В конкурсе частушек «СГ» участницы из Белыничского района и Ганцевичей

Вам СК – не СДК, добрай музыкі няма. Вось бы выйграць прыз галоўны – падарунак у клуб цудоўны!

Паважаныя чытачы! З сумам паведамляем вам, што наш конкурс прыпевак на вясковую тэматыку падышоў да завяршэння — 30 лістапада мы атрымалі апошнія заяўкі на ўдзел. Нам было вельмі цікава чытаць вашы творы — іранічныя, жартоўныя, мілагучныя. Зусім хутка конкурсная камісія вызначыць пераможцаў. Да 31 снежня на старонках выдання паведамім, хто заняў прызавыя месцы. А пакуль будзем друкаваць творы, з якімі яшчэ не паспелі пазнаёміцца чытачы.


Вельмі цёплы ліст прыйшоў да нас з вёскі Заполле Бялыніцкага раёна. Тамара Хітрыкава віншуе калектыў рэдакцыі з юбілеем. Лічыць, што 100 гадоў — гэта, канечне, шмат, але газета не старэе, а, наадварот, з кожным выпускам мала­дзее і прыгажэе.

— У выданні задавальняе ўсё: і зручны фармат, і разнастайная тэматыка, і каляровае афармленне, і арыгінальныя спосабы падачы кантэнту. Газета разлічана на любы ўзрост і густ. Яна расказвае аб поспехах і праблемах развіцця сельскагаспадарчага комплексу краіны. Але не хлебам адзіным жыве чалавек. У «Сельской газете» шмат матэрыялаў і аб культурным жыцці ў вёсцы. У аграгарадках людзі маюць магчымасць рэалізаваць творчы патэнцыял. Цяжэй з гэтым у аддаленых невялікіх вёсках. У такой жыву і я, — паведамляе Тамара Хітрыкава. — Вось тут і прыходзіць на дапамогу ваша газета. Аповеды пра таленавітых людзей, творчыя здабыткі, разнастайныя конкурсы і віктарыны настройваюць чытачоў на пазітыў. У іх узнікае жаданне спрабаваць сябе ў творчасці. Так здарылася і са мной.

Жыхарка Заполля піша, што 49 гадоў адпрацавала ў роднай вёсцы настаўнікам пачатковых класаў і ўвесь гэты час актыўна ўдзельнічала ў мастацкай самадзейнасці. Ёй ужо пераваліла за восьмы дзясятак, але гэта не перашкаджае быць «артысткай»: чытае жартоўныя вершы і байкі, спявае прыпеўкі, якія складае сама. З вялікай увагай сочыць за нашым конкурсам, але прыняць удзел не адважвалася.

— Але ж не святыя гаршкі лепяць. І вось пад фінал вырашыла адправіць на суд журы прыпеўкі пра родную вёску Заполле, яе людзей і іх справы, прыгажосць роднай прыроды. Няхай вяскоўцы, якія будуць чытаць іх, даведаюцца пра яшчэ адзін маленькі куточак нашай роднай Беларусі, — напрыканцы дадала Тамара Хітрыкава.

Прыпеўкі пра Заполле

Я прыпеўку на прыпеўку,
Як на нітачку, вяжу,
Пра жыццё ў роднай вёсцы
Я вам сёння прапяю.

Як была я маладая,
У вёсцы весела было.
І куды ўсё прапала,
І куды ўсё сплыло?

Стаіць любае Заполле
Ўздоўж вузенькай ракі.
Тут прыгожыя мясціны:
Лес, балоты і лугі.

Добра ў нашай вёсцы летам:
Грыбы, ягады здавай —
Будзе ўнукам на цукеркі
І сабе на «моцны» чай.

У жыцці ўсё бывае:
Радасць, гора і пад’ём
Весялей каб крыху стала,
Песні пра сябе пяём.

Ты, Малахаў, будзь ласкавы,
Разбяры ў суседкі справы:
Запісаць каго ёй татам —
Віцьку, Міцьку ці Ігната?

Лупанула Мар’я дзеда
Па гарбе лапатаю:
«Колькі раз табе казала:
Не ляжы пад хатаю!»

Мой мілёнак кучаравы
Дужа непрыгожы.
У Міцьковых ёсць баран,
На яго пахожы.

Мабыць, так нідзе не робяць,
Як у нашых у краях.
Нават куры прападаюць
У вяскоўцаў па начах.

Вам СК — не СДК,
Добрай музыкі няма.
Вось бы выйграць прыз галоўны —
Падарунак у клуб цудоўны!

Наступнае паведамленне дайшло да «СГ» з Ганцавічаў. Аксана Карповіч, жыхарка райцэнтра, зараз у дэкрэце — гадуе сыночка Данілу. Так здарылася, што мы патэлефанавалі нашай канкурсантцы, калі тая толькі выпісалася з радзільні. Віншуем сям’ю Карповічаў з папаўненнем! Аксана Уладзіміраўна вырашыла падзяліцца вершаванымі гісторыямі, якія насамрэч адбыліся ў сям’i на малой радзіме — у вёсачцы Шашкi Ганцавіцкага раёна. Кажа, гэтыя замалёўкі склала само жыццё. Усміхнёмся разам.

Зорка і я

«Хоць табе гадоў нямнога,
А заданне трэба даць:
Ты — матулі дапамога,
Будзеш з пашы Зорку гнаць.

Хопіць лынды ўжо біць,
Да работы прывыкай!
Сёння навучу даіць,
А пакуль ідзі страчай».

Я сваю скаціну знаю:
Паскі два ўздоўж спіны.
З пашы я яе чакаю,
Клічу: «Гэй, хадзі сюды!»

Ды кароўка толькі ходу,
Ёй зусім не да мяне,
Накіруецца ў шкоду,
Хлеў, канешне, праміне.

Я ўспомню пра гасцінец —
У кішэні луста хлеба,
І кароўка бег прыпыніць —
Агароды ўжо не трэба.

У хляве далей навуку
Буду з мамай спасцігаць.
Набіваць, як кажуць, руку,
Цыцку пругкую цягаць.

Дзён праз пару я спыніла маму:
«Буду я даіць!»
Вымя боязна памыла,
Зорка ціхенька стаіць.

Малако струменіць шумна,
Аб вядро так звонка б’е.
Зорка трымаецца разумна,
Нават вухам не вядзе.

Я даярка неблагая:
Паўвядзерца малака
Праз гадзіну ўжо маю,
Клічу радасна ката.

Толькі ў наш катух убіўся
Нейкі страшны крывасмок,
Да кароўкі прычапіўся,
Укусіў, відаць, за бок.

А рагуля з перапуду
Капытом, ды па вядру…
Мусіць, больш даіць не буду…
Маме, што цяпер скажу?

Свежыне быць без гарэлкі

Гэта здарылася ўзімку.
Падхапілася на золку
Увішная гаспадынька:
У хляве рыкала Зорка.

Пазяхаючы, спяшала
У варыўню ўзяць вядро,
Толькі там яе чакала
Вельмі страшнае кіно...

Над сталом сядзеў калматы
Нехта грузны, невядомы.
Ёй у поцемках рагатым
Той падаўся незнаёмы.

Уключальнік, здэцца, згінуў.
Ногі, быццам, прыраслі.
І ўжо не да скаціны,
Калі дыбам валасы!

— Вочы ў страха шчэ якія —
Мне баяцца ўжо годзе.
Бабы мы ўсе дурныя,
Лепш паклічу я Валодзю.

Той ускочыў з ложка хутка.
Босы, у сподніках пабег.
— Нешта здарылася з Людкай —
Чапельнік схапіць не грэх.

У варыўню ўскочыў гнеўна,
Злосна ляснуў па святле —
Там пахрапваў гэтак спеўна
Той, хто спаў у кажусе.

Гаспадар нядоўга думаў —
Госця выпхнуў з-за стала,
Чапельнікам па карку сунуў
І ўклеіў кухталя.

Небарака да парога
Скіраваў на чатырох:
Ён набраўся сёння многа —
Слова вымавіць не мог.

Людка сыпала праклёны:
«Каб табе быў свет не мілы!
Ах, сабака ты шалёны,
Ледзь не звёў мяне ў магілу!»

І Валодзю ўляцела:
«Колькі раз табе казаць,
Каб будова не хляпела,
Нанач трэба замыкаць!

Генка як сюды ўбіўся?
Ён ніколі ў нас не быў.
Недзе ж дужа ён напіўся,
Чым займаўся, што рабіў?»

Зірк на печ — і стала блага:
«Няўжо залез туды,
Дзе расчыненая брага
Да заколвання свінні?»

На чарэнь яна з праверкай:
У флязе толькі крышаны.
Свежыне быць без гарэлкі,
Генцы быць без галавы.

Призы и дипломы вручат победителям до 26 февраля 2021 года.

С полным текстом положения о проведении конкурса частушек на сельскую тематику можно ознакомиться на сайте www.sb.by, там же размещен образец заявки на участие.

Телефон горячей линии по вопросам проведения конкурса (8-017) 311-04-40 в рабочие дни с 10:00 до 17:00.

До получения приза победитель вносит на расчетный счет Организатора сумму подоходного налога, подлежащую уплате согласно законодательству Республики Беларусь.

bizyk@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter