Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Беларусы з розных краін пабачылі як жывуць жыхары гэтага прыгожага горада Міншчыны

Вандроўка ў Маладзечна

Калі прадстаўнікі беларускіх СМІ з Латвіі, Расіі, Украіны, Эстоніі прыязджалі на выставу “СМІ ў Беларусі”, то гаспадары для нас зладзілі экскурсію ў Маладзечна. Выехалі сонечнай раніцай, настрой прыўзняты. Едзем дарогай Мінск—Вільнюс, знакамітым Віленскім трактам, якому нават зроблены помнік. Кажуць, гэта — адзіны ў свеце помнік шляху. На мяжы Маладзечанскага раёна дэлегацыю сустракае хлебам-соллю і песняй вакальная група “Маладзея” ансамбля “Забудова” (кіраўнік Генадзь Сушко).

Цікава павандраваць па горадзе, у якім шмат знакавых мясцін
Фота: Віктар Байкачоў

У раёне, расказвалі нам, каля 40 тысяч жыхароў розных нацыянальнасцяў. Першыя згадкі пра Маладзечна — з 1380 года: спачатку то была вёска, пасля — мястэчка, затым княжы двор, а ў ХХ стагоддзі, пасля будаўніцтва чыгункі, паселішча вырасла ў горад. Быў там і замак, апошнім гаспадарыў у ім Міхал Клеафас Агінскі. У 1812-м у замку спыняўся Напалеон, на сцяне напісаў “Napoleon I”, а казакі генерала Платава пазней дадалі — “...і апошні”. Быў кляштар манахаў ордэна трынітарыяў, было шляхецкае павятовае вучылішча. Прыязджаў у горад Мікалай Гогаль з сябрам Пагодзіным, а ў мясцовай прагімназіі рэктарам працаваў славуты аўтар беларускай граматыкі Іван Насовіч. Пасля падаўлення паўстання Кастуся Каліноўскага прагімназію зачынілі, а праз некаторы час адкрылі настаўніцкае вучылішча. У 1911-м пад Маладзечна, у вёсцы Ракуцёўшчына, два месяцы жыў Максім Багдановіч.

Назва горада, па версіі навукоўцаў, пайшла ад рэчкі Маладачанкі. Есць там і першы музей мінералогіі, які стварыў Тамаш Зан. Свята-Пакроўская царква існуе з 1600 года: спачатку была драўляная, цяпер — з  цэглы. У час апошняй вайны на званіцы яе фашысты паставілі зеніткі, а сам храм пафарбавалі ў колер хакі. Пасля ўзнаўлення царкву занава адкрылі толькі ў 1995 годзе.

У час Вялікай Айчыннай вайны з 1941 па 1944 год у горадзе быў канцлагер “Шталаг-342” для ваеннапалонных. Іх прайшло праз лагер 80 тысяч, а замучаных, траўленых сабакамі, расстраляных пахавана там 33 тысячы 150 чалавек. Цяпер гэта — мемарыяльны комплексе. Выяўляе імёны салдат-пакутнікаў, знаходзіць іх сваякоў ужо больш за 30 год Лідзія Барысаўна Князева, настаўніца 5-й школы. Яна ж і кіраўніца групы “Пошук”, падключае да справы вучняў. “Не трэба шмат гаварыць пра патрыятычнае выхаванне, — лічыць яна. — Мы пішам лісты — у розныя арганізацыі, а калі ўдаецца адшукаць яшчэ блізкіх і родных загінуўшага чалавека, то адной такой сустрэчы з роднымі, яркіх эмоцый хапае надоўга, і дзеці бачаць важнасць такой справы”.

І яшчэ адзін паказальны штрых — у доказ таго, якое гэта ліха: вайна. Да яе ў Маладзечне амаль палова жыхароў былі яўрэі, а цяпер у сінагогу ходзяць 35 чалавек. Хто на франтах ці ў партызанах загінуў, каго фашысты пазабівалі, а хто ацалеў — раз’ехаліся. Наша дэлегацыя ўсклала кветкі на мемарыяле, а Глеб Кудрашоў з Палтавы прачытаў верш “Останній” легендарнага паэта Барыса Алейніка. Дарэчы, ён памёр сёлета 30 красавіка, на 82-м годзе жыцця. У вершы распавядаецца, як да райскіх варот, ля якіх стаяў Святы Пятро, падышоў салдат: “І сам Петро, зачудування повен/ З небаченої досі дивини,/ У Всеблагого запитає: Хто він?/ І Бог відкаже: Се — Останній Воїн/ Великої, Священної війни./ Ти відчини Йому ворота, Петре,/ І — грішного — до раю запроси:/ Він на землі зазнав такого пекла, / Що Я Його простив на всі часи!” Вось так мы ўшанавалі й памяць пра слаўнага паэта, Героя Украіны.

А пасля Раіса Казановіч, супрацоўніца Маладзечанскага райвыканкама, паказвала нам Маладзечанскі палітэхнічны каледж. Яму ўжо 55 год, мае свае багатыя традыцыі, а месціцца ў будынку, дзе раней былі польскія казармы. Дарэчы, у адміністрацыі каледжа працуе ўнучка былога польскага афіцэра, што жыў калісь у тых казармах... Каледж напрамую супрацоўнічае з школамі, а выпускае будаўнікоў, тэхнікаў-тэхнолагаў, тэхнікаў-механікаў, тэхнікаў-электрыкаў, хлебапёкаў, тэставодаў, півавараў. Вучацца ў ім больш за 1000 юнакоў і дзяўчат.

Паказалі нам і Алімпійскі цэнтр, пабудаваны 6 гадоў таму. Цудоўныя залы для гледачоў на 1000 месцаў, лядовая арэна, два басейны (меншы з атракцыёнамі для дзяцей і вялікі для заняткаў плаваннем, спаборніцтваў), там жа тэнісны корт, футбольнае поле, баскетбольныя і валейбольныя пляцоўкі. Мы пераканаліся: Маладзечна — гэта сучасны горад, дзе ёсць уся інфраструктура для паўнацэннага жыцця. Нездарма ж горад у 2016-м быў абраны культурнай сталіцай Беларусі. Шчыра дзякуем гідам за ветлівасць і добразычлівасць, з якою прымалі, суправаджалі нашу дэлегацыю. Цяпер для нас Маладзечна — ужо “свой” горад.

Голас Радзімы № 23 (3527), чацвер, 22 чэрвеня, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter