Вадзiла муза па мазырскiх сцежках

Творчую вандроўку ў Мазыр, прымеркаваную да 70-гадовага юбiлею Гомельскай вобласцi, здзейснiлi члены Гомельскага аддзялення грамадскага аб’яднання «Саюз пiсьменнiкаў Беларусi»

Творчую вандроўку ў Мазыр, прымеркаваную да 70-гадовага юбiлею Гомельскай вобласцi, здзейснiлi члены Гомельскага аддзялення грамадскага аб’яднання «Саюз пiсьменнiкаў Беларусi». 

Цёпла вiтаў дэлегацыю творцаў старшыня Мазырскага райвыканкома Анатоль Лiс. Ён распавёў стваральнiкам мастацкага слова аб тым, чым жывуць сёння жыхары 135-тысячнага рэгiёна. Дарэчы, Мазыр i Мазырскi раён нядаўна аб’яднаны ў адну адмiнiстрацыйную адзiнку, што, паводле меркавання многiх мазыран, з’явiлася апраўданым крокам. Шэраг прадпрыемстваў Мазыршчыны ўносяць важкi ўклад у скарбонку агульных здабыткаў Гомельшчыны. Доля мясцовага гiганта нафтаперапрацоўкi НПЗ у аб’ёме прамысловай вытворчасцi вобласцi складае каля 40 працэнтаў, больш за 380 тысяч тон солi адгружае штогод на ўнутраны i замежны рынкi ААТ «Мазырсоль». Адметныя зрухi ў сацыяльным жыццi. Так, у мiнулым годзе ў Мазыры здадзена ў эксплуатацыю каля 60 тысяч квадратных метраў жылля, паводле сцвярджэння Анатоля Лiса, сёлета ўвойдзе ў строй яго  70 тысяч… Разам з тым мазыране праяўляюць няспынны клопат аб захаваннi духоўных скарбаў, дбайна ставяцца да гiсторыi сваёй зямлi, у чым пераканалiся творцы, наведаўшы цудоўны музейна-гiстарычны комплекс на Замкавай гары, Свята-Мiхайлаўскi кафедральны сабор, музейную ўстанову «Палеская веда», эколага-культурны цэнтр у вёсцы Козенкi. 

Каля дваццацi празаiкаў, паэтаў, гумарыстаў разам з прадстаўнiкамi мясцовай улады Мазырскага раёна, аматарамi кнiгi, прыхiльнiкамi творчасцi сваiх землякоў калектыўна абмеркавалi задачы творчага аб’яднання на блiжэйшую перспектыву. Паводле слоў старшынi абласнога аддзялення пiсьменнiцкага саюза Уладзiмiра Гаўрыловiча, у лiку найбольш адметных спраў – мяркуемы ўдзел у сумесным выдавецкiм праекце з калектывам лiтаратурна-мастацкага часопiса «Нёман», выданне другога калектыўнага зборнiка лiтаратараў вобласцi «Натхненне», правядзенне лiтаратурнага творчага конкурсу iмя Кiрылы Тураўскага. Пад асабiсты патранат мяркуюць узяць члены пiсьменнiцкай арганiзацыi i дзейнасць лiтаратурных суполак у раёнах вобласцi. З вопытам работы адной з такiх, што дзейнiчае пры раённай газеце «Жыццё Палесся», i пазнаёмiлiся пiсьменнiкi. Сваiмi творчымi здабыткамi з гасцямi дзялiлiся мясцовыя творцы Вiктар Рабiнiн, Таццяна Дарошка, Марыя Якiмовiч i iншыя члены лiтаб’яднання. 

Затым надышла чарга трымаць  справаздачы перад чытачамi i самiм пiсьменнiкам. Творчыя дэсанты лiтаратараў для гэтага накiравалiся ў народ — у аўдыторыi Мазырскага дзяржаўнага унiверсiтэта iмя Шамякiна, раённую цэнтральную бiблiятэку iмя Пушкiна, Мазырскую гiмназiю. Зацiкаўленыя дыялогi аб  творчасцi i творцах у час сустрэч суправаджалiся  пажаданнем: такiя карысныя стасункi трэба зрабiць практыкай. 

На здымку: экспазiцыю эколага-культурнага цэнтра прадстаўляе намеснiк дырэктара Тамара ВОРАНАВА. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter