«И это все – мы?»: сколько семья из двух человек собирает за неделю мусора, который еще можно переработать

Вам пакет!

Выпілі ваду? Бутэльку ў сметніцу! Шампунь скончыўся? Туды ж флакончык ад яго! А вось, дарэчы, і грэчка канчаецца. Упакоўку — ва ўтыль! Пералічваць тое, чым мы карыстаемся і што заканчваецца, можна бясконца. Але нельга не глядзець праўдзе ў вочы: пасля сябе чалавек пакідае горы смецця. Каб зразумець, наколькі шмат і што з гэтым рабіць, карэспандэнт «Р» зладзіла хатні эксперымент — ты­дзень збірала сваё смецце, каб паглядзець, колькі ж яго дакладна можа быць.

Усё больш беларусаў збіраюць адходы паасобна. А вы – сярод іх?

Калекцыя смецця


Вы, напэўна, адразу хочаце сказаць: «Вядома, назбіраецца шмат!» А колькі гэта «шмат»? Якога памеру гэтае «шмат»? Я ўжо больш за тры гады збіраю смецце паасобна: бытавыя адходы тыпу лупін ад банана, бульбяных ачыстак альбо курыных костачак — у адно вядро. Пластыкавыя бутэлькі, паперу, шкло — у другое. Пасля выкідваю ў кантэйнеры па прызначэнні. У мяне дзве сметніцы, і чамусьці многіх гэта шакіруе. Але ў маім асяроддзі таксама ёсць людзі, якія маюць адну сметніцу — для бытавых адходаў толькі, а тое, што можна перапрацаваць, яны проста скла­дзіруюць у калідоры і выносяць па прызначэнні. Напрыклад, спісаныя дзецьмі сшыткі — яны знойдуць сабе месца ў спецыяльнай скрынi для макулатуры. Ну пагадзіцеся, не цяжка ж гэта?

Першы дзень праверкі. Склад­ваць адходы мы будзем, вядома, у пластыкавы пакет. Для пачатку, не разбіраючыся ў тым, чаму будзе дадзена другое жыццё, а што пакуль па некаторых прычынах, на жаль, у нас у краіне нельга перарабiць, будзем проста складваць смецце, каб па выніку ацаніць маштабы.

Падчас сняданку ў пакет легла ўпакоўка ад дзясятка яек. Дадалася да яе ўпакоўка ад макароны. І чаму б не даесці апошнюю цукерку з падарунка? Фанцік ад яе таксама адпраўляем у сметніцу.

Дзень другі. У мяне скончыліся шампунь і дэзадарант — флаконы ў пакет. А вось i 6-літровая бутэлька ад вады падаспела. Бляшчанка ад маслін? Бывай! Вяршкі для кавы заканчваюц­ца, трэба новыя купляць — упа­коўцы ад іх пара сыходзіць з нашага дома.

Дзень трэці, чацвёрты мы нават не звярталі ўвагі на пакет. Але ўжо да пятага дня мне намякнулі: «Можа, выкінем?» Не, мы ўсё яшчэ не бачым маштабаў нашага апетыту! На шосты дзень я зразумела, што пакет проста не вытрывае: ён пачаў трашчаць па швах і паказваць, што ўпакоўку ад сасісак не прыме — нават не спрабуй яе ўпіхнуць. Прыйшлося прызнаць: пара заводзіць другі пакет — колькасць смецця была велізарная… Да таго ж на шосты дзень пакеты пачалі папаўняцца каробачкамі ад таблетак — я захварэла.

Сёмы дзень. Мы больш трываць не маглі. Па-першае, хацелася смецце далей ад вачэй прыбраць — неяк яно не настройвала на станоўчы лад. Па-другое, было сорамна: гэта не пакеты — гэта пакецішчы смецця! Мы, аказалася, страшныя спажыўцы — вось аб чым гаварылi вынiкi нашага эксперыменту.

 Брута i нета


Шэсць пластыкавых бутэлек: ад пітной вады, малака, напояў. Некалькі бляшанак, дзве ўпакоўкі ад яек, дзве ад вяршкоў, упакоўка ад кетчупа, 10 пакетаў ад агародніны і садавіны, упакоўкі ад круп і макароны, парашку і шампуню, таблетак і касметыкі, слоікі ад закатак... Усяго 43 прадметы! «Гэта ўсё мы? I гэта ўсяго за тыдзень?» — вось такой была наша рэакцыя.

Толькі пасля таго, як пабачылі, колькі за тыдзень пасля нас застаецца смецця, мы задумаліся: якія маем спосабы скараціць колькасць адходаў?

Звяртаюся да чат-бота Цэнтра экалагічных рашэнняў у Telegram, які падкажа па кожным тавары: як правільна сартаваць смецце і дзе знайсці альтэрнатыву аднаразовым таварам, якія, на жаль, адправяцца на 100 працэнтаў на звалку. Напрыклад, дае бот такую параду: «Аддавайце перавагу таварам без упакоўкі або з мінімальнай яе колькасцю», «Для пакупак выкарыстоўвайце паўторна пакеты або насіце сумку з тканiны», «Аддавайце перавагу ўпакоўцы з матэрыялаў, якія можна выкарыстоўваць паўторна або перапрацаваць — шкло і папера» і іншыя. Бот дае парады, куды выкінуць, напрыклад, цэлафан, поліэтылен і іншае. Ад бота даведалася, што, аказваецца, складзеныя мной з такой упартасцю ўпакоўкі ад марожанага, цукерак і круп, на жаль, павінны пайсці ў кантэйнер агульнага смецця — гэта ў нас не перапрацоўваецца. Але ўпакоўку, што ў мяне была з паперы, пластыку, шкла, алюмінію, я нарэшце аднесла па адрасе, яшчэ раз зразумеўшы: мы часта выносім з дому смецце, таму што нам ад гэтага непрыемна. Недзе далёка ад нашых дамоў яно збіраецца ў горы, якія, калі мы не возьмемся за модную звычку быць экалагічна дружалюбнымі, хутка будуць зноў каля нас — ля нашых дамоў.

На верным шляху


Каб даведацца, а што ж кажа статыстыка аб нашым стаўленні да адходаў, звярнулася ў ДУ «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў». І аказалася, што ўсё больш беларусаў збіраюць адходы паасобна: за 2018 год усяго ў краіне сабрана 714,3 тысячы тон другасных матэрыяльных рэсурсаў (ДМР). Гэта на 9,2 працэнта больш, чым у 2017 годзе. Калі параўноўваць з 2010 годам, то аб’ёмы збору выраслі ў 2,1 раза! Што ўвайшло ў тыя леташнія больш за 700 тысяч тон? Адходы паперы і кардону — 355,9 тысячы тон, адходы шкла — 189,5 тысячы тон, адходы пластыку — 85,8 тысячы тон, зношаных аўтамабiльных шын — 51,9 тысячы тон, адпрацаваных аўтамабільных масел — 16,8 тысячы тон, адходы электроннага і электрычнага абсталявання (старой бытавой тэхнікі) — 14,4 тысячы тон. Што тычыцца выкарыстання камунальных адходаў, то ў мiнулым годзе ўзровень дасягнуў 18,8 працэнта. Для параўнання: годам раней узровень выкарыстання цвёрдых камунальных адходаў складаў 17,2 працэнта.

Галоўнае, запомніць асноўныя рэчы, якiя могуць быць перапрацаваныя i якiя трэба збiраць асобна ад змяшанага смецця.

Ніна Кульбеда, галоўны спецыяліст па інфармацыйнай працы ДУ «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў», расказвае:

— Грамадзяне сталі часцей звяртацца з пытаннямі і ініцыятывамі ўстаноўкі кантэйнераў для збору паперы, шкла і пластыку ў сваіх дварах. Шмат запытаў з боку супрацоўнікаў офісаў: пытаюцца, як ім арганізаваць збор макулатуры, пластыку. Напрыклад, некаторыя кампаніі цэнтралізавана закупляюць абеды ў стандартнай упакоўцы. Шмат зваротаў з боку кафэ і рэстаранаў. Нягле­дзячы на тое што ёсць Закон «Аб абыходжанні з адходамі», які патрабуе, каб кожная юрыдычная асоба збірала паасобна сваё смецце, якое ўтвараецца падчас іх вытворчасці, эканамічнай дзейнасці, некаторыя не ведаюць пра гэтыя абавязкі і звязваюцца з намі.

У цэлым, падкрэслівае спецыяліст, сартаваць бытавое смецце сапраўды няцяжка. Галоўнае, трэба запомніць асноўныя рэчы, якiя могуць быць перапрацаваныя i якiя трэба збiраць асобна ад змяшанага смецця: усе пластыкавыя бутэлькі ад напояў, ёмістасці і тара ад касметыкі і бытавой хіміі, не забруджаныя харчовымі адходамі поліэтыленавыя пакеты, макулатура і шкло. У дадзены момант ДУ «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў» уваходзіць у працоўную групу, якая бу­дзе выпрацоўваць план мер па памяншэнні выкарыстання пластыкавай тары і замены яе на шкляную. Ужо з гэтага года ў грамадстве зробяць інфармацыйны акцэнт на тым, што ў абыходжанні з адходамі наша адказнасць не заканчваецца на тым, як нашы бытавыя звычкі ўплываюць на колькасць смецця i што мы можам i павiнны зра­бiць, каб смецця ўтваралася менш. Ніна Кульбеда дадае:

— У наш час смецце ўжо не такое бяспечнае, якім яно было раней. Часцей выкарыстоўваюцца складаныя сінтэтычныя матэрыялы.  Яны пасля тэрмiну службы з цягам часу раскладаюцца і пры ўздзеянні сонца ці выпадковым узгаранні выклікаюць выкіды хімічных элементаў, што нясуць небяспеку для здароўя чалавека. Ніхто ж не хоча, каб побач з іх населеным пунктам з’явіўся палігон, на якім будуць захоўвацца такія адходы.


Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter