погляд, люд, што мясцовы, што прыезджы, стаміўся ўжо ад «манументальнай» вытрыманасці, строгасці больш звыклых святаў па тыпу «праздник города, деревни». Хочацца вольна, энергічна патаньчыць пад беларускія ці нават кельцкія мелодыі! А не сядзець і слухаць, як з боку сцэны табе на галаву «бумкае» папса…

НА ЗДЫМКАХ: Валянціна АДАМОВІЧ; гэтыя музыкі граюць яўна не папсу;  для ўдзелу ў фэсце спатрэбяцца не проста строі…

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter