Як прайшоў рэспубліканскі конкурс «Жанчына года – 2016»

Ва ўсiм — шукайце жанчыну

У Мінску прайшла дзявятая ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года — 2016». Якія яны — лепшыя з лепшых, даведалася карэспандэнт «Р».

У конкурсе «Жанчына года — 2016» перамогу святкавалі 44 жанчыны з розных рэгіёнаў краіны

У зале кангрэс-хола гасцініцы «Вікторыя» сабраліся прыгожыя, мэтанакіраваныя і па-свойму неверагодныя жанчыны з усёй краіны — кожная са сваёй гісторыяй. Прыбылі на свята і прадстаўнікі ўлады, кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый. 

Усяго ў конкурсе былі прадстаўлены шэсць намінацый: «За лідарства і паспяховае кіраўніцтва», «За выхаванне дзяцей і моладзі», «За ўклад у развіццё духоўнасці і культуры», «За ўклад у развіццё вёскі», «Паспяховы старт і надзея Беларускага саюза жанчын» і новая намінацыя ў Год навукі — «Жанчына ў навуцы». 

Хто яны — пераможцы? Дырэктары школ, педагогі, бацькі-выхавальнікі, прадстаўнікі розных прадпрыемстваў, медыкі, вучоныя, музыканты, журналісты, гаспадыні аграсядзіб, заатэхнікі, бухгалтары — у цэлым прадстаўніцы самых розных прафесій. Але галоўнае, што ўсе яны — клапатлівыя мамы і жонкі, якія дасягнулі поспеху ў сваёй працы, грамадскім жыцці, выхаванні дзяцей і развіцці нашай краіны.

— Сёння вельмі важна, каб грамадства звяртала ўвагу, якія выдатныя ў нас жанчыны: яны ўсё паспяваюць і дома, і на працы. Яны настолькі творчыя, што, напэўна, не хопіць слоў, каб выказаць сваё захапленне імі, — кажа намеснік старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, старшыня ГА «Беларускі саюз жанчын» Марыяна Шчоткіна.

Марына Шэлег, маці-выхавальніца дзіцячага дома сямейнага тыпу аддзела адукацыі, спорту і турызму Дзятлаўскага райвыканкама, якая стала жанчынай года ў намінацыі «За выхаванне дзяцей і моладзі», падзялілася сваімі эмоцыямі:

— Вельмі прыемна быць жанчынай года! У нас з мужам сем сваіх дзяцей. Два гады таму мы вырашылі падарыць сваю любоў яшчэ пяці хлапчукам — узялі іх пад апеку і вельмі гэтаму рады. Ці цяжка быць жанчынай? Не, я мама. Я ўсё жыццё прысвяціла дзецям.

alinakasel@gmail.com

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter