Шчучын выйграў грант Еўрасаюза, за які змагаліся 360 проектаў з трох краін

Вам захочацца вярнуцца ў гарадок

Шчучын – горад, пакуль не раскручаны для турыстаў, але хутка ўсё зменіцца: ён будзе здзіўляць гасцей. Тут пабудуюць канцэртную пляцоўку, аб’яднаюць музеі, распрацуюць незвычайныя экскурсійныя маршруты — як зменіцца старадаўні правінцыяльны гарадок, карэспандэнт «Р» даведалася на месцы.

У Шчучыне ў хуткім часе з’явяцца таблічкі з гістарычнымі назвамі вуліц.

Ад Мінска да Шчучына — 220 кіламетраў. Дарога не стаміла, маршрутка туды хутка прымчалася па прамой трасе М-6. У пункце Б на аўтастанцыі прапануюць:

— Да цэнтра пешшу доўга прыйдзецца ісці. Садзіцеся на аўтобус, ён будзе хвілін праз 15.

Не паслухалася, каб вывучыць наваколлі. Па шляху да мясцовага Біг-Бэна, так тут называюць вежу XIX стагоддзя, стаяць прыватныя дамы, невялікія прадуктовыя магазіны, грушы і яблыні галінамі цягнуцца ў вокны. Жыццё ціхае і стабільнае. Чытаю ў інтэрнэце: «Апроч таямніц і легенд, у Шчучыне захаваліся ўнікальныя помнікі гісторыі». Азнаёміцца з імі дапамагае Аляксандр Амшэй, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Шчучынскага райвыканкама:

— Прыезджым хутка ў нас будзе прасцей арыентавацца — у горадзе ўсталююць сімпатычныя паказальнікі, — мой гід звярнуў да будынка, які я пазнаю нават без таблічкі.

Малюнак палаца Друцкіх-Любецкіх не так даўно красаваўся ва ўсіх сюжэтах навін — будынак канца XIX стагоддзя рэканструявалі да Дня пісьменства. З тых часоў ён адкрыты для турыстаў. Зазіраю ў пабудову, па кампазіцыі і дэкоры вельмі падобную на Малы Трыанон у французскім Версалі. Унутры высокія столі, вялікія шкляныя люстры, сцены ўпрыгожаны дрэвам — шыкоўны інтэр’ер здзіўляе. І не толькі мяне.

— У захапленні нават самыя спакушаныя турысты. Прыязджаюць групы беларусаў, госці з Расіі, Літвы, Латвіі. Былі нават з Амерыкі — сваякі сусветна вядомага навукоўцы Ігната Дамейкі, які першыя крокі ў навуцы зрабіў менавіта ў Шчучыне, — экскурсавод Таццяна Трахімчык гатовая цэлымі днямі знаёміць гасцей з музейнымі экспазіцыямі. Суразмоўца лічыць сябе шчаслівым чалавекам — у адрозненне ад іншых офісных работнікаў, яе пісьмовы стол размешчаны на месцы параднага хола рэзідэнцыі княскага роду. У такой шыкоўнай атмасферы заўсёды прыемна працаваць.

Зноў выходзім у горад — дзе-нідзе на шляху заўважаю незвычайныя расліны. Адкуль такая экзотыка? Аляксандр Амшэй пералічвае:

— У Шчучыне расце шаўкоўніца, маньчжурскі арэх, буйналісцевая ліпа, хвоя Веймутава і многае іншае. Усё гэта — рэшткі раскошы. Шмат дзесяцігоддзяў назад у рэгіёне быў вялікі батанічны сад, які разбіў вучоны, манах Станіслаў Баніфацый Юндзіл. Ужо распрацаваны займальны веласіпедны маршрут па экзатычных месцах, якія захаваліся. Зараз яго абкатваюць вучні мясцовай гімназіі.

Нядаўна горад адзначыў 500-гадовы юбілей: па самых сціплых падліках, на яго сабраліся 30 тысяч гасцей. У асноўным імпрэзы разгарнулі ў раёне былога аэрадрома. Але для канцэртаў пляцоўка не вельмі падыходзіць. Не змесціць усіх жадаючых і мясцовы Палац культуры. Горад шмат гадоў меў патрэбу ў прасторным амфітэатры — і вось час надышоў.

— Вялікая разборная сцэна з’явіцца на тэрыторыі гарадскога стадыёна. Закупім магутнае гукавое абсталяванне, каб ладзіць маштабныя канцэрты, буйныя фестывалі, — Аляксандр Амшэй праводзіць да светлага будынка з надпісам «Алімп».

Знешне комплекс выглядае прыстойна, а вось за варотамі — гняце. Але праз некаторы час усё зменіцца да лепшага: Шчучын выйграў грант Еўрасаюза, за які змагаліся 360 праектаў з трох краін. Цяпер гораду выдзеляць 500 тысяч еўра, каб прывесці стадыён у прыстойны выгляд. Вялікую суму на рамонт выдаткуюць з раённага бюджэту. У «Алімпе» з’явіцца больш за 3200 новых пластыкавых сядзенняў, над трыбунамі для гледачоў абсталююць спецыяльны воданепранікальны казырок, побач установяць вялікі лічбавы экран 6 на 3 метры.

— Шчучын гатовы ветліва сустракаць адразу тысячы гасцей: з культурнай праграмай і грамадскім харчаваннем у нас усё ў парадку. Адзінае пытанне — жыллё. Гасцініцы ёсць, але яны невялікія. Добра, што нашых гасцей на начлег прымаюць суседнія Ліда і Гродна. Зараз думаем падключыць мясцовыя аграсядзібы.

У рэгіёне таксама чакаюць наплыву польскіх турыстаў. Ёсць класная ідэя: стварыць экскурсійны маршрут пад назвай «Ад Шчучына да Шчучына». Гэта паездка з аднаго горада ў другі — з беларускага ў польскі. Гарады-пабрацімы — цёзкі, прычым сябруюць ужо вельмі даўно.

У правінцыі плануюць, як прыцягнуць іншаземцаў, але і нам, беларусам, самім трэба пабываць у Шчучыне. У старадаўнім горадзе ёсць магчымасць здзейсніць авіяпрагулку, убачыць, дзе знаходзіўся ў палоне славуты француз Шарль дэ Голь, пабываць у замку з прывідамі — палацы Чацвярцінскіх у суседнім Жалудку.

ypopko@bk.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter