«Вачам сваім не паверылі: па шэсць кілаграмовых клубняў пад кожным карчом»

ЛЮБАНСКІ бульбавод Іван СІНІЦКІ, адзін з нямногіх беларускіх аграрыяў, — поўны кавалер ордэна Працоўнай Славы, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР, прэміі Ленінскага камсамола. Іван Рыгоравіч выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР, быў дэлегатам ХХVІ з’езда КПСС. Зараз ён на заслужаным адпачынку, памяняў аграгарадок Загалле на невялікую суседнюю вёсачку Жывунь, дзе мы з ім і сустрэліся.

Любанскі бульбавод Іван Сініцкі і сёння ўпэўнены: толькі сярод сваіх людзей можна набыць сапраўдную славу

ЛЮБАНСКІ бульбавод Іван СІНІЦКІ, адзін з нямногіх беларускіх аграрыяў, — поўны кавалер ордэна Працоўнай Славы, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР, прэміі Ленінскага камсамола. Іван Рыгоравіч выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР, быў дэлегатам ХХVІ з’езда КПСС. Зараз ён на заслужаным адпачынку, памяняў аграгарадок Загалле на невялікую суседнюю вёсачку Жывунь, дзе мы з ім і сустрэліся.

— Іван Рыгоравіч, на ўсё жыццё мне ўрэзалася ў памяць трыццацігадовай даўніны наша сустрэча на бульбяным палетку каля палескага вострава Зыслаў. Было гэта на пачатку лета. За адну чэрвеньскую ноч неверагодны для такога часу года замаразак знішчыў усё ваша старанне. Амаль уся бульба, якая ўжо красавала суквеццямі, раптоўна пачарнела. Але…

— Але як не балюча было на ўсё гэта глядзець, выстаялі і ў той год. Адразу кінуліся ратаваць плантацыю. Дапамаглі вопыт і старанне ўсяго нашага механізаванага звяна. Не першы год займаліся бульбаводствам. На тарфяніках не рэдкасцю былі вясновыя замаразкі. Але тут сітуацыя ўскладнілася, бо гэта здарылася летам падчас пачатку цвіцення бульбы. Усё бацвінне абмякла, а ў зямлі клубні засталіся, і мы пачалі рыхліць радкі, каб новыя парасткі прараслі. Апрацавалі ўсё поле. А праз нейкі час зазелянелі радкі. Выратавалі бульбу. Праўда, далёка не такі, як планавалі, атрымалі ўраджай, але магло быць і горш. За ўсе часы майго бульбаводства гэта быў самы складаны год.

— А самы ўдалы год помніцца?

— Хіба я магу забыць, як наша звяно атрымала па 520 цэнтнераў бульбы з гектара. Гэта быў рэкорд рэспублікі. Асобныя клубні гатунаку “роза” важылі па кілаграму, а то нават і крыху болей.

— Колькі такіх клубняў было пад кожным карчом?

— Мы спачатку і самі не верылі сваім вачам. Па чатыры, пяць і нават шэсць кілаграмовых клубняў ад адной расліны. Гэта быў, можна сказаць, наш апагей. Па выніках работы за той год я атрымаў Дзяржаўную прэмію СССР. Вядома, што была вялікая пашана стаць лаўрэатам, але і грашовае заахвочванне, як кажуць, не замінала. Мы паміж усімі членамі механізаванага звяна падзялілі грашовую прэмію. Ніхто не быў у крыўдзе. І так заўсёды ўсё дзялілі пароўну. І ў працы ніколі ў нас не было спрэчак. Усе маладыя, энергічныя, з добрым веданнем тэхнікі. Да нас ехалі бульбаводы з усіх куткоў Беларусі за вопытам, і мы шчыра расказвалі пра сваю арганізацыю працы. Тагачасны кіраўнік гаспадаркі Валерый Камісарчык падтрымліваў нас ва ўсім, дапамагаў як мог, каб пастаянна высока трымаць планку першынства. У міжсезонне аграномы знаёмілі нас з навінкамі тэхналогіі вырошчвання бульбы. Цікавіліся мы і вопытам замежных калег. Важна і тое, што пастаянна эксперыментавалі пасадку новых высокапрадукцыйных беларускіх сартоў бульбы. Вучоныя з Беларускага навукова-даследчага інстытута бульбаводства давяралі нам свае лепшыя ўзоры бульбы.

— Іван Рыгоравіч, шчыра кажучы, дагэтуль ідзе пагалоска, што, мо, не ўвесь Любанскі раён, а вось былы саўгас «         Загальскі» поўнасцю працаваў на ваш поспех?

— Безумоўна, без падтрымкі тэхнічных, агранамічных і іншых службаў мы не змаглі бы так прарвацца ўперад. Нам спрыяла многае. І ў першую чаргу тое, што вырошчвалі гэту культуру на асушаных тарфяніках. Як вядома, першыя некалькі дзясяткаў гадоў пасля правядзення меліярацыі раней ніколі не выкарыстоўваемыя глебы давалі высокую аддачу. Аграномы гаспадаркі ўдала складалі севазварот, размяшчалі бульбяныя палеткі па спрыяльных папярэдніках. І, чаго граха таіць, у той час мінеральныя ўдабрэнні былі вельмі танныя, у калгасах не ведалі, куды іх дзець. У нашым саўгасе яны ляжалі гарамі на палявых сховішчах. Вось мы і не шкадавалі тукаў на палеткі. Ніхто ў той час не правяраў наяўнасць радыёнуклідаў у бульбе. Ёю кармілі калгасную жывёлу. Тонамі завозілі ўвосень прама з поля на жывёлагадоўчыя фермы. Частку здавалі на крухмальныя ці спіртзаводы. Бульбай загружалі чыгуначныя саставы і адпраўлялі ў розныя канцы Саюза, асабліва ў паўночныя рэгіёны. Займацца бульбаводствам было вельмі выгадна. Рэнтабельнасць гэтай культуры была значна вышэй за іншыя. Штогод мы пашыралі плошчы пад яе. Толькі ў нашай гаспадарцы кожны вытворчы ўчастак, а іх было чатыры, штогод адводзіў пад бульбу па шэсцьдзесят гектараў. Набылі ўсю неабходную спецыялізаваную тэхніку па вырошчванні і ўборцы гэтай культуры. Увесь працэс вытворчасці поўнасцю механізавалі, таму і сабекошт бульбы быў нізкі. Адсюль і рэнтабельнасць. Справа ладзілася, і нас гэта натхняла, таму і расло жаданне яшчэ лепш працаваць. Сіл і старання не шкадавалі, і ў выніку зараблялі вельмі добра. Я сам забяспечваў сваю вялікую сям’ю поўнасцю ўсім. Меў новую аўтамашыну, атрымаў бясплатна ад гаспадаркі дыхтоўны катэдж, у якім з году ў год прыбаўлялася мая вялікая сям’я.

— Вялікая сям’я — гэта колькі дзяцей?

— Мо, нават і надта вялікая. У мяне восем дзяцей. Жонка Валянціна ледзьве спраўлялася займацца хатняй гаспадаркай і дзецьмі. А я ўвесь свой час аддаваў бульбаводству. І ўсё фінансавае забеспячэнне сям’і было на мне. Цяпер, калі аналізую мінулае, нават лічу, што занадта бесклапотным ладзіў жыццё сваіх дзяцей. Яны мелі ўсё, што хацелі, бо сродкі дазвалялі. Былі адзетыя і абутыя так, як ніхто ў нашай вёсцы. У мяне тады заробкі перавышалі зарплату першага сакратара райкома партыі. Шкадую цяпер, што мы з жонкай дзяцей да працы не надта прывучалі, не загружалі хатнімі гаспадарчымі справамі. Нашы бацькі былі па-сялянску больш мудрэйшыя. А нам думалася, няхай хоць дзеткі пажывуць лягчэй за нас.Толькі цяпер разумею вялікую сілу спрадвечнай мудрасці: толькі праз працу пралягае шлях да шчасця.

Так здарылася, што шэсць гадоў таму не стала маёй жонкі Валянціны, і я адразу адчуў на сабе гэтыя хібы ў выхаванні дзяцей.

— Колькі гадоў пражылі разам з Валянцінай?

— Амаль сорак. Яна з суседняй вёскі Акцябрскага раёна. Так склалася, што пасля службы ў арміі я вярнуўся ў родныя мясціны, пайшоў працаваць механізатарам у саўгас. У вольны час разам з сябрамі на матацыклах ездзілі ў гэту вёску на гулянні. У нашай вёсцы Старасек было шмат хлопцаў, а там дзяўчат многа. Валянціна з харошай, працавітай сялянскай сям’і. Продкі яе, як і мае, — спрадвечныя земляробы. Нядоўга мы сустракаліся з Валянцінай, ўвосень у сельсавеце распісаліся. Спачатку жылі ў маіх бацькоў, а калі дзеткі пайшлі, кіраўніцтва выдзеліла жыллё.

— Іван Рыгоравіч, не кожнаму выпадае рэалізаваць сябе там, дзе твае вытокі. Ці лічыце сябе шчаслівым у гэтым плане?

— Скажу так, што ўвогуле, шчасце, як тая птушка. Ты за ёю гонішся, а яна быццам жартуе з табой, лёгка ўспорхваючы з галінкі на галінку. Маё шчасце ў тым, што лёс падараваў цудоўны занятак на зямлі продкаў. Я аднойчы чуў такое выказванне, што толькі сярод сваіх людзей можна набыць сапраўдную славу. Мне ў гэтым плане вельмі пашчасціла. Наш вялікі род Сініцкіх месціўся на зыслаўскіх хутарах, да якіх было немагчыма летам дабрацца. Непраходная твань акружала Зыслаў, які людзі назвалі востравам. Толькі па зімніку нашы хутаране дабіраліся ў вялікі свет. Жылі абасоблена, адрэзанымі ад усіх векавымі балотамі. Да вайны ўвесь Зыслаў быў заселены. На невялікіх лапіках зямлі вырошчвалі збожжавыя, гародніну, бульбу. Кармілі людзей лес, балота ды шматлікія невялікія азёры, рэчкі. Пад час Вялікай Айчыннай вайны на востраве Зыслаў ратаваліся ад ворага палескія партызаны. Тут быў легендарны партызанскі аэрадром, на які садзіліся савецкія самалёты. Ні аднаго разу нага акупантаў не ступала на гэтую святую зямлю маіх дзядоў і прадзедаў.

Бацька мой быў інвалідам, і яго ў дзеючую армію не прызвалі. Ён на Зыславе пад час нямецкай акупацыі вырабляў драўляныя ручкі для самаробных гранат. Маці таксама мела свой занятак у атрадзе. Партызанскі камандзір Сцяпан Карнееў асабіста дзякаваў бацьку за яго дапамогу.

Пасля вайны мы сваю хату перавезлі ў знішчаную фашыстамі вёску Старасек, што ў некалькі кіламетрах ад Загалля. Цяпер наш Зыслаў акружаюць не балоты, а прасторныя масівы асушаных тарфянікаў, на якіх мы і атрымлівалі рэкордныя ўраджаі бульбы. Цяпер тут вырошчваюць у асноўным збожжавыя, тэхнічныя, кармавыя культуры.

— А як з бульбай? Хто працягвае вашу справу ў гаспадарцы, якая цяпер называецца адкрытае акцыянернае таварыства «МАПІД» сельскагаспадарчае ўпраўленне «Загальскі»?

— Напэўна, кожны час дыктуе свае прыярытэты. Гаспадарку моцна падтрымліваюць сталічныя прамыслоўцы. У апошнія гады прыбытковым стала вырошчванне збожжавых культур, пад якія адведзена большасць з чатырох тысяч сельгасугоддзяў гаспадаркі. Ды і па апошніх рэкамендацыях вучоных бульбу лепш вырошчваць на мінеральных глебах. Гэта спрыяе захаванню ўрадлівасці сельгасугоддзяў і павышэнню эфектыўнасці вытворчасці. Як я ведаю, сёлета пад бульбай у нашай гаспадарцы было занята толькі шэсцьдзесят гектараў. Ставілася задача атрымаць па дзвесці цэнтнераў клубняў з гектара. Летась ураджайнасць была дзесьці сто семдзесят цэнтнераў. Зараз гэтая культура ў нашай гаспадарцы дае невялікі прыбытак. І не таму, што не стараюцца бульбаводы, а па самых розных аб’ектыўных прычынах яна ўступіла першынство іншым сельгаскультурам. У апошнія гады вырошчванне яе стала вельмі затратным. З-за рэзкага павышэння цэн на паліва, тэхніку, угнаенні і іншыя рэчы рэнтабельнасць гэтай культуры мінімальная. Па падліках нашай эканамічнай службы, больш выгадна займацца іншымі культурамі. Так і павінна быць. Перш чым заняцца якой справай, спачатку варта падлічыць эканамічны эфект і толькі потым нешта пачынаць.

— Я ведаю, Іван Рыгоравіч, што вам як перадавіку сельгасвытворчасці ў свой час быў урачыста ўручаны двухмільённы беларускі трактар МТЗ-82. Каму вы даверылі яго пасля выхаду на пенсію?

— Шмат гадоў я сам шчыраваў на ім, вельмі пільна глядзеў. Трактар выдаўся ўдалы. Пасля мяне на ім працавалі іншыя механізатары. Я прасіў кіраўніцтва гаспадаркі перадаць яго мне ў асабістае карыстанне. Сённяшні кіраўнік Аляксандр Паўлавіч Буян абяцае, што так і будзе, таму спадзяюся, што я яшчэ на гэтым трактары прынясу карысць гаспадарцы. Тым больш што на здароўе не скарджуся, адчуваю сябе добра. Маю свой невялікі трактар з прычэпам. Душу адводжу на ім. Спецыяльна збудаваў гараж для яго. Хаця агарод, а ён немалы, ускапваю рыдлёўкай.

— Тут, у вёсцы Жывунь, куды вы, як у народзе кажуць, пайшлі ў прымы, усяго некалькі двароў. Ваш падворак заўважна вызначаецца сярод іншых. Сад, агарод, прасторны дом, дабротныя гаспадарчыя пабудовы, кастры наколатых дроў, — усё сведчыць пра дбайнага гаспадара.

— Я лічу, што мне вельмі пашчасціла пасля смерці Валянціны. У кожнага з васьмі маіх дзяцей свае справы, а я застаўся адзін. Так здарылася, што і ў Жывуні адна засталася пасля смерці свайго мужа былая вясковая настаўніца Галіна Сямёнаўна. Мы дружылі сем’ямі. Яна добра ведала маю жонку і ўсіх маіх дзяцей, якія звалі яе тады чамусьці другой маці. Вось і вырашылі мы ў свае немаладыя гады сыйсціся, каб разам было лягчэй і весялей жыць. Я ўсё, што меў, сваім дзецям пакінуў у Загаллі. Забраў з сабою ў Жывунь толькі талерку, што некалі атрымаў у Зорным гарадку ад касманаўта Уладзіміра Кавалёнка.

Ужо шосты год мы разам з Галінай Сямёнаўнай гаспадарым на гэтым падворку. Прывялі ў належны парадак стары сад, выкапалі саджалку для качак, зарыбілі яе карпамі. Я падладзіў дом, гаспадарчыя пабудовы, агароджу новую паставіў. А колькі задум яшчэ ў нашых агульных планах!

Кожны новы дзень для мяне тут, як сапраўднае свята. Усё робім разам з Галінай, жанчынай мудрай, стараннай, працавітай. Яна ні хвіліны без справы не пасядзіць. Ад раніцы і да вечара ўсё нечым занята. Толькі адных хатніх нарыхтовак у нас поўны склеп. У Галіны Сямёнаўны таксама немалая была сям’я: чацвёра дзяцей. У іх цяпер свае сем’і. Часта да нас сюды едуць. Яе дзеці мяне бацькай завуць. З першых дзён я адчуў сябе тут не чужым. І ўсё гэта дзякуючы цудоўнаму характару маёй новай гаспадыні. Я ж просты сялянскі мужык. Галіна Сямёнаўна  сорак гадоў выкладала ў вясковай школе беларускую мову і літаратуру. І цяпер шмат чытае, і я ўжо паціхеньку пачынаю прызвычайвацца да кніг. А як нейкі сум находзіць, садзімся разам і спяваем. І добра атрымліваецца. Думаю, напэўна, нічога проста так не бывае. Гэта ж трэба нам у такія гады знайсці адзін аднаго. Як сыходзіліся, думалі, каб не прапасці па аднаму, а тут як быццам другая маладосць прыйшла. Ад абсалютнага ўзаемапаразумення поўніцца здароўе, з’яўляецца жаданне займацца новымі справамі, прыходзяць цікавыя ідэі.

Хацелі карову займець, ды ў наваколлі ні ў каго больш няма іх. Адну трымаць немагчыма. Раней у нас была карова, але, як чула рыканне з фермы, зрывалася і ляцела туды. Таму козачак завялі. Двух гадавых парсюкоў па два цэнтнеры кожны ўжо адкармілі. Яшчэ поўны птушнік кур і качак трымаем. І ў агародзе вырошчваем усё, што патрэбна да стала. Свой вінаграднік развялі. Такія салодкія ягады сёлета былі. А вакол хаты Галіна Сямёнаўна кветнік даглядае, каб вока радавала. І зараз яшчэ палаюць асеннімі фарбамі познія хрызантэмы, вяргіні, астры.

— Прыгожа тут у вас. Адразу за падворкам луг, а далей — лясок. Чыстае паветра, як на курорце!

— Жыві і радуйся кожнаму новаму дню. Мы з гаспадыняй забяспечаны дзяржаўнымі пенсіямі, а яшчэ і наша хатняя гаспадарка дае добрую падтрымку. Каб толькі здароўе не горшала. Не ў баку мы ад спраў грамадскіх. Непадалёку ад нашага падворка жыве энергічная жанчына, якую мы ўсе абралі вясковым старастай. Чым можам, дапамагаем ёй у грамадскіх справах. Я ж мужык,  павінен заўжды падставіць сваё плячо.

— А на мехдвор, у поле не цягне?

— Ды яшчэ як душа прагне ўсяго гэтага. Столькі гадоў адпрацаваць на зямлі, жыць гэтым. Хіба можна ўсё забыць. Бываю і сярод механізатараў, і на палі езджу, цікаўлюся справамі гаспадарчымі. Часта сустракаюся з нашым кіраўніком Аляксандрам Буянам. Яго, як і мяне, хвалюе будучае гэтых палескіх мясцін. Паўвека таму столькі сродкаў было ўкладзена ў меліярацыю арэскіх балот, а цяпер душа баліць ад таго, што не хапае сродкаў падтрымліваць урадлівасць гэтых асушаных масіваў. Многія зарастаюць маладым лесам, хмызамі параслі магістральныя канавы. Цэлыя вёскі знікаюць. Вось і ў нашай Жывуні колькі падворкаў пустуе. Адыходзіць у нябыт і мая родная вёска Старасек. Ды што казаць пра невялікія вёскі. На цэнтральнай сядзібе — у Загаллі — двухпавярховыя мураваныя жылыя дамы сталі нікому не патрэбнымі. Моладзь амаль уся ў гарадах. Хто заменіць сённяшніх немаладых ужо механізатараў, даярак? У нашай гаспадарцы многія пенсіянеры вымушаны працаваць, бо няма каму іх замяніць. Цыган запрашаем перабіраць бульбу. У суседнім калгасе «Рассвет» у шматкватэрных жылых дамах вяскоўцы павыводзілі металічныя коміны з кватэр, бо цэнтральнае атапленне ўжо каторы год не дзейнічае. А сярод поля, як помнік былым часам, стаіць ужо колькі гадоў недабудаванае бетоннае бульбасховішча. Усё гэта патрабуе дбайнага, руплівага гаспадара, вакол якога будуць групавацца працаўнікі, ладзіцца добрыя справы. Толькі мы самі павінны і можам аднавіць нашу вёску, толькі мы ў адказе за яе будучае. Каб як некалі я радаваўся кожнаму працоўнаму дню на сваім бульбяным палетку, так імкнуліся да працы на зямлі нашы дзеці, ўнукі. Зямля ніколі не застанецца ў даўгу перад імі за любоў да яе.

Уладзімір СУБАТ

Фота аўтара

Любанскі раён.

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Версия для печати
Заполните форму или Авторизуйтесь
 
*
 
 
 
*
 
Написать сообщение …Загрузить файлы?
Новости
Все новости