Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Краязнавец Міхаіл Казлоўскі з Маладзечна на працягу пяцідзесяці гадоў вывучае гісторыю родных мясцін

Вабяць родныя абшары

Чаму цікавасць да гісторыі роднага краю — рэч натуральная, у інтэрв’ю “Голасу Радзімы” расказвае вядомы краязнавец, грамадскі дзеяч, крытык, публіцыст, выдавец Міхаіл Казлоўскі. Ураджэнец вёскі Рабінавая Маладзечанскага раёна, ён заснаваў у “горадзе сонца” — так ласкава называюць маладзечанцы свой горад — моладзевы клуб “Беларуская хатка”, мастацкую гасцёўню Язэпа Драздовіча, літаратурны музей Уладзіміра Караткевіча. Ён — адзін са стваральнікаў гісторыка-краязнаўчага аб’яднання “Крывіч”, арганізатар і першы старшыня Маладзечанскага аддзела Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны, рэдактар-выдавец альманаха “Куфэрак Віленшчыны”. Пад яго рэдакцыяй выйшлі кнігі паэзіі, прозы і краязнаўчай публіцыстыкі, шэраг паштовак, прысвечаных дзеячам беларускай культуры. Міхаіл Казлоўскі сапраўды ведае пра родныя мясціны амаль усё:

Міхаіл Казлоўскі

— Міхаіл Міхайлавіч, Вы краязнавец з вялікім стажам. Чым вабіць Вас гэтая “навука”?

— Сапраўды, стаж у мяне прыстойны — паўстагоддзя! Краязнаўствам я займаюся з дванаццаці гадоў, як толькі прыйшоў да разумення, што такое Беларусь. Палюбіў гісторыю краіны, культуру, людзей. Нельга забываць таксама пра той вялікі нялёгкі шлях, які прайшла Беларусь для таго, каб стаць незалежнай, самастойнай дзяржавай. Таму, чым больш я паглыбляўся ў роздум пра гісторыю Бацькаўшчыны, а ў першую чаргу роднага Маладзечна, тым больш разумеў: мінулае на-дзвычай павучальнае.

Краязнаўства я не магу назваць навукай. Яно па ўсёй шырыні даследаванняў не можа “ўпісацца” ні ў адну галіну. І ў гэтым яго ўнікальнасць. Але менавіта з краязнаўства пачынаецца любоў да малой радзімы: да свайго дому, вуліцы, людзей, якія жывуць побач, а ўжо потым і да краіны ў цэлым. Я вельмі рады таму, што сёння ў Беларусі краязнаўчыя даследаванні на ўздыме, людзі цікавяцца, жывуць гэтым. Для мяне, напрыклад, найлепшае месца на зямлі — роднае Маладзечна, яго ваколіцы. 

Выйшла шмат маіх краязнаўчых кніг пра Маладзечанскі раён. І яны карыстаюцца попытам. Землякам падабаецца чытаць пра падзеі, якія адбываліся ў тых месцах, дзе яны жывуць. Людзі цікавяцца гісторыяй навучальных устаноў, мясцовымі легендамі ды паданнямі, тапанімікай, лёсамі вядомых маладзечанцаў.

Чыгуначны вакзал у Маладзечне

Нядаўна я падрыхтаваў і выдаў зборнік паэзіі земляка, беларускага пісьменніка Юліяна Сергіевіча (1910—1976), на жаль, амаль забытага сёння. Гэта быў вельмі таленавіты чалавек. Ён пісаў прыгожыя вершы, засталіся й яго мемуары. Хоць мы жылі з ім зусім побач, у адным раёне, мы не былі асабіста знаёмыя. Але творчасць паэта мяне ўсхвалявала. Зборніку яго вершаў я даў назву “За волю родных хат”: так называецца адзін з ягоных вершаў, напісаны ў 1930 годзе. Якраз у ім і гаворыцца пра любоў ды замілаванне роднай старонкай. Дарэчы, вобраз Юліяна Сергіевіча стаў прататыпам аднаго з герояў рамана Янкі Брыля “Птушкі і гнёзды”.

Хутка выйдзе з друку яшчэ адна мая кніга “Вядомыя людзі Маладзечна”. Гэта будзе міні-энцыклапедыя, у якую ўвойдуць імёны вядомых людзей, ураджэнцаў Маладзечанскага раёна: ад вялікага асветніка Сымона Буднага (1530 (?) — 1593), прадаўжальніка традыцый Францыска Скарыны, да герояў нашых дзён, жыццё якіх так ці інакш звязана з Маладзечна. Гэта і Леў Сапега, гаспадар маладзечанскіх земляў з 1589 па 1623 год, і браты-навукоўцы Бенядыкт і Уладзіслаў Дыбоўскія, і краязнаўца, этнограф, заснавальнік Мінскага царкоўнага гісторыка-археалагічнага камітэта ды Мінскага царкоўна-археалагічнага музея Андрэй Снітко. На Маладзечаншчыне з’явіўся на свет і пачаў сваю працоўную і творчую дзейнасць Пясняр зямлі беларускай Янка Купала (1882—1942) — любімы мой пісьменнік, у жыцці ды творчасці якога дагэтуль шмат таямніц. Усяго каля 70 імёнаў людзей, што ў розны час уславілі маю малую радзіму, увайшло ў кнігу.

— Вы казалі, што творчасць Янкі Купалы дагэтуль цалкам не вывучаная. Гэта насамрэч так?

— Вядома ж. Прычым многімі яна й недаацэненая. Мая любімая паэма Песняра “Раскіданае гняздо”. Гэта, лічу, вяршыня беларускай нацыянальнай драматургіі, адно з найвышэйшых дасягненняў паэтычнага генію Купалы. А які глыбокі сэнс у п’есах “Курган”, “На куццю”, “Магіла льва”...  Для мяне купалаўская паэзія і драматургія — эталон. І калі б мяне спыталі, кнігі якога аўтара ўзяў бы з сабой на бязлюдны востраў, я б адказаў: Янкі Купалы. (Мне ж, калі слухала Міхаіла Казлоўскага, які, здавалася, гадзінамі можа чытаць на памяць творы знакамітага земляка, самой захацелася перачытаць вершы ды паэмы геніяльнага паэта. — Аўт.).

Маладзечанскія вуліцы адметныя ўтульнасцю і чысцінёй

— Чым яшчэ цікавая для Вас гісторыя Маладзечна?

— Я вывучаю гісторыю навучальных устаноў горада і раёна. Адлік развіцця сярэдняй і вышэйшай адукацыі ў Маладзечне пачынаецца з 1811 года, калі сюды з Бабруйска па хадайніцтве Францішака Агінскага, тагачаснага ўладальніка мястэчка, “пераехала” шляхецкае павятовае вучылішча. Пасля з’явіліся маладзечанскія прагімназія, пяцігадовае павятовае вучылішча і першая на тэрыторыі Расійскай імперыі Настаўніцкая семінарыя, праграма навучання ў якой была распрацавана самым вядомым педагогам таго часу Канстанцінам Ушынскім. Перад самай вайной у Маладзечне адкрылася Беларускае гідралагічнае вучылішча імя Янкі Купалы, пад час вайны ў вёсцы Лебедзева (сёння аграгарадок) Маладзечанскага раёна запрацавала беларускамоўная школа, якую стварыў Барыс Кіт, вядомы дзеяч беларускай эміграцыі. 

Тое, што адукацыя вельмі важна для развіцця грамадства, шчаслівай будучыні беларускага народа, ужо ў тыя часы разумелі на маёй малой радзіме. Тут вучыліся арабіст Антон Мухлінскі, пісьменнік Аляксандр Цішынскі, мастак Нікадзім Сілівановіч. Апошні, дарэчы, у 1870-х працаваў над іканастасам Ісакіеўскага сабора ў Санкт-Пецярбургу. Выпускнікамі настаўніцкай семінарыі былі паэт і грамадскі дзеяч Міхась Чарот, знакаміты беларускі “салавей”, спявак, які пазнаёміў увесь свет з  беларускімі песнямі Міхаіл Забэйда-Суміцкі. І хоць нарадзіўся ён на Гродзеншчыне, менавіта ў Маладзечне раскрыўся яго талент. Нядаўна ў Маладзечне прайшла чарговая навуковая канферэнцыя, прысвечаная яго памяці. Ёсць у горадзе і вуліца Забэйды-Суміцкага. Гэта пакуль адзіная вуліца ў Беларусі, названая ў яго гонар.

У Маладзечанскім шляхецкім вучылішчы выкладаў Іван Насовіч, стваральнік першага слоўніка беларускай мовы, які выйшаў у Санк-Пецярбургу ў 1870 годзе. Тут жа працаваў мяркуемы аўтар самага папулярнага сатырычнага твора XIX стагоддзя, паэмы “Тарас на Парнасе” Кастусь Вераніцын. Тут працавалі і такія вядомыя людзі, як гісторык ды фалькларыст Генадзь Каханоўскі, пісьменнік Мікола Ермаловіч, краязнавец Вячаслаў Ляшковіч… Мноства таленавітых навукоўцаў, гісторыкаў, пісьменнікаў жылі й вучыліся ў Маладзечне. Нездарма ж два гады таму горад быў удастоены ганаровага звання культурнай сталіцы Беларусі.

— Ваша кніга “Да кніжных скарбаў дакрануся” прысвечана сустрэчам з землякамі. Хто яны, адкуль, дзе праходзілі гэтыя сустрэчы? Ці ўспамінаюць яны сваю малую радзіму?

— Я сябрую з беларусамі Даўгаўпілса і Рыгі. Вельмі цесна кантактую з Цэнтрам беларускай культуры ў Даўгаўпілсе і яго кіраўніцай Жаннай Раманоўскай, цікавым і добрым чалавекам.

З маім сябрам, беларускім паэтам Сяргеем Панізьнікам мы падрыхтавалі чатыры кнігі пра беларусаў міжваеннай Латвіі, якія жылі там у 20-30 гадах мінулага стагоддзя. Так, напрыклад, адзін том прысвечаны Віктару Вальтару, беларускаму паэту і празаіку, які нарадзіўся і памёр у Даўгаўпілсе. У 1926—1931 гадах ён працаваў у беларускіх школах Латвіі: у Плейку, Келаве, Даўгаўпілсе. У 1920-х ён напісаў унікальны раман “Народжаныя пад Сатурнам” пра жыццё беларускай моладзі ў міжваеннай Чэхаславакіі. Мы сабралі ўсе яго творы і выдалі адзінай кнігай. У прадмове да выдання я напісаў: “У беларускай паэзіі быў Максім Багдановіч, а ў беларускай прозе Віктар Вальтар”. Сёлета выйшаў яшчэ адзін вялікі зборнік пад назвай “Вольга Сахарава. Сяргей Сахараў. Выбраныя творы”, прысвечаны беларусам міжваеннай Латвіі.

— Краязнаўства ў большасці з нас у першую чаргу асацыюецца з гісторыяй. Кажуць гісторыя — гэта вялікі настаўнік. Дык чаму ж яна нас вучыць?

— Перш за ўсё, гісторыя павінна быць праўдзівай і аб’ектыўнай. Яна вучыць нас заўсёды і ўсюды заставацца самімі сабой. Гэта датычыцца і адносінаў да роднай зямлі. Таму можна сказаць, што краязнаўца — гэта ўзор маральнага аблічча чалавека. Ведаеце чаму? Таму што ён абсалютна апалітычны. Для яго найважней за ўсё — праўда і факты, пошукам якіх ён і займаецца. А робіць гэта з мэтай захаваць гістарычныя веды пра пэўныя мясціны для наступных пакаленняў.

Голас Радзімы № 24 (3576), чацвер, 28 чэрвеня, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter