Вада-вадзіца, Божая памачніца

Жывая і мёртвая вадаБез жыццядайнай энергіі жывой вады не магло абысціся ні адно вяселле. Перад днём вянчання жаніх і нявеста павінны былі памыцца ў лазні: заўтра іх чакае новае (сямейнае) жыццё, а таму напярэдадні неабходна “зняць” — змыць інфармацыю аб дашлюбным жыцці.

(Заканчэнне. Пачатак у № 7—9.)

На Палессі святой вадой крапілі маладых, калі яны пакідалі родную хату. Калі маладыя адпраўляліся да вянца, то спачатку іх вялі да калодзежа і пад ногі вылівалі вядро вады. Пазней гэты абрад крыху змяніўся — ваду пачалі выліваць пад ногі першага каня ў вясельным поездзе або пад колы першага аўтамабіля, у якім будзе ехаць жаніх. Вядром вады перагароджвалі дарогу вясельнаму картэжу, калі ён вяртаўся дадому з-пад вянца.
У некаторых рэгіёнах Беларусі, калі маладая прыязджала да хаты свайго мужа, то, павітаўшыся са свёкрам і свякрухай, яна павінна была павітацца з калодзежам і прынесці яму падарунак-ахвяру (часцей за ўсё манету або невялічкі кавалачак вясельнага каравая), а потым, з маўклівага “дазволу” калодзежа прынесці вядро вады, каб жыццё ў гэтай хаце прадоўжылася.
Мёртвай вадой называлі тую, якую выкарыстоўвалі падчас надыходу смерці, для абмывання нябожчыка і ў час выканання розных рытуальных дзеянняў, звязаных з пахаваннем чалавека. Так, народная традыцыя забараняла карыстацца той вадой, якая знаходзілася ў хаце ў момант смерці чалавека, яе тут жа вылівалі ў двор, а вядро ці іншы посуд трэба было перавярнуць. Асабліва небяспечнай у энергетычным плане (магла нанесці вялікую шкоду здароўю чалавека, хатняй жывёлы і нават пасевам) лічылі ваду, якой абмывалі нябожчыка. Таму яе стараліся выліць туды, дзе ніколі не будзе хадзіць чалавек, хатняя жывёла. У некаторых выпадках для такой вады выкопвалі спецыяльную яму.
Акрамя таго, і любую іншую ваду, якая суправаджала абрад пахавання, лічылі небяспечнай. Напрыклад, менавіта таму стравы для памінальнага стала (а прыгатаванне ежы ніколі не абыдзецца без вады) гатавалі ў суседзяў ці родзічаў, а не там, дзе знаходзіўся нябожчык. Калі нябожчыка павязуць хаваць, то трэба было хуценька вымыць хату. Ваду для гэтага стараліся браць са святой крынічкі, каб “ажывіць” жытло, быццам бы стварыўшы яго нанава. Адна абавязковая ўмова: ваду, якой мылі падлогу за нябожчыкам, вылівалі на скрыжаванне дарог толькі тады, калі пахавальная працэсія вернецца з могілак. Калі людзі вярталіся з могілак, дзе яны, развітваючыся з памерлым, кідалі ў магілу тры жменькі пяску — зямлі трыдзевятага царства, то павінны былі памыць рукі, каб вада забрала на сябе гэтую адмоўную інфармацыю. Пераступаць парог ужо рытуальна “ажыўленай” хаты яны не мелі права, таму і трэба было абавязкова памыць рукі перад парогам хаты. Калі, пакупаўшы дзіцяці, ваду трэба было захоўваць на працягу ночы і выліваць толькі з першымі промнямі ўзыходзячага сонца, то мёртвую ваду знішчалі адразу ж.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter