
Вучацца без памылак
Празрысты халат, зашпiлены на ўсе гузiкi, тугiя пальчаткi, «хрусткая» ад стэрыльнасцi маска i прагумаваная шапачка: не, гэта не амунiцыя ўрача аперацыйнай, а мой сённяшнi касцюм — пропуск у цэх сталiчнага хлебазавода № 6. Цёплы пах выпечкi прымушае акунуцца ў дзяцiнства — усе ж адкусвалi край свежага батона, пакуль неслi яго дадому з крамы? Пакуль я настальгiрую, брыгада студэнтаў размяркоўваецца па пазiцыях: некалькi рабят спрытна ўкладваюць упакоўкi з чорным хлебам на паддоны, астатнiя запаўняюць скрынкi яшчэ гарачым аўсяным пячэннем. I як тут не паддацца спакусе i не паспрабаваць выпечку, ад водару якой кружыцца галава?Усяго за прадпрыемствам замацаваны 18 хлопцаў i дзяўчат, яны працуюць з 9 ранiцы да 16 гадзiн вечара — у месяц выходзiць каля 140 гадзiн. Студэнтаў тут ласкава называюць «дзецьмi», але патуранняў не робяць: акрамя супрацоўнiкаў прадпрыемства, за iх працай сочыць Любоў Кандрацьева, адказная па студатрадах ад каледжа. Яна прызнаецца: за навучэнцаў чырванець не прыходзiцца:
— Студатрад мы пачалi збiраць яшчэ ў красавiку: у яго ўвайшлi самыя лепшыя рабяты. Вядома, аддавалi перавагу адказным i дасцiпным, з добрым сярэднiм балам, каб не сорамна было перад хлебазаводам. Навучэнцы 1—2 курсаў працуюць тут укладчыкамi-ўпакоўшчыкамi. У iх пакуль няма квалiфiкацыi, таму займацца выпечкай не могуць, але ўсё яшчэ наперадзе, трэба крыху падвучыцца. Самае галоўнае, што рабяты любяць сваю прафесiю i добра разумеюць, чаго ад iх чакаюць.
Студэнтаў тут вiдаць здалёк — усе яны носяць ярка-ружовыя маскi i накрухмаленую белую форму. Падчас кароткага перапынку размаўляем з 17-гадовым Данiэлем Лазаравым — цiкава, цi задаволены хлопец сваiм рабочым лiпенем?
— Я запiсаўся ў студатрад, каб зарабiць грошай, — шчыра адказвае студэнт. — Разлiчваю атрымаць рублёў 400, патрачу iх на адзенне, з сябрамi пагуляць схаджу. Вольнага часу на самай справе хапае: я не адчуваю, што прапускаю лета, наадварот, разнастайна i весела яго праводжу.
Хлопец прызнаецца: больш за ўсё на прадпрыемстве яму падабаецца калектыў — не было нi дня, калi старэйшыя таварышы не прапанавалi б дапамогу.
— Самае галоўнае, што нiхто на нас не крычыць, калi нешта не атрымлiваецца — усе ставяцца з разуменнем, мы ж пакуль вучымся. А яшчэ я рады, што змог даказаць бацькам, што здольны быць самастойным. Тата ганарыцца тым, што я пайшоў працаваць.

Больш, чым проста заробак
А вось для 16-гадовай Анастасii Вiшняковай работа ў студатрадзе — звыклы i любiмы летнi занятак яшчэ са школы:— У 8 класе я працавала прыбiральшчыцай у дзiцячым садку. Студатрад для мяне — гэта нашмат больш, чым проста зароблiванне кiшэнных грошай. Гэта яшчэ i новыя знаёмствы, стасункi, ну i практыка па спецыяльнасцi. Мне, напрыклад, вельмi падабаецца гатаваць, таму я i выбрала каледж хлебапячэння — мару выпякаць торцiкi, пiрожныя.
Каб паспець на змену, Насця прачынаецца ў 6:30. Праўда, кажа, часам устае задоўга да будзiльнiка, таму што праца ёй у радасць.
— Тут не складана, але i не лёгка — я б сказала, цiкава бавiць час у калектыве i сярод аднакурснiкаў. Праца ў камандзе вельмi зблiжае, мы вучымся падтрымлiваць адзiн аднаго. Бывае, хтосьцi не паспявае расфасаваць хлеб, тады прыходзяць дзяўчынкi з iншай лiнii i дапамагаюць нам.
Дарэчы, цяпер ад дапамогi не адмовiўся б i 17-гадовы Максiм Германенка: толькi ён збiрае пячэнне з доўгай стужкi, спрэс абсыпанай ласункам, як з’яўляецца новая партыя.
— Спрытнасць рук тут як нiколi важная, — жартуе хлопец. — Я працую ўжо два тыднi, але дагэтуль не да канца прывык да такога хуткага тэмпу, хоць вельмi стараюся. Калi стамляюся, уяўляю, як у канцы месяца атрымаю зарплату, i мы разам з рабятамi паедзем адпачываць на пiкнiк.
На працягу ўсяго дня за рабятамi назiраюць спецыялiсты. I не проста так, а з прыцэлам на будучыню: па вынiках працы кiраўнiцтва адбярэ лепшых i запросiць iх на размеркаванне ў якасцi маладых спецыялiстаў. Асаблiва пiльна ацэньвае падапечных Яна Круглова, майстар хлебнага ўчастка. Дзяўчына працуе на прадпрыемстве ўжо шосты год i як нiхто ведае, як спячы самы смачны хлеб.
— Рабяты нам цяпер вельмi дапамагаюць, бо нават у сезон адпачынкаў заказаў шмат. Лiтаральна сёння павiнны вырабiць больш за 50 тон хлебабулачнай прадукцыi, не кажучы ўжо пра торты, пячэнне, зефiр. Студэнты добра сябе зарэкамендавалi, мне падабаецца, што ў брыгадзе шмат хлопчыкаў — яны моцныя i вынослiвыя, усё ж стаяць у адной паставе сем гадзiн не кожны зможа. Ды i наогул крута, што ў БРСМ ёсць студатрады — у свой час я б з задавальненнем паўдзельнiчала ў такiм праекце, каб падзарабiць i лепш авалодаць прафесiяй.
glushko@sb.by