Валерка Мініч - унук прататыпа Грышкі Мініча з трылогіі "На ростанях"

НА вялікі жаль, мне не давялося бачыць жывога Якуба Коласа, чуць яго голас. Але журналісцкі лёс падарыў незабыўныя сустрэчы з мясцінамі, дзе ён жыў. У дзяцінстве я ў думках сябраваў з героямі трылогіі “На ростанях”.

Міхась ЛЫНЬКОЎ, Якуб КОЛАС і Пятрусь БРОЎКА, 1950-я гады.

ЖЫЦЦЁ распарадзілася так, што не толькі ў коласаўскай драўлянай хаце, якая побач з вёскай Мікалаеўшчына, каля чыстага Нёмана, углядаўся я ў лаўкі і сталы, кнігі і рушнікі, але яшчэ і чуў там роднага брата паэта – “няўрымслівага” Юзіка. Разам з ім хадзілі па падворку, дзе прайшло дзяцінства будучага песняра. Неаднойчы бываў і ў іншых мясцінах, звязаных з Коласам. Гэта і прыгарадная пінская вёска Пінкавічы, што выцягнулася ўздоўж паўнаводнай Прыпяці. Амаль паўвека езджу са сталіцы цягніком на роднае Палессе праз невялічкую чыгуначную станцыю Люсіна і ў думках уяўляю, як стагоддзе таму гэта глыбінка сустрэла маладога настаўніка. Мясцовыя сяляне сталі прататыпамі вядомай аповесці Якуба Коласа “У палескай глушы”.

Зусім нядаўна паміж Ганцавічамі і Лунінцам з’явіўся паўстанак Якуба Коласа, дзе на хвіліну прыпыняецца прыгарадны цягнік. Прыемна, што імя творцы не забыта. Некаторыя героі яго кніг звязаны з цудам таго далёкага часу – чыгункай. Апошняя частка трылогіі “На ростанях” так і пачынаецца: “Поезд зрушыўся з месца і пашыбаваў далей, набіраючы скорасць і пакідаючы за сабою густыя клубкі дыму. Лабановіч пастаяў з хвіліну, праводзячы вачамі поезд, завезшы яго ў гэты ціхі куток, дзе пачнецца новае жыццё…”

Даўно гэта было, больш як век таму. У 1906 годзе малады настаўнік прыехаў з палескай глыбінкі на Міншчыну. Чыгуначная станцыя Смалявічы сустрэла яго. Да вёсачкі Верхань дабіраўся на павозцы. Усё гэта і легла ў аснову эпічнай трылогіі Коласа “На ростанях”. У гэты куточак мяне прывялі журналісцкія шляхі-дарогі.

НАМ трэба было здымаць тэлепраграму да 110-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа. Паабапал палявой дарогі раскінуліся прывабныя прасторы, якія красамоўна апісваюцца ў главе “Верхань” коласаўскай трылогіі “На ростанях”. Тыя ж ручай і шлях, абсаджаны вербамі, сялянскія падворкі на ўзвышшы, хлебныя нівы, шырокі луг. Над усім быццам лунае светлая, чыстая душа творцы. Праўда, Верхань цяпер стала Верхменем. Замест абступаючага вёску балота зіхаціць люстэркам вады сажалка, у якую ўглядаюцца векавыя дрэвы, што павінны памятаць Якуба Коласа. Ён любіў слухаць шапаценне іх лістоты.

Некалькі пакаленняў змянілася за стагоддзе ў смалявіцкай вёсцы Верхмень. Навокал яе на пяці тысячах гектараў раскінуліся ўгоддзі аднаго з лепшых на Міншчыне РДУП “Шыпяны-АСК”. У мураванай сярэдняй школе створаны музей-тэатр Якуба Коласа, ім кіруе педагог-арганізатар Святлана Лютарэвіч. Неаднойчы прыязджаў сюды на сустрэчу сын песняра Міхаіл Міцкевіч. У час экскурсій музейная пляцоўка ператвараецца ў сцэнічную, і перад наведвальнікамі паўстаюць фрагменты з коласаўскай трылогіі “На ростанях” у выкананні школьных акцёраў. У сярэдзіне лістапада чакаецца прыезд музейных работнікаў сталічнай вобласці.

На адным са стэндаў школьнага музея выпісаны коласаўскія радкі: “Тут, на высокай і даволі прасторнай пляцоўцы, і знайшло сабе ціхі прытулак сяло Верхань. Лабановіч уважна акінуў яго вокам. Сяло працягнулася ў адну доўгую лінію кіламетры на паўтара. На адным яго канцы, тут жа непадалёку, уздымалiся два школьныя будынкі, а насупраць, цераз вуліцу, яшчэ большы дом валаснога праўлення. Крыху збоку ад яго стаяла простая, але досыць стройная цэркаўка ў густым вянку белых бяроз. Сярод вучняў Лабановіча выдзяляўся Грышка Мініч…”

Прататыпам літаратурнага героя стаў мясцовы селянін Мікалай Мініч. Якуб Колас назіраў за сялянскім хлопчыкам, нашчадкі якога і цяпер жывуць у Верхмені. Адзін з іх — Аляксандр Мініч, з сынам якога, Валеркам, мы тады сустрэліся. Як коласаўскі герой, хлапчук хадзіў за плугам, моцна трымаў у руках касу, сякеру і іншыя сялянскія прылады. Пазнаёміла нас з Валеркам настаўніца роднай мовы і літаратуры Святлана Лютарэвіч. Школьнік пужліва пазіраў на тэлеапаратуру і не разумеў, чаго ад яго хочуць. Нас цікавіла ўсё пра нашчадкаў коласаўскага Мініча: якімі клопатамі яны жывуць, што іх хвалюе. З-пад русай капы валасоў падлетак хітравата пазіраў, нервова перабіраючы пальцамі рук. Загарэлы рабы твар, каранастая постаць з дзіцячай непасрэднасцю – такім прадстаў нашчадак літаратурнага прататыпа Мікалая Мініча. Запісаць на відэакасету расповед маленькага героя вырашылі на беразе рэчкі, пра якую ўзгадвае ў трылогіі Якуб Колас.

НЯСМЕЛЫ расповед Валеркі Мініча зліваўся з цурчаннем нястомнай крынічкі. Хлопчык гаварыў пра бацькоў, суседзяў, сяброў, родную школу. Дзядуля яго Леў Васільевіч пражыў доўгі век і быў унукам таго самага Мікалая Сцяпанавіча Мініча – прататыпа літаратурнага героя трылогіі. У гаспадарцы дзеда былі конь, карова, свінні, розная хатняя птушка. Леў Васільевіч ніколі не адмаўляў суседзям у дапамозе. Пераворваў конікам агароды ўдоў, перавозіў аднавяскоўцам лугавое сена.

Валерка з дзедам сябраваў, многія сялянскія сакрэты пераняў ад яго. Бацька зладзіў сыну маленькую касу, і крок за крокам падлетак ішоў у пакосе са старэйшымі касарамі. А ўвосень, калі пачыналіся школьныя заняткі, Валерка, як коласаўскі Грышка Мініч, працягваў з аднагодкамі спасцігаць навуку, каб потым здзейсніць сваю мару – паступіць вучыцца. Яго аднакласнікі сталі механізатарамі, жывёлаводамі. Настаўніцай у родную школу вярнулася пасля заканчэння сталічнага педуніверсітэта Юля Салодкая. Валерка Мініч вучыўся ў Жодзінскім політэхнічным тэхнікуме, дзе пазнаёміўся з Наталляй, якая прыехала вучыцца з Салігорскага раёна. Маладыя пажаніліся.

Валерку пайшоў чацвёрты дзясятак. Дачушкі Вераніка і Яўгенiя падрастаюць. Атабарыліся Мінічы ў Салігорску. Часта наведваюць бацькоў у Верхмені, дзе сотня хлопчыкаў і дзяўчынак новага пакалення засвойваюць навуку ў сярэдняй школе, у якой калісьці настаўнічаў будучы пясняр Беларусі, дзе гучала яго слова…
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter