На 30 сутак вайскоўцы запасу вернуцца ў свае армейскія гады, ацэняць стан сучасных узброеных сіл.
Ваенны камiсарыят Маскоўскага раёна Мiнска ўкамплектаваў каманду аператыўна — за пару дзён.
— Каго засталi дома, а каму ўручылi павестку на працы, — удакладнiў намеснiк ваеннага камiсара, начальнiк мабiлiзацыйнага аддзела падпалкоўнiк Максiм Цярэнцьеў. — Апавясцiлi каля 160 чалавек, на зборы ж адправiлiся шэсць.
Перад адпраўкай у войска — уводны iнструктаж аб патрабаваннях бяспекi i адкрытая гутарка. Падпалкоўнiк Максiм Цярэнцьеў выслухаў жыццёвыя пытаннi хлопцаў. У каго з дня на дзень павiнна нарадзiцца дзiця, у каго бацькi састарэлыя хварэюць. Таму яны на зборы не паедуць.
Мiкалай Кiсунько — стропальшчык на будаўнiчым прадпрыемстве «МАПIД». Працуе на аўтакране. З тэхнiкай на «ты» яшчэ з армii, дзе быў механiкам- вадзiцелем мнагамэтавага транспарцёра МТ-ЛБ. Праходзiў тэрмiновую ваенную службу ў 72-м гвардзейскiм аб’яднаным навучальным цэнтры ў далёкiя нулявыя:
— Дзве педалi, два рычагi, нiчога складанага. Яшчэ не забыўся, як баявой машынай кiраваць.
Гэта ўжо другiя зборы для Мiкалая. Папярэднiя — у 2018 годзе:
— I часцей бы ездзiў, але з працы не адпускаюць, — смяецца. — Зборы — добрая магчымасць вырвацца з чарады будняў, змянiць абстаноўку, асвяжыць думкi. Калi хочаце —маленькi адпачынак, заробак жа захоўваецца.
Патрыятычнае стаўленне да службы ў армii Мiкалай прывiвае i свайму сыну, якi вучыцца ў 8-м класе:
— Кiрыл, рыхтуйся — падцягвайся, адцiскайся, пойдзеш у сiлы спецыяльных аперацый. На цэлую галаву ўжо вышэйшы за мяне, у танк або МТ-ЛБ не ўмесцiцца.
Аляксандру Козыру 20 гадоў. Працуе на МЗКЦ у ваенiзаванай ахове. Пайшоў у запас усяго чатыры месяцы таму. Служыў у 10-м РЭБ, так што едзе па ўжо вядомых сцежках. Быў аператарам пункта кiравання i станцыi перашкод. Да гэтага скончыў каледж па спецыяльнасцi «аператар ЭВМ». Аляксандру па душы ваенная служба. Магчыма, вiной гэтаму — iнжынерны склад розуму i спакойны характар.
Да варот ваенкамата пад’ехаў аўтобус. Сабярэ яшчэ байцоў запасу з суседнiх раёнаў горада i адправiцца ў Барысаў. Зусiм хутка прызыўнiкi з гэтага аўтобуса ўспомняць прызабытую ваенную навуку.
ikras@sb.by