Вада-вадзіца, Божая памачніца

Водныя “артэрыі” зямлі — рэкі, азёры, крыніцы — у народзе параўноўвалі з крывяноснымі сасудамі чалавека (у замове, якая павінна дапамагчы суняць кроў, гаворыцца: “Несла баба ваду, зачапілася за калоду. Вада разлілася — каб кроў запяклася”). Пры гэтым лічылі, што зямная і нябесная водныя стыхіі ўзаемазвязаны, а нерэгламентаваныя дзеянні чалавека (парушэнне агульнапрынятых забаронаў) разбураюць гэтую “непарушную” сувязь. Як вынік, наступіць пакаранне: засуха, градабой, маланка, пярун, таму што ў гэты момант вада “гневаецца” і “карае” вінаватых. Лічылася, напрыклад, што доўгія, так званыя гнілыя дажджы ідуць таму, што недзе “сапсавалі ваду”: утапіўся чалавек, і пакуль яго цела не дастануць з вады, дождж не спыніцца.

(Працяг. Пачатак у № 7.)

Чалавек разумеў, што ён не можа пражыць без вады ні дня, таму стаўленне да яе вызначалася асаблівай пачцівасцю, прыязнасцю і нават святасцю. Перад тым як скарыстаць ваду, трэба было выканаць шэраг рытуальных дзеянняў: з ёю віталіся, як з жывой істотай, шапталі пра сябе малітву або замову: “Вадзіца-царыца, бегла ты з мора сы вастока, будзе табе слава да века...”, прыносілі ёй розныя падарункі.
Адначасова існаваў цэлы шэраг забарон у адносінах да вады. Каля яе  нельга было крычаць, сварыцца і брыдкасловіць, пляваць у ваду, біць яе палкай (узгадайце непаўторны эпізод у кнізе Л.Лявонава “Русский лес”, калі адзін з герояў палкай ускаламуціў ваду ў святой крыніцы), адліваць, напрыклад, з вядра ў калодзеж і г.д. На пачатку ХХ стагоддзя беларускі фалькларыст А.К.Сержпутоўскі пісаў: “Воду Бог даў на патрэбу людзям. Людзі шануюць ваду, нічога ў яе не кідаюць нячыстага, не плююць, каб Бог не пакараў”.
У асяроддзі беларусаў лічылася, што ноччу ў хаце абавязкова павінна стаяць вядро з вадой, якую ў любы момант можна было выкарыстоўваць для піцця, але  пры гэтым добра ведалі, што посуд, у якім яна знаходзілася, трэба абавязкова накрываць.  Катэгарычна забаранялі піць ваду, якая знаходзілася ў лазні, нават самую чыстую,  крынічную, таму што лазня заўсёды ўспрымалася “нячыстым” месцам.
(Працяг будзе.)

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter