Водители электробусов, воспитатели детских садов и медработники: какие еще специалисты востребованы на мини-ярмарках вакансий в Минске

Вакантны радок у штатным раскладзе

Правядзенне міні-кірмашоў вакансій стала амаль традыцыяй. Такім чынам прадпрыемствы, што адчуваюць рэальны недахоп персаналу, спрабуюць скараціць свой шлях да саіскальнікаў. А людзі, якія шукаюць працу, цвёрда ведаюць: тут заўсёды ёсць магчымасць знайсці сапраўды цікавую вакансію. Аддзел абслугоўвання грамадзян № 2, што размяшчаецца на праспекце Любімава, 14, прымае ўсіх жадаючых кожны тыдзень. Праўда, у апошнi час карцiна такая: патэнцыяльных працаўнікоў не вельмi шмат, а вось працадаўцы прапануюць даволi шырокi спектр рабочых месцаў. Якія прафесіі зараз найбольш запатрабаваныя і на які заробак можна арыентавацца, даведалася карэспандэнт «Р».



На маім гадзінніку 10.00. Двухгадзіннае мерапрыемства па пошуку працы пачнецца з хвіліны на хвіліну. Прадстаўнікі арганізацый ужо занялі свае месцы. Тут вайсковая часць 5448 рыхтуецца пачаць пошук новых супрацоўнікаў, з ёй суседнічае начальнік аддзела кадраў філіяла тралейбуснага парка № 4 ГП «Мінсктранс». Далей уладкаваліся ТАА «Персанал Эксперт» і ТАА «ПрафРэзервГруп», а паміж імі ўціснуліся мiнскiя яслі-сад № 329 і 16-я гарадская дзіцячая паліклініка.

Загадчыца ясляў-сада № 329 Лілія Быцанкова сёння настроена рашуча. Без новых супрацоўнікаў пакідаць кірмаш намеру яна не мае. Ёй патрэбны выхавальнікі, памочнікі выхавальнікаў, кухонныя работнікі харчовага блока. Таксама хацелася б знайсці повара. Але з гэтым можна яшчэ пачакаць. У сярэднім выхавальнікі зарабляюць 450—500 рублёў, памочнікі – 350—400 рублёў. Заробак хоць і не такi вялікі, але загадчыца апелюе педагагічнымі надбаўкамі. З цікавасцю разглядае лісток з пералікам вакансій 16-й гарадской дзіцячай паліклінікі былая настаўніца пачатковых класаў.

— Я б пайшла медрэгістратарам. Знаёмая так працуе. Кажа, вельмі добра. Але ж гэтая палі­клініка знаходзiцца на вулiцы Адоеўскага. Далекавата ад мяне, — расчароўваецца жанчына.

Да слова, на стаўцы медрэ­гістратар атрымае там 300 рублёў, а за 1,5 стаўкі – 400 рублёў. Паліклініка таксама шукае дворніка і санітарку фізіятэрапеўтычнага кабінета. Працоўны дзень у гэтых спецыялiстаў з 7.00 да 15.30.

На 1 жніўня ў Мінску налічвалася 18 961 вакансія, на якія прэтэндуюць усяго 943 беспрацоўныя.

Начальнік аддзела кадраў філіяла «Тралейбусны парк № 4» ГП «Мінсктранс» Валянціна Урбан абяцае вадзіцелям электро­бусаў заробак ад 1000 рублёў. Жадаючых уладкавацца на працу абяцаюць вывучыць на вадзіцеля, даць пры неабходнасцi месца ў інтэрнаце і нават выплаціць стыпендыю, пакуль будзе прахо­дзiць навучанне. На такі сацыяльны пакет, дарэчы, знаходзяцца жадаючыя. Бачу, як Валянціна Уладзіміраўна запісвае кандыдатаў у свой лісток.

Па статыстыцы, на 1 жніўня ў Мiнску налічвалася 18 961 свабодная вакансія, на якiя прэтэндуюць усяго 943 беспрацоўныя. Узровень беспрацоўя адзiн з самых нiзкiх за апошнiя гады — 0,1 працэнта ад колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва. Так што можна сказаць, што часцей за ўсё не работнiк шукае працу, а праца шукае работнiка.

КАМПЕТЭНТНА

Таццяна КУДЗЕВIЧ, намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама:


— У студзені—ліпені гэтага года намi праведзена 111 мерапрыемстваў па працаўладкаваннi насельнiцтва, з іх 80 міні-кірмашоў вакансій, 11 Дзён прадпрыемства, 15 рабочых сустрэч, метадычны семінар, агульнагарадскі кірмаш вакансій і тры электронныя кірмашы вакансій. У мерапрыемствах прынялі ўдзел каля 300 арганізацый горада. Наведалі iх больш за 7000 чалавек.

Кансультацыі па пытаннях працаўладкавання і актыўных мерах садзейнічання занятасці насельніцтва атрымалі больш за 3,4 тысячы чалавек, з якіх больш за 1000 прайшлі папярэдняе навучанне для далейшага працаўладкавання.


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter