Валадар драўлянага царства

Ён жыве ў вёсцы Бешанкi Лідскага раёна Трапiш у Бешанкi, дзе жыве ганаровы член Беларускага саюза майстроў народнай творчасцi Мiхаiл Рышкевiч, i нiбы да вялiкай таямнiцы далучышся. Ён такi зямны, такi звычайны — дзед Мiхась, а ад яго работ дух перахоплiвае. Драўляныя вырабы бешанкаўскага майстра даўно зацiкавiлi прафесiйных мастацтвазнаўцаў, якiя бачаць у асобе Мiхаiла Антонавiча Рышкевiча таленавiтага аўтара iнсiтнага, альбо наiўнага мастацтва.

Ды пра “наiўнасць” тую дзед Мiхась не асаблiва й ведае: проста ён стварае тое, што бачыць, на што чуйна адгукаецца ягонае паэтычнае сэрца:
— Устану раненька, толькi злаўлю паленца ў рукi, i праз некалькi хвiлiн ужо лыжка цi фiгурка якаясьцi выскаквае, — усмiхаецца сваiмi ясна-нябеснымi вачыма старэнькi майстра.
Злаўлю паленца... Злаўлю — як птушку? А мо жар-птушку? Гэта цяпер, на дзевятым дзесятку для творчай размiнкi драўляныя лыжкi з палена вылушчвае, а раней... Уся мэбля ў доме Рышкевiчаў зроблена гаспадаром: ладны круглы стол, велiчныя крэслы, нiбы троны, з падлакотнiкамi-скульптурамi, шафы, аздобленыя разьбой, ложкi, карункавыя рамы для вялiкiх люстэркаў i сямейных фотаздымкаў, не кажучы ўжо пра побытавую “драбязу” — разныя кубачкi, каўшы, пасудзiны...
Любоў Iгнатаўна — жонка майстра — усё жыццё старалася не адставаць ад свайго “залатарукага чалавека”: i ткала, i вышывала, i ходнiкi выплятала...
Ёсць у хаце яшчэ адзiн дзiвосны пакой накшталт таго, куды ў вядомай казцы залаты ключык падбiраўся. У другой палове дома нiколi не паляць печку: наўмысна трымаюць у холадзе, каб дрэва не рассыхалася. Баба Люба з нейкiм святым трапятаннем адмыкае для нас дзверы, i мы заварожана замiраем. Увачавiдкi паўстае аўтарскi музей драўлянай разьбы! Мноства вялiкiх i маленькiх скульптур: “Беларусь”, “Сейбiт”, “Дудар”, “Вясковы настаўнiк”, “Святы Пётра”, “Францыск Скарына”, “Кастусь Калiноўскi”...  I не толькi скульптуры-партрэты, але i цэлыя сюжэтныя лiнii вымалёўваюцца. Кемлiвы сялянскi хлапчучок выглядвае з печы-ляжанкi. Вось стомлены няўдачай паляўнiчы прысеў адпачыць пад дрэвам, а з процiлеглага боку на пянёк прымасцiўся той самы касалапы, на якога iдзе паляванне. Яны не бачаць адзiн аднаго, i ў гэтым гарэзлiвы гумарок аўтара кампазiцыi.
Сваёй грацыяй прыкоўвае ўвагу драўляная фiгура статнай сялянкi:
— Гэта жонка мая, — прызнаецца Мiхаiл Антонавiч.
I рэха далёкай вайны, на якой М.А.Рышкевiч быў франтавым шафёрам, нячутна гучыць у вялiкай галерэi скульптурных вобразаў салдат...
Творы М.А.Рышкевiча шырока вядомы не толькi на Гродзеншчыне, але i за межамi Беларусi. Яны захоўваюцца ў многiх музеях i прыватных калекцыях. З павагай адносяцца да славутага майстра i ягоныя землякi. У Мажэйкаўскiм Доме культуры нават вечар-партрэт з нагоды 80-годдзя ладзiлi, а Лiдскi райвыканкам узнагародзiў Мiхаiла Антонавiча Ганаровай граматай за развiццё традыцыйных беларускiх рамёстваў.
Ён ужо вельмi старэнькi — дзед Мiхась. Пабляклi некалi яркiя фарбы ў фантазiйных кампазiцыях на падворку. Але не здаецца былы ваяка — ёсць яшчэ порах у парахаўнiцах!
— Хадзема, пакажу свой скарб, — майстар вядзе нас у пуню, дзе захоўваюцца сотнi пiлак, нажовак, лобзiкаў, долатаў...

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter