Валадар пярсцёнкаў

Вяселлі ў Ружанскім палацы праводзіць сам князь Леў Сапега

Вяселлі ў Ружанскім палацы сустракае і праводзіць сам князь Леў Сапега

Вяселле ў княжацкім палацы… Яшчэ сто гадоў таму просты чалавек мог хіба толькі прысніць такое свята са сваім удзелам. А сёння кожны жадаючы можа ператварыць гэту мару ў рэальнасць: музей «Ружанскі палацавы комплекс Сапегаў» прапануе шляхецкае вяселле і роспіс з нацыянальным каларытам. Карэспандэнт «Р» выправіўся ў Ружаны, каб на ўласныя вочы пабачыць канцлера Льва Сапегу, што вітае маладых у дзень шлюбу.

Першы дзень сакавіка. Надвор’е зусім не вясновае, і ў аколіцах Ружанскага палаца Сапегаў, мякка кажучы, нешматлюдна. Экскурсія, некалькі дзясяткаў людзей робяць здымкі каля брамы «беларускага Версаля». З флігеля выходзіць Руслан Кніга, дырэктар музея. Сёння ён прыме першае сёлетняе вяселле ў вобразе канцлера Вялікага Княства Літоўскага Льва Сапегі, колішняга гаспадара Ружанскага палаца. 

Высокi стыль

— Сцэнарый сустрэчы маладых не вельмі складаны, — расказвае Руслан Кніга. — Вясельны картэж пад’язджае пад браму, разам з гасцямі яны на пэўны час застаюцца на паркоўцы і рыхтуюцца да цырымоніі. Каля варот стаяць вартаўнікі, за варотамі — Леў Сапега, яго жонка і шляхцянкі. Да картэжу спускаюцца яшчэ дзве шляхцянкі, вітаюць маладых і запрашаюць да палаца.

Што цікава, сцэнарый не выдуманы — ён мае гістарычную аснову. Дырэктар музея тлумачыць, што абрад створаны паводле ўспамінаў сведак, хто на ўласныя вочы ў пачатку 17-га стагоддзя бачыў, як Казімір Леў Сапега прымаў у ружанскім маёнтку караля Рэчы Паспалітай Уладзіслава IV Вазу і ягоную жонку Рэнату Цэцылію Аўстрыйскую.

— Тады, паводле ўспамінаў, усё мястэчка адсялілі, а хаты жыхароў Ружан запоўніла каралеўская прыслуга — настолькі шыкоўным быў прыём, — расказвае Руслан Кніга. — Сёння, канешне, маштабы ўжо не такiя, але вяселле тым не менш набывае шляхецкі густ і вытанчанасць.

На стварэнне ўрачыстай атмасферы колішняй раскошы працуюць не толькі адноўленыя інтэр’еры Ружанскага палаца. Усе героі, што прымаюць удзел у цырымоніі, апрануты ў касцюмы той эпохі.

— Яны пашыты паводле эскізаў 17-га стагоддзя і дакладна адлюстроўваюць моду тагачаснай шляхты, — тлумачыць дырэктар музея. — Сукенкі для шляхцянак, форма вартаўнікоў…

Набліжаецца час прыезду пары, і дырэктар просіць дапамагчы завязаць пояс накшталт слуцкага, каб завяршыць вобраз Льва Сапегі. Агульнымі намаганнямі Руслан Кніга канчаткова ператвараецца ў ружанскага князя, вартаўнікі — у княжацкую варту, а супрацоўніцы музея — у прыгожых шляхцянак. На паркінгу ля палаца тым часам чуваць сігналы вясельнага картэжу. 

Закахацца ў барока

На пляцоўку перад маёнткам высыпаюць некалькі дзясяткаў чалавек і маладая пара — Таццяна Якуцэня і Мікіта Гінько. Нявеста гаворыць, што сама яна з Ружан, але вучыцца ў Баранавічах, дзе і пазнаёмілася з будучым мужам. Спярша гуляць вяселле думалі там, а калі ў Ружаны прыехалі сваты, бацькі і сваякі Мікіты так уразіліся веліччу Ружанскага палаца, што аднагалосна вырашылі правесці роспіс менавіта тут. Жаніх пагадзіўся без ваганняў, бо згодна з мясцовай традыцыяй вяселле трэба гуляць у родных мясцінах нявесты.

— А калі ў гэтых мясцінах такі палац, хіба можна адмовіцца? — гаворыць Таццяна. — Да таго ж я вучуся на тэхнолага, і мая вучоба звязана з шыццём. Калі мы вывучалі гісторыю касцюма на занятках, то я літаральна закахалася ў эпоху барока і ракако. І гэта таксама адыграла ролю ў выбары месца для вяселля. Захацелася неяк акунуцца ў гісторыю, нягледзячы на тое, што мы жывём у 21-м стагоддзі. Тым больш што і ў Еўропе цяпер модна рабіць усё згодна з гістарычнымі традыцыямі.

Дзякуй вам, канцлер!

Да паркінга ад палацавай брамы спускаюцца дзве шляхцянкі і вітаюць гасцей, пасля чаго запрашаюць да варот. Замкавыя краты расчыняюцца перад маладымі, і з прывітальным словам да іх звяртаецца сам князь Сапега. Шкада, але шлюб зацвердзіць князь не можа, паколькі заканадаўства прадугледжвае рэгістрацыю шлюбу толькі ў прысутнасці супрацоўнікоў мясцовага загса. Таму святочная калона на чале з маладой парай рухаецца ў адну з залаў палаца, дзе іх ужо чакае рэгістратар.

Працэдура стандартная: згода на шлюб, подпісы, першы крок на ручнік, першы пацалунак і танец, віншаванні гасцей. Але потым — прамова ад самога Льва Сапегі. З рук князя маладыя атрымліваюць грамату, якая пацвярджае заключэнне шлюбу, пасля чаго адпіваюць па глытку віна з княжацкага келіха.

— Па старажытнай беларускай традыцыі па¬вінны пакаштаваць яго і ўсе прысутныя, — абвя¬шчае Леў Сапега, і сват пачынае частаваць усіх гасцей па чарзе.

На тварах з’яўляюцца задаволеныя ўсмешкі — усё ж гэта не казённая цырымонія ў загсе, а сапраўдны княжацкі прыём!

На заканчэнне князь Сапега абвяшчае, што ўвесь палац сёння належыць вяселлю, і запрашае маладажонаў і іх гасцей наведаць музейныя залы. Яны разыходзяцца па памяшканнях, а дырэктар запрашае да сябе ў кабінет. Тут ён зноў набывае прывычны выгляд.

Але штосьці на ягоным твары прымушае паверыць: гэта не проста пераапрананне і паслуга за грошы. Гэта жаданне зрабіць чужое свята сапраўды незабыўным.

Фота: Арцём КІР’ЯНАЎ

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter