Вода и камень: узнали как и для чего работает 240-летняя мельница

Вада каменем меле

Напярэдадні Дня млынара карэспандэнт «Р» адправіўся ў аграгарадок Жодзішкі, што на Гродзеншчыне, каб паглядзець на сапраўдны трохпавярховы млын з каменным падмуркам і пагутарыць з адзіным у Беларусі чалавекам, у якога ў працоўнай кніжцы запісана пасада «загадчык млына».

Краязнаўца Алег МIЗУЛА ведае механізм млына як свае пяць пальцаў.

Крыху гісторыі

У Жодзішкі мы прыязджаем раніцай, каб пабачыць на свае вочы, як працуе млын зараз. Яго запускаюць па буднях з 8 да 10 раніцы. Амаль адначасова з намі да млына падкатвае машына з прычэпам, на якім ляжыць некалькі мяхоў збожжа: зяць прывёз зерне ад цешчы, каб перамалоць яго на корм свойскай жывёле. Нас сустракаюць два гаспадары млына, і перш чым перайсці да самага цікавага — дэманстрацыі працы, знаёмяць з гісторыяй млынарства ў гэтых краях.

Зяць прывёз зерне ад цешчы, каб перамалоць яго на корм свінням.

— У летапісе Жодзішкі ўпершыню згадваюцца ў 1511 годзе, — распавядае гісторык і краязнаўца Алег Мізула. — Але ёсць падставы лічыць, што яны больш старажытныя, бо сам тапонім балцкі.

Адна з версій паходжання назвы — «жодзіц», што з літоўскай мовы перакладаецца як «слова». Такім чынам, Жодзішкі — гэта месца, адкуль паходзіць слова. Як лічыць краязнаўца, паселішча было даўнім культавым цэнтрам, куды збіраліся людзі, каб пачуць прамову жрацоў ад імя язычніцкіх багоў.

У 1511 годзе тагачасны стараста Морда-Смяшковіч атрымаў прывілею на будаўніцтва ў Жодзішках драўлянага замка, адкрыццё карчмы і правядзенне таргоў (рэч пра звычайны базар). Гэта сведчыць аб тым, што ў месцы жыло шмат людзей. Таксама тут цякла паўнаводная рака Пілавойка (у сучасным варыянце — Палавойка), на якой можна было зрабіць дамбу і выкарыстоўваць энергію цячэння. Таму ў 1512 годзе Жыгімонт Стары даў старасце прывілею на тое, каб у Жодзішках пабудавалі млын.


Наогул, млыны пачалі будаваць у ВКЛ з XІV стагоддзя. Гэта быў запатрабаваны бізнес. Першапачаткова млыны мелі прывад ад драўлянага кола. А калі ў канцы ХІХ стагоддзя ў Расійскай Імперыі пачалася прамысловая рэвалюцыя і ў Санкт-Пецярбургу сталі выпускаць турбіны, на млынах паступова замянілі драўлянае кола турбінным прывадам, бо ад яга большы ККД.

Ёсць дакладныя звесткі, што ў Жодзішках у XVIII — пачатку ХІХ стагоддзя мелася два вадзяныя млыны. Той, што цяпер стаіць у аграгарадку, быў другім, яго «сучасны» выгляд датуецца 1781 годам. А вось першы млын не захаваўся і на пачатку ХІХ стагоддзя перастаў існаваць. Ён знаходзіўся на месцы сучаснага маста праз раку Пілавойку. Тут заўсёды буйны паток, таму і млын быў значна большы. У архівах, знойдзеных у Вільні, ёсць сведчанні пра тое, што ён меў шэсць пастаў, значыць, можна было выпускаць шэсць відаў прадукцыі: малоць зерне, рабіць крупу, распільваць бярвенні на дошкі, вырабляць паперу і іншае. На гэтым млыне была верхняя падача вады, яна падала на кола зверху і давіла на лопасці. Дакладная прычына, чаму не захаваўся першы млын, невядома.

— Магчыма, прыйшоў у заняпад ці вырашылі, што для гэтага месца двух млыноў замнога, — разважае Алег Мізула. — Даўней людзі казалі, што вады для млына ў Жодзішках і таго, што стаяў вышэй, у вёсцы Сачыняты і належаў Дашкевічу, не хапала. Апошні перагароджваў раку, і калі на ім рабілі памол, млын у Жодзішках стаяў. Уладальнікі спрачаліся паміж сабой, але неяк дамаўляліся. Зараз млына ў Сачынятах таксама няма: пасля канфіскацыі савецкай уладай ён прыйшоў у заняпад.

Цудоўны лёс звычайнага млына

Млын, на які мы прыехалі, цудам захаваўся дзякуючы энтузіязму і кемлівасці сучаснага гаспадара Франца Жылкі. Ён унучаты пляменнік таго ўладальніка, якому належаў млын з сям'і Кабакоў. У 1996 годзе Жылка выкупіў яго ў калгаса для ўласнага карыстання. Млын быў вельмі занядбаны, як кажуць тутэйшыя, «пенькіны руіны». Бярвёны і зруб захаваліся, але дах працякаў, штосьці згніло, пакрыццё ззяла дзіркамі так, што нават па падлозе было небяспечна хадзіць — магла ў любы момант праваліцца. Пра абсталяванне казаць таксама няма чаго: як вадзяны млын ён ужо не працаваў.

— Па сутнасці, калі б Франц яго не выкупіў, млына б ужо не існавала, ён бы разваліўся, як і астатнія, — дзеліцца думкаю краязнаўца.

Зараз на млыне вырабляюцца і мука, і сечка, і крупы.

За год пасля выкупу правялі рэстаўрацыю млына, і ён пачаў працаваць. Попыт на памол тады быў вельмі вялікі. Нулявыя гады ў эканамічным плане для млына — квітнеючы час. Калі змяніўся лад жыцця людзей на вёсцы, сітуацыя стала пагаршацца.

— Яшчэ гадоў дзесяць таму людзі былі больш гаспадарлівыя, вырошчвалі свіней на падворках, — успамінае Алег Мізула. — Некаторыя нават па 60 свіней трымалі, шмат збожжа сеялі, бульбу садзілі. На памол стаялі чэргі, у дзве змены працавалі.

— Цяпер попыт на млын невялікі, але ўсё роўна ёсць, — распавядае млынар Уладзіслаў Цікота. — Ён працуе, у будні адбываецца памол. Зараз тут вырабляюцца і мука, і сечка, і крупы. Узімку працы таксама хапае. Людзі мелюць корм для свіней і іншай жыўнасці — з'язджаецца ўсё наваколле. Таксама млын прываблівае турыстаў. Дзякуючы захаваным традыцыям і адрэстаўрыраваным механізмам, рэканструяванай па старажытных тэхналогіях будове ў нас ёсць усе магчымасці, каб паказаць, як працавалі на млыне шмат гадоў таму.

Магічная прафесія

Раней прафесія млынара была вельмі ганаровай і важнай. У залежнасці ад таго, які быў млын, на ім працавалі ад аднаго да шасці чалавек.

— На гэтым спраўляліся ўдваіх, — гісторык указвае на млын. — А на тым, што меў шэсць пастаў, патрабавалася больш людзей. Колькасць работнікаў залежала ад аб'ёму вады: калі яе не было, ён не працаваў, а калі вада была пастаянна, млын увесь час функцыянаваў. Гэта быў сямейны бізнес. Працаваў бацька, дзеці, магчыма, кагосьці нанімалі. На большым млыне маглі працаваць 5—6 чалавек, на звычайным — 1—2.

Млынар — прафесія магічная. Цікава адлюстроўваецца млынар у беларускай міфалогіі: ён мае справы з вадзянымі і іншымі цёмнымі духамі. У літаратуры можна знайсці безліч міфаў, у якіх згадваецца млынар.

Побач з млыном пабудавана двухпавярховая альтанка для адпачынку.

 Ад зерня да мукі

Засталіся лічаныя хвіліны — і мы даведаемся, як працуе млын. А пакуль знаходзімся ў Музеі хлеба, які працуе ў тым жа будынку і захоўвае шмат артэфактаў даўніны. Напрыклад, тут можна прасачыць усе этапы пераўтварэння зерня ў муку.

Унутры млына ёсць Музей хлеба.

Зааралі, пабаранавалі, пасеялі — вырасла жыта. Тады жанчыны бралі сярпы і ішлі жаць. Мужчыны рабілі гэта з дапамогай касы з дужкай, якая была зацягнута тканінай, каб пры касьбе зерневых культур пакос клаўся каласкамі ў адзін бок. Жанчына брала жыта левай рукой і сярпом зразала яго, каб потым скласці. Калі касіў мужчына, жанчыны ішлі ззаду і збіралі жыта. Калі яно высыхала, звязвалі снапы і везлі ў гумно.

Па даўняй традыцыі абмалочвалі ланцугамі: засцілалі дыванамі зямлю, клалі на іх снапы і білі па каласках. Ад удараў з іх высыпалася зерне. Потым на змену прыйшла малатарня. Яна аблягчала працу, бо не трэба было біць торпам: сноп засоўвалі ў малатарню, зерне само вымалочвалася, прычым хутчэй і з меншымі намаганнямі. З малатарні выходзіла неачышчанае зерне. Тады яго засыпалі на веялку, дзе ўнутры выдувалася плява, а зерне калібравалася. Апошні этап — жорны, з-пад якіх выходзіла мука.

Круціце кола

Як жа працаваў млын? Спачатку на кані пад'язджалі да дзвярэй другога паверха. Каб не насіць на плячах мяшкі, іх клалі на пад'ёмную платформу, рычаг пераводзіўся, і вадой яны ўздымаліся наверх. Потым зерне засыпалася ў бункер. З яго на трэцім паверсе падавалася на жорны, пры гэтым напор падачы рэгуляваўся засланкай. На другім паверсе адбываўся памол, і потым мука па норыях ішла ў мяшкі на першым паверсе.

Каб не насіць на плячах мяшкі, іх клалі на пад'ёмную платформу, і вадой яны ўздымаліся наверх.

На жорны зерне падаецца з трэцяга паверха.

Напор падачы зерня рэгулюецца засланкай.

Цяпер дзякуючы аўтаматыцы ўсе маніпуляцыі праводзяцца на першым паверсе: збожжа засыпаецца ў перамолачны апарат, з якога адразу ж выходзіць мука. Аднак гэта не адмяняе памолу па старажытных традыцыях. Млын функцыянуе, як і раней, праўда, з-за працаёмкасці працэсу яго дэманстрыруюць толькі жадаючым дакрануцца да даўніны і перанесціся на некалькі стагоддзяў назад.

Мука па норыях ідзе ў мяшкі на першым паверсе.

grudnitski@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter