Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Пра дзейнасць беларускіх суполак з Латвіі даведаліся ў Бруселі

Вандроўка ў Бельгію

Удзельнікі конкурсу даследчых работ Саюза беларусаў Латвіі “Беларусы Латвіі. Мінулае і сучаснасць”, сярод якіх быў і член-карэспандэнт НАН Беларусі прафесар Аляксандр Лукашанец, па запрашэнні дэпутата Еўрапарламента Андрэя Мамыкіна наведалі Брусель.

Дэпутат Еўрапарламента Андрэй Мамыкін (трэці злева) правёў для гасцей экскурсію па будынку Еўрапарламента

Наша дэлегацыя з 15 чалавек пабывала ў Еўрапарламенце, зазірнула і ў Залу пленарных пасяджэнняў. Мы даведаліся: сёння ў гэтым кіруючым органе працуе 751 дэпутат ад 28 краін, 8 з якіх — ад Латвіі. Працоўных моў у арганізацыі 24, асноўныя з іх — англійская, французкая і нямецкая.

Дэлегацыя лаўрэатаў і актывістаў конкурса даследчых работ Саюза беларусаў Латвіі “Беларусы Латвіі. Мінулае і сучаснасць” з дэпутатам Еўрапарламента Андрэем Мамыкіным

Цікавую экскурсію правёў для нас Андрэй Мамыкін. Старшыня Саюза беларусаў Латвіі Валянціна Піскунова са словамі падзякі падарыла яму карціну беларускага мастака з Рыгі Міколы Гаўрыловіча. Іншыя члены дэлегацыі таксама дзякавалі дэпутату за запрашэнне і магчымасць убачыць на ўласныя вочы маштаб арганізацыі садружнасці Еўрапейскіх краін і адчуць грандыёзнасць яе задач. 

Далей сустрэча працягвалася ў Амбасадзе Беларусі ў Бельгіі. У прыгожым старадаўнім будынку па вуліцы Мальера нас чакалі саветнік місіі ў Еўрасаюзе Дзмітры Ярмалюк, саветнік Амбасады Беларусі ў Бельгіі ды Люксембургу Дзмітры Смірноў, першы сакратар (па консульскіх пытаннях) Амбасады Алег Ляшанюк.

У Амбасадзе Беларусі ў Бельгіі — старадаўнім будынку па вуліцы Мальера 

Ініцыятар і куратар конкурсу “Беларусы Латвіі. Мінулае і сучаснасць”, старшыня Беларускага таварыства “Прамень” Алёна Лазарава прадставіла дыпламатам членаў дэлегацыі, расказала пра шматбаковую дзейнасць Саюза беларусаў Латвіі, яго цесныя культурныя і адукацыйныя сувязі з этнічнай Радзімай.

У сваёй прамове дэпутат Еўрапарламента Андрэй Мамыкін выказаў падзяку супрацоўнікам беларускай Амбасады за сардэчнасць, з якой яны сустрэлі гасцей, і радасць з той прычыны, што з Беларусі зняты, хоць і не ў поўным аб’ёме, эканамічныя санкцыі.

На сустрэчы ў Амбасадзе Беларусі у Каралеўстве Бельгія – саветнік місіі ў Еўрасаюзе Дзмітры Ярмалюк з Валянцінай Піскуновай і Алёнай Лазаравай

Сябар беларусаў Латвіі, удзельнік конкурсу Аляксандр Лукашанец зазначыў: “Яскравы ўзор народнай дыпламатыі ў свеце — дзейнасць Саюза беларусаў Латвіі. Не можа не здзіўляць актыўнасць гэтай арганізацыі, яе энтузіязм і размах. У 2015-м уся прыбалтыйская краіна святкавала 525—годдзе Францыска Скарыны, у 2016-м — 125-гадовы юбілей Максіма Багдановіча, а сёлета Латвія адзначае 500-годдзе беларускага кнігадрукавання і юбілеі Янкі Купалы і Якуба Коласа”.

Саветнік місіі ў Еўрасаюзе Дзмітры Ярмалюк прызнаўся, што таксама здзіўлены актыўнасцю беларускай дыяспары ў Латвіі, яе працаздольнасцю. “Мы рады бачыць беларусаў з гэтай прыбалтыйскай краіны ў нас у гасцях, — казаў ён. — Людзей розных узростаў і прафесій, але шчыра адданых Беларусі. Менавіта вы фармуеце прывабны і пазітыўны імідж роднай краіны, яе народа. Вы — творчая інтэлігенцыя, а ваша праца — сапраўды ўзор народнай дыпламатыі”.

На гасціннай зямлі Каралеўства Бельгія нас чакаў сюрпрыз: экскурсія па Бруселі з гідам Аркадзем Сухалуцкім. Ён правёў нас па турысцкіх сцежках горада, пазнаёміў з яго шматвяковай гісторыяй пакут і перамог, барацьбы жыхароў за свой дабрабыт.

Ад’язджаючы дадому, мы былі ад душы ўдзячныя за цудоўнае падарожжа Андрэю Мамыкіну і яго памочнікам Рыгору Свердліку і Наталлі Сысоевай, а таксама кіраўніцы нашай дэлегацыі Алёне Лазаравай.

Члены рэдкалегіі газеты СБЛ “Прамень” 

Іна Олесава 

і Алёна Міцкевіч, 

Рыга — Брусель — Рыга

Голас Радзімы № 25 (3529), пятніца, 7 ліпеня, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter