«Ва ўсім свеце праца селяніна не заўсёды ацэньваецца па заслугах»

У чым яна — грамадзянская пазіцыя хлебароба і прафесара, дырэктара КУВП «Манькавічы» Столінскага раёна Аляксея Мікуліча

Заканчэнне. Пачатак у нумары за 30 мая.

— А ці памятаеце вы сваё першае публічнае выступленне?

— Я ў 27 гадоў стаў сакратаром партарганізацыі, і трэба было напісаць выступленне па выніках Пленума ЦК КПСС праз прызму сваіх пачуццяў. У зале сядзіць сорак дзядоў з ордэнскімі планкамі, былых франтавікоў. Мне, маладому, трэба перад імі выступаць. Калі рыхтаваў даклад, не пакідала пачуццё адказнасці. Як зараз памятаю: ноч, прыкалыхалі маленькіх сыноў, цішыня ў хаце, і амаль да раніцы пішу даклад і ўяўляю, як мяне будуць слухаць аксакалы. А ўжо світае. На нарад трэба спяшацца... Часцей унукаў бачу, чым некалі сыноў, хаця жывуць яны далёка. Нядаўна з Мінска вярнуўся, а жонка пытае, ці заходзіў да ўнука. Кажу, што не атрымалася, спяшаўся ўправіцца і хутчэй дамоў. У нас з жонкай ужо трое ўнукаў.

— Аляксей Васільевіч, у КУВП «Манькавічы», якім вы кіруеце 27 год, па вашай ініцыятыве наладжана яшчэ і вытворчасць напояў.

— Не зусім па маёй. Так склалася, што на гэтай тэрыторыі ў 1879 годзе адзін з вядомых польскіх магнатаў Мікалай Радзівіл заснаваў вінакурню, якая дзейнічала і ў савецкія часы. У канцы васьмідзясятых гадоў мінулага стагоддзя прадпрыемства закрылі і перадалі на наш баланс. Мы ўсё старанна вычысцілі, брусчатку адкапалі яшчэ радзівілаўскую, абсталяванне закансервавалі, нічога не нішчылі. Я адчуваў, што вернемся да яго. Спецыялістаў завода ўладкавалі, дзе толькі магчыма, каб зберагчы. Закупілі абсталяванне і ў вытворчых карпусах пачалі выпускаць напоі на бульбяной аснове. І тут мяне аднойчы выклікаюць раённыя начальнікі і патрабуюць на базе завода абсталяваць станцыю тэхнічнага абслугоўвання аўтамашын. Для выгляду мы столь падбілі. Праходзіць час, і мяне зноў выклікаюць у раён і гавораць, што за невыкананне загаду я варты вымовы, а з другога боку — малайчына, што захаваў завод. А праз дзень мы прымалі тагачаснага старшыню Брэсцкага аблвыканкама Віктара Іванавіча Бурскага. Ён пахадзіў па прадпрыемстве, а потым сказаў, што не ў кожным прыходзе так царква дагледжана, як захавалі завод. Тады ўжо пацяпленне было па вытворчасці алкагольных напояў. Вярнулі спецыялістаў на свае месцы і запусцілі спіртзавод. А паралельна рыхтавалі дакументы на ратыфікацыю спірта. Заключылі прамую дамову з мясцовай ПМК-24 на ўзвядзенне цэха ратыфікацыі. Глыбокая восень, сыра і мокра. Сталі капаць катлаван пад падмурак, заклалі першыя блокі і пачалі ўзводзіць паверхі. І тут праблема: няма ў Беларусі патрэбнай для гэтай будоўлі арматуры. Так сталася, што ў госці прыехаў брат жонкі з Расіі. Я яму пра свае клопаты расказаў, і ён дапамог не толькі заказаць там арматуру, але і спецыялістаў запрасіць на нашу будоўлю. Зараз болей дваццаці назваў напояў вырабляем.

— Але ўсё ж галоўная прадукцыя прадпрыемства — малако, мяса, збожжавыя і іншыя культуры?

— Так, па вытворчасці прадукцыі сельскай гаспадаркі наша прадпрыемства — адно з буйнейшых у раёне. Вырошчваем збожжавыя і кармавыя культуры, поўнасцю забяспечваем сваё пагалоўе кармамі, пастаўляем дзяржаве малако і ялавічыну. За мінулы год атрымалі 18 мільярдаў рублёў чыстага прыбытку, рэнтабельнасць склала 46 працэнтаў, атрымана прыбытку ад рэалізацыі прадукцыі 21 мільярд 638 мільёнаў рублёў. Сярэднемесячная зарплата зараз набліжаецца да 500 долараў.

— Аляксей Васільевіч, вы адчуваеце сябе гаспадаром?

— Адчуваю адказнасць за калектыў, і гэта пастаянна трымае ў напружанні. 450 чалавек — амаль паўтысячы сямей, і кожнай трэба забяспечыць стабільнасць і парадак, упэўненасць у заўтрашнім дні.

— Што самае галоўнае цэніце ў вяскоўцы?

— Адкрытасць, чалавечнасць, адданасць сваёй справе. Каму дастаецца пры ўсіх рэформах, удачах, няўдачах, поспехах — перш за ўсё селяніну. Гэта дзякуючы яго адданасці, цярпенню, вынослівасці пераадольваюцца і засухі, і палітычныя непарадкі. Што б ні было ў свеце, селянін заўжды заняты сваёй справай, корміць людзей. Хаця яго праца не заўсёды ацэньваецца па заслугах. На жаль, ва ўсім свеце так.

Свае няпростыя сялянскія будні ні на што не мяняе Аляксей Васільевіч. А прапаноў такому чалавеку, вядома, што хапае. Вось і зараз трэба навесці парадак на пойменных лугах, што амаль месяц былі пад вадой, статак перагнаць на іх, ды так, каб надоі не ўпалі. Ды розныя сімпозіумы, гандлёвыя выставы-кірмашы не прапусціць.

— А ўжо і травы на больш высокіх сенажацях падыходзяць да касавіцы. Не ўпусціць бы час.

— Мяне непакоіць тое, што не завершана добраўпарадкаванне мемарыялу, дзе пахавана больш за 12 тысяч мірных савецкіх грамадзян, якіх знішчылі восенню 1943 года фашысцкія нелюдзі ва ўрочышчы Стасін. А яшчэ хачу стварыць у сутарэннях былой радзівілаўскай вінакурні музей яе гісторыі. Ужо ачысцілі падземныя склепы, збіраем экспанаты радзівілаўскіх часоў і ў сярэдзіне лета плануем адкрыць музей, у якім будзе і дэгустацыйная зала.

Усё клапоціць гэтага неспакойнага чалавека. Нядаўна з публікацыі «Белорусской нивы» даведаўся ён, што прыёмныя бацькі Андрэй і Мальвіна Рэпіхі, якія выхоўваюць двух хлапчукоў, мараць займець карову. Ім падабрана ўжо рахманая, высокаўдойная карова, і хутка яе атрымаюць. Так што будзе хлапчукам Андрэйку і Дзімку сваё малако.

— Аляксей Васільевіч, а як дарога на мясцовую Кубу?

— Пракладзена шэсць кіламетраў асфальта, а востраў абвалаваны, і цяпер нашым «кубінцам» ніякая паводка не страшная. Дзякуючы гэтай дарозе мы захавалі дзве ўнікальныя вёскі: Адвержычы і Кубу. Дарэчы, багатыя на халасцякоў. І занятак для людзей там ёсць: сучасны жывёлагадоўчы комплекс, да якога, акрамя асфальтаванай дарогі, вядзе і прамая праз заліўны луг з паромам, праз нашу каварную Гарынь.

НА ПАЧАТКУ лета ў Аляксея Васільевіча юбілей. Можна дазволіць сабе і заслужаны адпачынак. Але гэта не ў яго характары. Такім людзям, пэўна, веку мала для ўвасаблення жыццёвых матывацый.

Уладзімір СУБАТ, “БН”

 Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter