Ваенны дзённік Міхаіла Чарняўскага

Ветэран Вялікай Айчыннай вайны Міхаіл Трафімавіч Чарняўскі з курортнага пасёлка Нарач адразу ўразіў мяне сваёй актыўнасцю і бадзёрасцю, а яму, дарэчы, 88 гадоў.

Ветэран Вялікай Айчыннай вайны Міхаіл Трафімавіч Чарняўскі з курортнага пасёлка Нарач адразу ўразіў мяне сваёй актыўнасцю і бадзёрасцю, а яму, дарэчы, 88 гадоў. На сустрэчу з журналісткай былы партызан і салдат рэгулярнай арміі прыйшоў падрыхтаваны, з загадзя занатаванымі асноўнымі датамі біяграфіі, у тым ліку баявога шляху. Ад супрацоўнікаў Мядзельскага райвыканкама я ўжо даведалася, што Міхаіл Трафімавіч шмат сіл і энергіі аддае арганізацыі сустрэч у школах, займаецца патрыятычным выхаваннем моладзі.

Немагчыма забыць

У жыцці Міхаіла Чарняўскага было шмат выпадкаў, калі толькі цуд ратаваў яго ад немінучай смерці. Расказаныя ім гісторыі прымусілі мяне па-іншаму паглядзець на каштоўнасць чалавечага жыцця, трапяткое святло якога так лёгка можа абарвацца ў пекле вайны.

На вачах Міхаіла Трафімавіча 15 снежня 1943 года фашысты расстралялі суседскую сям’ю. У вёсцы Мікасецк карнікі з’явіліся неспадзявана. Міхась у той час малаціў на таку зерне і схаваўся ў сене. Але ўбачыў, як суседзяў, таксама Чарняўскіх, павялі на расстрэл. Нехта данёс, што гэтая сям’я дапамагала партызанам. Бацька рамантаваў ім абутак і збрую для коней, гаспадыня карміла гасцей. За гэта на вачах у людзей фашысты забілі Уладзіміра і Гелену разам з дзецьмі — пятнаццацігадовым Лявонам і трохгадовай Алай.

— Трэба было помсціць, таму ў 1944 годзе я пайшоў у партызаны, — успамінае Міхаіл Чарняўскі.

У партызанскім атрадзе імя Калініна брыгады імя К. Я. Варашылава маладому байцу давялося паўдзельнічаць і ў аперацыях па мініраванні чыгункі, і ў ахове штаба і друкарні. Аднойчы ён ледзь не загінуў, калі партызаны трапілі ў засаду. Але галоўныя выпрабаванні чакалі яго пазней.

Хлеб з маслам

Прыклады чалавечай жорсткасці ва ўспамінах Міхаіла Трафімавіча чаргуюцца з выпадкамі, калі людзі праяўлялі да яго нечаканую дабрыню і спагаду. Пасля вызвалення Беларусі мой суразмоўца з іншымі членамі партызанскага атрада быў накіраваны ў Вільнюс. Ісці давялося пешшу, хлопцы прагаладаліся, а ежа скончылася. “Хоць бы скібку хлеба ды шклянку малака!” — мроілася ім.

Прыкладна за дваццаць кіламетраў ад Вільнюса завярнулі ў двор сялянскай хаты, каб папіць вады з калодзежа. Зайшлі ў дом, а гаспадыня нечакана дала ім малака з хлебам, намазала маслам некалькі смачных скібак і дала з сабой. Водар таго хлеба да гэтай пары памятае ветэран. Пазней у яго была магчымасць своеасаблівым чынам вярнуць доўг, але пра гэта ніжэй.

Ваяваў малады пехацінец на 3-м Беларускім фронце. Наступленне, разведка боем — вайна патрабавала аддаваць усе сілы і мужнасць дзеля доўгачаканай перамогі. Каму жыць, каму паміраць, вырашалі імгненні — кожны дзень мог стаць апошнім... 

Трывожныя сны

— Раніцай у зямлянцы адзін салдат кажа, што яму прысніўся жудасны сон, — успамінае Міхаіл Трафімавіч.

— Нібыта нямецкая куля трапіла ў сэрца, і ён памёр. Загудзела ў зямлянцы: “Глупства! Не думай пра смерць...” А мне ў тую ноч прыснілася, што мой шынель абліты крывёй.

Але пра гэта Міхась таварышам гаварыць не стаў. Днём пачалося наступленне на нямецкія пазіцыі. Салдат, які расказваў пра сваю смерць, быў забіты. А Міхаіл, ступаючы па варожым акопе, раптам убачыў перад сабой гранату з вырванай чакой. За паваротам мільгануў немец — і ўслед яму наш баец таксама кінуў гранату. У тым баі асколкамі яму параніла рукі, было шмат крыві. Наогул падчас вайны Міхаіл Трафімавіч быў двойчы паранены. А падчас аднаго няшчаснага выпадку ледзь не зварыўся зажыва. Адзін пажылы салдат папрасіў яго дапамагчы наліць кіпеню з вялікага бітона, што стаяў на печы. Адкрыць яго ў Міхаіла не атрымалася, і ён на хвіліну адвярнуўся. У той самы момант кіпень шугануў на яго нагу... Нягледзячы на ватныя штаны і абмоткі, скура на левай назе была спалена ўшчэнт, зажыла рана няхутка. А 17 студзеня 1945 года куля трапіла ў правую нагу. У шпіталі ён прасіў доктара толькі пра адно: не адымайце нагу. Абедзве косці голені былі зламаныя, аднак ампутацыі ўдалося пазбегнуць.

Сястра па крыві

— Непадалёк ад нашага шпіталя ў Казахстане быў дом для дзяцей-сірот, — успамінае ветэран. — Хлопчыкі і дзяўчынкі не раз наведвалі нас. У палатах спявалі, чыталі вершы, уручалі немудрагелістыя падарункі. Было вельмі прыемна. А як самааддана працавалі дактары і медыцынскія сёстры!

Рана Міхаіла доўга кроватачыла, і яму некалькі разоў рабілі пераліванне крыві. Ён папрасіў пазнаёміць яго з медсястрой, якая стала яго донарам.

— Чую, байцы пытаюцца: “Дзе тут твой брат?” — успамінае ён. — Аказалася, гэта мая “сястра па крыві” прыйшла мяне наведаць.

Дзяўчына працавала ў іншым корпусе, і Міхаіл запрасіў яе зайсці да яго праз тыдзень. А сам звярнуўся да сястры-гаспадыні па кавалак мыла. Сам зберагаў мыла з таго, што прыносілі ў палаты, дапамаглі сабраць яго і іншыя байцы. І калі дзяўчына зноў з’явілася ў палаце, ёй уручылі падарунак-падзяку. Сціплая медсястра не хацела браць яго, але ж яе ўгаварылі.

— У Расіі і Казахстане я бачыў шмат маладых жанчын, якія станавіліся донарамі, каб дапамагчы выратаваць байцоў, — засведчыў Міхаіл Трафімавіч.

Дзень Перамогі

Пра тое, што вайна хутка скончыцца, параненыя ведалі з радыёперадач. І вось 9 мая! Усіх, хто знаходзіўся ў шпіталі, запрасілі ў глядзельную залу.

— Галоўны ўрач абвясціў, што мы дачакаліся перамогі, павіншаваў нас з вялікай падзеяй і заспяваў франтавую песню, — прыгадвае ветэран. — Уся зала спявала! А потым да мікрафона сталі падыходзіць салдаты. Хваляваліся, многія плакалі. Радаваліся, што больш не будзе ліцца кроў, а некаторыя ўспаміналі сваіх загінуўшых родных і сяброў. У абед не абышлося без франтавых 100 грамаў. Наогул жа я не выпіваў падчас вайны, а спірт мы злівалі ў кацялок повара.

Са шпіталя выпісвалі толькі тады, калі загойваліся раны. А рана Міхаіла яшчэ кроватачыла. Але ён папрасіў урача, каб адпусцілі дадому, бо хацеў паехаць разам з земляком з Беларусі. Просьбу адміністрацыя шпіталя задаволіла. Вярнуўшыся дамоў, яшчэ месяц Міхаіл ездзіў на перавязку ў раённую бальніцу — з раны даставалі кавалкі раздробленай косці.

Пасля вайны Міхаіл Трафімавіч працаваў сакратаром Мікасецкага сельсавета, потым — адказным сакратаром газеты “Савецкая вёска”. Скончыўшы Новавіленскі настаўніцкі інстытут, чатыры гады настаўнічаў у Тракайскім раёне. Але потым усё ж вярнуўся на радзіму і ўсё жыццё прысвяціў журналістыцы, працуючы ў раённых газетах і на радыё.

Праз некалькі дзён пасля нашай сустрэчы я атрымала ад ветэрана вялікі канверт. Выпадкова пачуўшы, што я збіраю паштоўкі, мой суразмоўца вырашыў падарыць мне цікавыя картачкі, прысвечаныя Нарачанскаму краю, а таксама апісаў яшчэ некалькі выпадкаў, якія прыгадаліся яму. Найбольш уразіла мяне апошняе невялікае апавяданне. Перадаю яго “з першых вуснаў”.

Позірк жанчыны

Гэта было ў 1947 годзе. Па службовых патрэбах я прыехаў у Маладзечна. Зайшоў у сталовую. Памяшканне ледзь асвятлялася. Заказаў суп, пюрэ з кавалкам сала, гарбату. Чарпнуў суп лыжкай, і раптам рука анямела. Глянуў у залу, а каля супрацьлеглай сцяны сядзіць старэнькая кабета і ўглядаецца ў мяне. Відаць, галодная, падумаў я. Паклікаў афіцыянтку, заказаў суп, пюрэ (на сала не хапіла грошай), некалькі скібак хлеба.

— Што вам, мала таго, што раней заказалі?

— Гэта не для мяне, а для вунь той старой.

Пачаў есці, апетыт вярнуўся. Калі афіцыянтка паставіла талеркі перад бабуляй, тая замахала рукамі: кажа, што нічога не заказвала. Афіцянтка растлумачыла, што гэта ад мяне. Старая паднялася і пачала кланяцца. Калі я выходзіў са сталовай, пачуў словы: “Бачна, што чалавек перанёс вайну, голад. Дзякую, дзякую!..”

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter