Вачыма дзяцей

У Смалявічах адкрылася выстава «Вайна вачыма дзяцей»

Моладзь павінна ведаць пра вайну, каб захоўваць мір

Хлопчыкі і дзяўчынкі з Барысава, Смалявічаў і Жодзіна стварылі цыкл мастацкіх работ, якія ўвайшлі ў экспазіцыю перасоўнай выставы «Вайна вачыма дзяцей». Напярэдадні сумнай даты — Дня ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны — выстава адкрылася ў Смалявіцкім гарадскім Доме культуры. На адкрыццё прыйшлі вучні школ раёна, ветэраны вайны, былыя вязні, валанцёры і проста неабыякавыя людзі.

«На гэтай адметнай выставе не трэба шматслоўя. Мы глядзім на малюнкі і разумеем боль і горыч дзяцей вайны, а таксама эмацыянальныя перажыванні, якія адчувалі юныя аўтары работ пры іх стварэнні. А гэта сведчыць аб тым, што маладое пакаленне ведае пра пакуты мінулай вайны і будзе абараняць мір на Зямлі», — адзначыў намеснік старшыні Смалявіцкага райвыканкама Аляксандр Шлыкаў.

Літаральна затаіўшы дыханне госці слухалі аповед жыхаркі Смалявічаў, відавочніцы тых страшных падзей, непаўналетняга вязня фашысцкага лагера Феадосіі Іванаўны Макушчанка. Вайну яна сустрэла амаль у 15 гадоў у роднай вёсцы з прыгожай назвай Хаткі, што ў Добрушскім раёне на Гомельшчыне, і добра памятае ўсё да дробязей. Вобразы змагароў, партызан, мірных жыхароў, што прайшлі праз пекла, тых вёсак, што сышлі ў нябыт агнём і дымам, — жывы голас гісторыі пранікнёна трапляў у кожнае сэрца.

Дзіцячыя карціны выкананы ў розных тэхніках, але аднолькава ўражваюць глыбінёй і трагізмам. Менавіта таму літаральна ля кожнай гледачы затрымліваліся падоўгу. Натхніла юных мастакоў на такую творчасць Барысаўская раённая арганізацыя ГА «Беларуская асацыяцыя былых непаўналетніх вязняў фашызму». Выстава створана ў рамках праекта «Месца сустрэчы — дыялог» пры падтрымцы фонду «Памяць, адказнасць і будучае» (Германія) і міжнароднага ГА «Узаемаразуменне» (Беларусь).

«Зараз дзейнічае сумесны праект, які ахоплівае Барысаўскі, Смалявіцкі раёны і горад Жодзіна. У школах створаны атрады памяці, у выніку іх дзейнасці з’явілася экспазіцыя, якая пастаянна папаўняецца і абнаўляецца. Гэта мастацкія работы вучняў, выкананыя пад кіраўніцтвам настаўнікаў, самаму юнаму аўтару ўсяго 6 гадоў. Важна, што карціны з’яўляюцца як вынік грунтоўнага вывучэння гістарычнага матэрыялу, літаратурных крыніц, як вынік сустрэч з відавочцамі падзей часоў Вялікай Айчыннай вайны. Гэтыя веды, прапушчаныя праз уласныя эмоцыі, і ўвасобіліся ў карцінах», — расказаў старшыня Барысаўскай раённай арганізацыі ГА «Беларуская асацыяцыя былых непаўналетніх вязняў фашызму» Эдуард Гедроіц.

Выстава ўжо пабачыла шмат экспазіцыйных залаў, была паказана ў Палацы культуры МАЗа. Запрасіць яе да сябе могуць усе, хто нераўнадушны да памяці і патрыятычнага выхавання.

На здымку: у час адкрыцця выставы.

Фота: Марына БАРАДАЎКА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter