Валянціна СТЭЛЬМАХ (Беларускае радыё): «Мае «Звычайныя гісторыі» завяршаліся нават шлюбамі…»

Яшчэ ў студэнцкія гады яна стала супрацоўнічаць з Беларускім радыё, з якім не развітваецца ўжо больш за 30 гадоў
ЯШЧЭ ў студэнцкія гады яна стала супрацоўнічаць з Беларускім радыё, з якім не развітваецца ўжо больш за 30 гадоў. А пачынала яна на радыёстанцыі «Беларуская маладзёжная», падчас працы на якой пабывала ў найцікавейшых творчых вандроўках: ва Украіне, у Прыбалтыцы, Арменіі, Малдове, Расіі — на Пскоўшчыне, у Цюмені, Карэліі, Шушанскім, а таксама на радзіме Юрыя Гагарына, дзе сустракалася з яго маці, ды і ў многіх іншых памятных мясцінах. Лаўрэат прэміі прафсаюзаў БССР, лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў «Залатое пяро», заслужаны журналіст Беларусі Валянціна СТЭЛЬМАХ вяла праграмы «Ваша пытанне», «Твой сучаснік», «Радыёлетапіс народнай славы», «Для тых, хто дома», «Парафраз па панядзелках», «У кампаніі з зоркай», «Дыялогі аб спрадвечным»… 

СЁННЯ Валянціна Стэльмах працуе над адным са сваіх любімых праектаў — «Звычайныя гісторыі», ці «Гісторыі з канвертаў», наступная праграма выйдзе 17 студзеня. Прыйшла паслянавагодняя пошта, і натхнёная журналістка вельмі задаволеная, эмоцыі так і бурляць: «Я так захапілася лістамі! Радуюся як дзіця. Гэты праект дае мне такія эмацыянальныя сілы! Я проста «купаюся» ў перадачы. Увогуле, гэтай поштай я жыву. А лісты прыходзяць з усіх куточкаў Беларусі… Пачну наступную суботнюю перадачу з такога допісу: «Пад уражаннем апавяданняў радыёслухачоў у маёй памяці ўсплываюць і ажываюць падзеі, сустрэчы і гісторыі з дзяцінства, курсанцкага юнацтва, салдацкай і афіцэрскай службы. Калі праглядаю фотаздымкі тых гадоў, я ў думках вяртаюся ў маладыя гады свайго жыцця…»


— Што мяне асабліва захапіла ў гэтым лісце? Той, хто яго напісаў, як бы заклікае ўсіх слухачоў праграмы, натхнёных ёю, дасылаць нам ліст. А жыве ён у Віцебскай вобласці і называе сябе дзедам з хутара. І нават даў абяцанне: «У сілу сваіх магчымасцей і абставінаў жыцця ў вёсцы буду дасылаць вам свае гісторыі, каб выканаць свой абавязак перад праграмай». Ну дзе такое знойдзеш? — радуецца Валянціна Стэльмах.

Дарэчы, «Звычайныя гісторыі» выходзяць з верасня 2011 года. Шчымлівыя расповеды з канвертаў ва ўнісон тэме мяжуюцца песнямі, што вельмі кранае. Звычайныя і незвычайныя гісторыі, выпадкі з жыцця, зварот да басаногага дзяцінства, да бацькоў, да роднага краю, да хат маленства, назіранні за прыродай, жывёльным светам, шчырыя споведзі пра жыццё, сустрэчы, пра каханне з далёкай маладосці — пра такія кранальныя рэчы можна слухаць гадзінамі… 

Гляджу на радыёвядучую і думаю: яна сама магла б стаць гераіняй сваёй праграмы. Вельмі цікавая апавядальніца. Родам з вёскі Туры Столінскага раёна: 

— Недалёка ад майго дома рос разгалісты, не абхапіць, дуб. І хтосьці змайстравай там лаўку. На ёй сядзела і рыхтавалася да чарговых экзаменаў, калі вучылася ў школе, а потым ва ўніверсітэце. І гэты дуб стаіць у маіх вачах. На той лавачцы я, мабыць, спавядалася яму. Мне было прыемна там пасядзець, памарыць... Памятаю наш вясковы клуб, куды бегала на танцы… Дарэчы, у нашай вёсцы традыцыя — шырока адзначаць свята Тройцы. Называюць яго «Святок». І да гэтага часу на Тройцу ў Туры з’язджаюцца сваякі, дзеці вяскоўцаў. Вельмі люблю сельскіх людзей з іх мудрасцю і глыбокай інтэлігентнасцю. 

— У мяне дача ў вёсцы, на Міншчыне, — працягвае суразмоўца. — Там невялічкі дамок. Люблю зямлю і тое, што на ёй расце. Дача мне прыносіць вялікае задавальненне. Я там адпачываю, там нейкая іншая паласа жыцця. Вельмі люблю збіраць грыбы. Хоць я вясковая дзяўчына, але калі жыла з бацькамі, не надта цікавілася тым, што ў агародзе, у хляве. Праўда, старалася дапамаць маці, рабіла розную працу. Бо перад вачыма быў прыклад яе самой. Маці ў мяне вялікая працаўніца. Не магла склаўшы рукі сядзець на месцы, да ўсяго ў яе была справа. Яна нават разам са сваёй сястрой вышыла крыжыкам дыван памерам паўтара на два метры! Памятаю, суседкі гаварылі матулі: «Ды пасядзі ты з намі на лавачцы». Але дзе там!.. Мабыць, я ў маці пайшла. А тата мой у свой час быў кіраўніком мастацкай самадзейнасці ў нашым вясковым клубе, хоць самавучка — іграў на баяне, на гармоніку, трошкі напяваў… Дарэчы, вельмі люблю беларускія народныя песні, і наогул усё народнае. Нават магу расплакацца, калі чую такую песню.

Колькі сябе памятае радыёвядучая, увесь час марыла стаць журналістам: 

— Можа, таму, што ў школе сачыненні нядрэнна пісала. А паступіла на журфак БДУ за трэцім разам. Да гэтага два гады працавала ў лагойскай раённай газеце «Ленінскі сцяг». Выдатныя часы!.. На радыё зачапілася, калі была студэнткай. І ўжо на пятым курсе, яшчэ да размеркавання, мяне ўзялі на працу. 

Дарэчы, дачка Валянціны Васільўены таксама працуе на радыё. А сын у яе студэнт, будучы будаўнік. 

Моцнае творчае сяброўства ўстанавілася ў радыёвядучай з многімі яе слухачамі, аўтарамі гісторый: 

— Вера Іосіфаўна Шыловіч з вёскі Свяціца Ляхавіцкага раёна — цудоўная жанчына! Былая настаўніца. У лістах узгадвае шчымлівыя гісторыі. Нават да святаў свае вершы дасылае. Яна заўсёды знойдзе нешта такое, каб нас парадаваць і чулыя моманты перадаць у сваіх гісторыях… Раіса Сяргееўна Вязава з вёскі Загор’е Пружанскага раёна — таксама пастаянная наша слухачка... Яшчэ ў нас ёсць Ціна Хутаранка, якая сябе так назвала, з Брэсцкага раёна. Яніна Браніславаўна Лянкевіч з Івянца Валожынскага раёна дасылае нам свае назіранні за жыццём, якія вучаць дабрыні, спагадзе да людзей, да жывёл. 

Аднойчы ў праграму напісаў Мар’ян Дзевяцень са Смаргонскага раёна. Вельмі хораша расказаў сваю гісторыю, якая прагучала на радыё, і Валянціна Васільеўна мне яе цытуе: «У маладосці я працаваў у калгасе шафёрам. Даводзілася бываць у розных мясцінах, сустракацца з рознымі людзьмі. Надоўга запомнілася мне гісторыя, якую я назваў бы так: «Букет для жанчыны, якая ўмее чакаць». А было так. Неяк у нашу вёску я падвёз салдаціка. Той з букетам. Выйшаў з машыны, накіраваўся да адной з хат і праз кароткі час — бягом назад. І бачу па ўсім, што засмучаны ён, знерваваны. Потым ужо ў дарозе Толік, так звалі салдаціка, з роспаччу распавёў, што дзяўчына, да якой ён прыязджаў, не дачакалася яго з арміі. Некуды з’ехала… Я стараўся падбадзёрыць яго: маўляў, усё ў цябе будзе добра, сустрэнеш яшчэ сваю палавінку верную, самую прыгожую. А Толік толькі прамовіў на развітанне: «Падарыце, калі ласка, гэтыя кветкі жанчыне, якая ўмее чакаць». Вы думаеце, каму я падарыў? Сваёй любімай жонцы, таму што мая Галіна ўсё жыццё ўмела чакаць: з маіх камандзіровак, шафёрскіх вандровак. Яе гэта, канешне, вельмі кранула. А яшчэ я падумаў: «Трэба сапраўды часцей нам, мужчынам, дарыць кветкі сваім жанчынам». 

Пасябравала са «Звычайнай гісторыяй» і цудоўная пара — Соф’я Аляксандраўна і яе муж Вячаслаў Адамавіч Меляшкевічы з пасёлка Мар’іна Пухавіцкага раёна. Дарэчы, Валянціна Стэльмах адкрыла яшчэ адзін сакрэт — сёння, у чарговай перадачы («Звычайныя гісторыі» ў эфіры штотыднёва ў суботу а адзінаццатай гадзіне), будзе гучаць у эфіры і ліст ад Вячаслава Адамавіча.

— Валянціна Васільеўна, ці бывае, што праз вашу праграму людзі знаходзяць адзін аднаго? Напрыклад, пачулі знаёмае прозвішча і напісалі вам…

— Было, што мужчына праз Беларускае радыё знайшоў сваё першае каханне. І потым гэтую гісторыю я распавяла ў «Звычайных гісторыях». Ён і яна сустракаліся ў маладосці, але потым неяк у іх не атрымалася, разбегліся. І праз трыццаць гадоў (!) ён слухае віншавальную перадачу па радыё і чуе імя і прозвішча маці сваёй каханай. Потым ён і яна сустрэліся і нават… пабраліся шлюбам! Цяпер жывуць душа ў душу. Вось гэта тое сапраўднае каханне, таму што яны не могуць нагаварыцца, не могуць нарадавацца адзін з аднаго… 

АЎТАР і вядучая праекта «Галерэя» (радыёпартрэты сучаснікаў) — таксама Валянціна Стэльмах. Праграма ў эфіры радыё з 2002 года. Зараз выходзіць кожную суботу ў 21.30. На наступны дзень а 10-й гадзіне раніцы яе паўтор. 

Між іншым, самай першай гераіняй праграмы «Галерэя» стала Варвара Міхайлаўна Саламаха, Герой Сацыялістычнай Працы, у савецкія часы знакамітая ткачыха. Потым была сустрэча з Мікалаем Аляксандравічам Барысевічам, таксама Героем Сацыялістычнай Працы… 

— У апошняй праграме, якая выйшла 3 студзеня, галоўны герой — Аляксандр Пятровіч Быкаў, былы планерыст, лётчык. Цудоўны чалавек! У чэрвені 2014-га яму споўнілася сто два гады! З ім сустракалася напярэдадні навагодніх святаў. Паўстагоддзя аддаў Мінскаму аэраклубу. Ён уразіў тым, што закончыў сваю працу ў 1994 годзе, калі яму было ўжо ого-го колькі гадоў. А пачынаў у 1933 годзе. Ён — майстар спорту СССР, заслужаны трэнер БССР па планерным спорце, пераможца многіх міжнародных, усесаюзных і рэспубліканскіх спаборніцтваў. Яму пашчасціла ўдзельнічаць у знакамітым паветраным парадзе ў Маскве ў 1955 годзе, які быў прысвечаны Дню паветранага флоту СССР. 

А выбралі для гэтай падзеі самых-самых лепшых лётчыкаў з усяго Савецкага Саюза. І яны, у тым ліку і Аляксандр Пятровіч, выконвалі фігуры вышэйшага пілатажу і выпісалі ў небе над Крамлём фразу «Слава КПСС»… 

Аднойчы фермер Аляксандр Грынкін сам знайшоў Валянціну Стэльмах, патэлефанаваў ёй: «Хачу з вамі сустрэцца». І неўзабаве стаў героем праграмы. Аляксандр з-пад Ракава, жыве на хутары адзін. Вырошчвае 92 гатункі вінаграду, а таксама грушы, яблыні, грэцкія арэхі. Разводзіць пчол. Выдаў кнігу сваіх вершаў. І вельмі зацікавіліся Аляксандрам Грынкіным слухачы праграмы «Галерэя», пісалі і тэлефанавалі. 

Звычайна ў журналістаў, якія працавалі многа і натхнёна, заўсёды ёсць нейкі асаблівы падарунак, атрыманым на памяць. Такі найшоўся і на стале ў Валянціны Васільеўны. Прывезены з кантынента, дзе кіламетры лёду і снегу! Гэта камень з далёкай… Антарктыды. Прыгожанькі, незвычайны. 

— Камень падарыў мне яшчэ адзін мой улюбёнец — Юрый Рыгоравіч Гігіняк, наш беларускі палярнік. Ён пабываў у экспедыцыях у Антарктыдзе. Чалавек сціплы, нейкай іншай закалкі. Таксама ўлюбёны ў жыццё. Ад яго ідзе нейкая светласць! У яго не бывае дрэннага настрою. Дарэчы, ён расказаў, што ў Антарктыдзе і храм ёсць, які завезлі з Расіі. Там нават вянчалася адна пара — расіянін і чылійка, — дзеліцца Валянціна Васільеўна.

ТРЭЦІ праект, які вядзе радыёжурналіст Валянціна Стэльмах, — «Эпізоды Вялікай вайны». Гэта дакументальна-публіцыстычная перадача — удзельніца конкурсу Міжнароднага саюза радыё і тэлебачання «URTI Радыё Гран-пры» 2014 года. Беларускі праект быў адабраны з 92 праграм-удзельніц, якія прадстаўлялі 34 краіны. Слухачам прапануецца віртуальная радыёэкскурсія па залах новага Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, знаёмства з экспазіцыямі, праз якія і далучэнне да лёсаў франтавікоў і партызан, падпольшчыкаў. Асаблівае месца ў праграме займае аповед пра тое, што на беларускай зямлі — у самым цэнтры Еўропы — тысячы помнікаў і мемарыялаў, звязаных з падзеямі Другой сусветнай вайны: «Хатынь» і «Брэсцкая крэпасць-герой», Курган Славы і «Прарыў», «Буйніцкае поле», «Бабруйскі кацёл» і многія-многія іншыя крывавыя аўтографы вайны, назаўжды ўпісаныя ў нашу гісторыю.

— Яшчэ працавала на радыёстанцыі «Беларуская маладзёжная», калі вяла тэму Вялікай Айчыннай вайны. Такім чынам шчырую над ёй дзесьці з васьмідзясятых гадоў, — успамінае Валянціна Васільеўна. — Памятаю святочнае шэсце па праспекце ў Мінску ў 1985 годзе. Юбілейны парад, ветэраны на адкрытых машынах, я бегала з рэпарцёрам за імі і запісвала гісторыі. Быў моцны дождж, прамокла да нітачкі, але ж лётала з задавальненнем, вельмі шчаслівая. 

Працуючы над тэмай Вялікай Айчыннай вайны, шмат дзе пабывала. Напрыклад, на адкрыцці помніка Аляксандру Матросаву пад Псковам. Удзельнічала ва ўсесаюзных злётах і паходах па месцах рэвалюцыйнай, баявой і працоўнай славы савецкага народа. З Брэсцкай крэпасці вяла рэпартажы. Напрыклад, прагучаў у эфіры «Адзін дзень Брэсцкай крэпасці». Супрацоўніцай музея ў крэпасці ў васьмідзясятыя гады была Таццяна Ходцава. Яна мне такіх герояў называла! Паказвала такія лісты ад абаронцаў Брэсцкай крэпасці, ад сем’яў, якія шукалі родных, вялі перапіску! 

Вядома, Валянціна Стэльмах і ў Хатыні часта бывала з рознымі дэлегацыямі.

— Здаецца, вывучыла там кожны каменьчык, кожны надпіс, — кажа яна. — У Дальву таксама ездзіла. Дарэчы, у нашым інжынерным цэху на радыё працаваў Мікалай Пятровіч Гірыловіч. Ён адзіны, хто з Дальвы застаўся. І таксама арганізоўваў туды паездкі. 

Героі праекта, іх лёсы, удзел у аперацыях, асабістае жыццё — заўсёды слухачам былі цікавыя такія сустрэчы. У праграме «Эпізоды Вялікай вайны» прагучалі галасы Герояў Савецкага Саюза і аповеды пра іх: Івана Ільіча Кустава, Віктара Ільіча Лівенцава, Анатоля Фёдаравіча Дзюбко, Івана Данілавіча Лебедзева, Васіля Сяргеевіча Мічурына, Івана Сцяпанавіча Міранкова, Міхаіла Федасеевіча Шацілу. А таксама Віктара Дзмітрыевіча Вятошкіна — сёння адзінага ў нашай краіне кавалера чатырох ордэнаў Славы. Разведчыца-радыстка спецгрупы Зоя Іванаўна Голікава падзялілася сваімі ўспамінамі, як і Марыя Міхайлаўна Фёдарава — партызанка брыгады «Штурмавая», і Іван Яфрэмавіч Дабрадзееў, які абараняў Маскву, потым стаў журналістам. Ды і Іван Герасімавіч Шчур — франтавы шафёр… 

Адна з апошніх камандзіровак вядучай праекта «Эпізоды Вялікай вайны» — у Жлобінскі раён, у пасёлак Чырвоны Бераг.

— Там размяшчаецца комплекс-мемарыял «Белы клас», які называюць дзіцячай Хатынню. Там уражанні і эмоцыі — проста праз край. І, напэўна, ніякія лічбы, факты так глыбока не раскажуць пра трагедыю дзяцей на вайне, як «Белы клас». У ім стаіць 21 парта на 42 вучні, аднак за гэтыя парты ўжо ніколі ніхто не сядзе. Не сядуць тыя самыя 1990 вучняў — дзеці-вязні канцлагера, які размяшчаўся ў невялікім пасёлку Чырвоны Бераг… Пабываўшы на мемарыяле «Белы клас», мы вырашылі ў год 70-годдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне працягваць запісы на месцах, дзе ёсць мемарыяльныя комплексы, помнікі, — дзеліцца на развітанне планамі Валянціна Стэльмах.

Вера ГНІЛАЗУБ, «СГ»


Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter