«Ва ўсім свеце праца селяніна не заўсёды ацэньваецца па заслугах»

ЖУРНАЛІСЦКІЯ шляхі-дарогі — шчодрая крыніца багатых успамінаў, сустрэч, незабыўных уражанняў. Партрэты людзей, характараў, нораваў моцна трымае памяць. За сорак гадоў творчых вандровак бадай што не засталося куточка Беларусі, дзе не давялося пабываць. Мінае час, і раптам самы дробны момант знаёмства з чалавекам глыбей асэнсоўваеш і па-новаму разумееш жыццёвую мудрасць. З безлічы ўспамінаў узгадваецца дваццацігадовай даўнасці сустрэча з Аляксеем МІКУЛІЧАМ у жніўні 1993 года. Няўрымслівая Гарынь за ноч затапіла ўсё навокал: лугі, сенажаці, хлебныя нівы, вясковыя падворкі і агароды. Стыхія адрэзала ад усяго свету і трыццаць хат палешукоў з незвычайнага вострава Куба, што ўваходзіць у адзін з вытворчых участкаў гаспадаркі, якою тады сёмы год кіраваў саракагадовы Аляксей Мікуліч. Людзі чакалі дапамогі, і ў першую чаргу ад мясцовай улады. Трэба было неадкладна прымаць меры па дапамозе вяскоўцам. У стыхійнай блакадзе апынуліся і дзеці. У такі напружаны час каля вострава Куба мы і сустрэліся з Аляксеем Васільевічам. На лодках дастаўлялі прадукты харчавання, неабходныя рэчы. Кожны рэйс па бурлівай плыні быў небяспечны. Панавала моцнае хваляванне. — Жылі б на Каўказе, то па гарах хадзілі б, а на Палессі вадой нікога не здзівіш, — нібыта апраўдваючы стыхію, выказаўся тады Аляксей Мікуліч. — Вада для нас не бяда, але каб дарогу на наш востраў пракласці, — чулася ў адказ ад палешукоў. Так сталася, што праз дваццаць гадоў мы зноў сустрэліся з Аляксеем Васільевічам у гэтым куточку Палесся. Значныя перамены заўважны тут. Амаль у два разы большай стала гаспадарка. Да яе далучылі суседні калгас. Дырэктар КУВП «Манькавічы» Столінскага раёна Аляксей Мікуліч стаў прафесарам, доктарам сельскагаспадарчых навук, абраны дэпутатам Брэсцкага абласнога савета народных дэпутатаў. Прадпрыемства на працягу многіх гадоў упэўнена нарошчвае тэмпы вытворчасці не толькі прадукцыі жывёлагадоўлі і раслінаводства, а і прамысловай прадукцыі. Дарэчы, пры вызначэнні Століна першай сталіцай рэспубліканскага свята — кірмашу «Дажынкі» — вытворчыя поспехі гэтай трывалай гаспадаркі таксама адыгралі значную ролю. Неаднойчы працаўнікі гэтага калектыву выходзілі пераможцамі рэспубліканскіх спаборніцтваў, атрымлівалі ўзнагароды і каштоўныя падарункі падчас стаўшага традыцыйным свята — кірмашу «Дажынкі». Дзяржаўнымі ўзнагародамі адзначаны поспехі і дырэктара Аляксея Мікуліча. Якімі клопатамі ён зараз жыве і як спалучае вытворчую, навуковую і грамадскую дзейнасць? Аляксей Мікуліч — герой новай аўтарскай рубрыкі.

У чым яна — грамадзянская пазіцыя хлебароба і прафесара, дырэктара КУВП «Манькавічы» Столінскага раёна Аляксея Мікуліча

— Аляксей Васільевіч, у каго вы пайшлі?

— Людзі кажуць, у маці. Яна з заможнага палескага роду. Заўзятыя да працы былі, затое і ўсё мелі. А бацьку жыццё не песціла. З дзяцінства сіратою рос.

— Вы — карэнны паляшук, паспяхова вучыліся ў школе, маглі выбраць больш модную і прэстыжную ў той час прафесію. А звязалі свой лёс з сельскай гаспадаркай.

— Так, у мае юнацкія гады было модна быць ваенным, урачом ці інжынерам. А бацька мой — чалавек мудры, многае перажыў і параіў вучыцца на ветэрынара. «У любы час будзеш з хлебам», — так разважаў ён. Засталося выбраць толькі, куды бліжэй ехаць на вучобу. Так я апынуўся ў Рэчыцкім саўгасе-тэхнікуме. Пасля заканчэння накіравалі загадчыкам ветучастка ў Балотню Рагачоўскага раёна. Але думка стаць ваенным не пакідала, і падаўся ў Ленінградскую ваенна-медыцынскую акадэмію. Конкурс быў вялікі. Два экзамены здаў паспяхова. Жылі ў палатках, харчаваліся ў ваеннай сталоўцы. Па чарзе дзяжурылі. Я пасля другога экзамена дзяжурыў у медсанчасці, і там маладыя медсёстры па сакрэту сказалі, што мае дакументы адкладзены на факультэт урачоў-падводнікаў. Пасля гэтага знікла жаданне далей здаваць экзамены, хаця кіраўнікі акадэміі ўгаворвалі. Але настаяў на сваім. Пайшоў служыць у армію. Мяне накіравалі ў школу ваеннага сабакаводства ў Маскве. Закончыў вучэбку з адзнакай, атрымаў званне сяржанта і водпуск дамоў. А камандзір гаворыць: «Мы цябе рэкамендуем на службу ў ГДР».

Я там ахоўваў цэнтральную базу арттэхузбраення Групы савецкіх войск у Германіі. Закончыў службу старшынёю, пасля паступіў на завочнае аддзяленне зааінжынернага факультэта Гродзенскага сельскагаспадарчага інстытута. Вучыўся і працаваў калгасным ветурачом у самай глыбінцы Палесся — столінскай вёсцы Кароцічы. І зараз удзячны тагачаснаму старшыні калгаса Генадзю Сцямпкоўскаму за мудрыя жыццёвыя ўрокі.

Сям’ёй абзавёўся. Сын нарадзіўся. Калі атрымаў дыплом зааінжынера, мяне перавялі намеснікам старшыні ў іншы калгас. Там я ўзначаліў партарганізацыю. Праца з людзьмі вельмі адказная. Так сталася, што часцей стаў разважаць, як павярнуць, каб чалавек не хадзіў на працу, а працаваў. Як гэты механізм адрэгуляваць? Чым матываваць настрой на эканомію, гаспадарлівасць?

— А вам не здаеццца, што ў свеце даўно гэта адладжана?

— Мы жылі ў краіне, дзе ўсё рабілася па ўказцы. Партыя казала «трэба», і ўсе слухаліся ці рабілі выгляд. Падсумоўвалі, каб толькі дагадзіць першаму сакратару райкама партыі, а адтуль рапартавалі вышэйшаму начальству. Жылі ў такой сістэме. На самай справе вельмі многае вызначае чалавечы фактар. Каб быў поспех, добры вынік, неабходна абгрунтаваная матывацыя працы, каб кожны максімальна быў зацікаўлены ў выніку. Напрыклад, арганізаваць працу так, каб механізатар адчуваў, што гэта і яго сродкі пойдуць на набыццё новай запчасткі. З такіх дробязяў складаецца вялікая эканомія.

Час падрыхтоўкі маёй кандыдацкай дысертацыі супаў з апошнімі гадамі СССР. Мае разлікі па матывацыі працы старшыня калгаса не прымаў. Для яго, як і для многіх у тыя часы, важна было выканаць план любой цаной. А калі я ўзначаліў саўгас «Манькавіцкі», з’явілася магчымасць увасабляць у справу свае прынцыпы матывацыі працы. Паступіў завочна ў Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Беларусі. Спецыялісты гаспадаркі распрацавалі тэхналагічную перспектыўную праграму, у аснову якой заклалі супрацьзатратны механізм. Тарыфную частку аплаты працы ўзаемаўвязалі з фондам прэміравання. У выніку сабекошт прадукцыі знізіўся, рэнтабельнасць павысілася, вырас прыбытак. Заўважна павялічыліся заробкі. Усё гэта я і адлюстраваў у кандыдацкай дысертацыі. Тэарэтычную частку падмацаваў практычнымі вынікамі. Рэцэнзенты дысертацыі адзначылі навізну ў стварэнні эфектыўнага супрацьзатратнага механізма вытворчага працэсу, які дазваляе эканоміць сродкі, што выкарыстоўваюцца на матэрыяльнае стымуляванне.

— Калі працавалі над доктарскай дысертацыяй, што новага дадалі да гэтай працы?

— Доктарская перш-наперш накіравана на вырашэнне больш глабальных народна-гаспадарчых праблем краіны. Маштаб даследавання пашыраны. Але ў аснове навуковага доследу — чалавечы фактар, менавіта ён вызначае ўсё пры любой форме ўласнасці. Як сведчыць сусветны вопыт, будучае — за буйной таварнай вытворчасцю. Мае распрацоўкі па матывацыі працы, унутрыгаспадарчаму разліку арыентаваны на такую вытворчасць. У любой справе межаў для ўдасканалення няма. Тэхналогія арганізацыі вытворчасці пастаянна ўдакладняецца, як і сістэма аплаты працы.

 Пачынаючы з эканамічнага аналізу дзейнасці брыгаднага ці то сямейнага падраду ў сельскагаспадарчых вытворчых калектывах, пошуку новых форм арганізацыі працы і пастаянна пашыраючы далягляд навуковага вывучэння даволі актуальнай сёння матывацыі працы, цяпер ужо доктар эканамічных навук, прафесар Аляксей Васільевіч Мікуліч навуковыя метады актыўна выкарыстоўвае ў гаспадарчай дзейнасці. Яго распрацоўкі з вялікай цікавасцю вывучаюць і ў вышэйшых і сярэдніх навучальных установах. Ён супрацоўнічае з Палескім дзяржаўным універсітэтам, пінскім філіялам Віцебскай дзяржаўнай ветэрынарнай акадэміі.

— Я бачыў, як ён паводзіць сябе са студэнтамі, — расказвае рэктар Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта, доктар эканамічных навук, прафесар Канстанцін Шэбека. — Гэта такое сяброўскае партнёрства. Іншага не павінна быць. Прафесар — гэта чалавек, які стаіць побач са студэнтам і дапамагае яму развіваць у сабе самыя лепшыя якасці. Аляксей Васільевіч удалы менеджар і добра ведае, што зараз дамінуе канцэпцыя так званага сітуацыйнага менеджменту, якая прадугледжвае выдзяленне дамінуючых фактараў кіравання. Але гэта не значыць, што вызначаны фактар на тысячу гадоў. Тэорыя — універсальны інструмент, заснаваны на інтэлектуальным рэсурсе. У сферы адукацыі дастаткова спецыялістаў, а вось спалучэнне практыка і вучонага ў адной асобе — знаходка. Наяўнасць такіх спецыялістаў, як Аляксей Васільевіч, ва ўніверсітэце дазваляе разумна балансаваць у навучальным працэсе паміж тэорыяй і практыкай.

— А хто каго знайшоў?

— Аляксей Васільевіч — гэта такі чалавек, які, дзе робіцца нешта добрае, там заўсёды падставіць плячо.

Як неаднойчы падстаўляў плячо Аляксей Васільевіч і свайму калегу па гаспадаранню, цяпер ужо былому кіраўніку суседняга СВК «Беражное», Міхаілу Скулаўцу. У Беражным вядомыя на ўсю Беларусь прамысловы сад і вінаробчы завод, запраграмаваны на манькавіцкім спірце-сырцу. А сродкі на набыццё гэтага кампанента не заўсёды знаходзіліся. Мікуліч пастаянна выручаў суседзяў. І не толькі за гэту падтрымку ўдзячны яму цяпер ужо доктар ветэрынарных навук, дырэктар Пінскага аграрна-тэхналагічнага каледжа Міхаіл Скулавец.

— Але перш чым адрэзаць, ён пяць разоў адмерае, — адзначае Міхаіл Уладзіміравіч. — Не зваліўся ў сельскую гаспадарку з паверхаў. Абчэсаны вясковым жыццём. Прайшоў усе прыступкі як гаспадарчай, так і навуковай дзейнасці. КУВП «Манькавічы» — базавая гаспадарка, куды мы накіроўваем на практыку навучэнцаў. Там выдатна пастаўлены эканамічная і заатэхнічная службы, сучасныя тэхналогіі вытворчасці.

На базе гэтай гаспадаркі некалькі гадоў таму адкрыты нават філіял кафедры эканомікі і арганізацыі вытворчасці АПК Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта.

— У гаспадарцы створаны даволі спрыяльныя ўмовы для вучэбнага працэсу, — падкрэслівае загадчык гэтай кафедры, кандыдат эканамічных навук Дзмітрый Кузёмкін. — Важна, што будучыя спецыялісты маюць магчымасць непасрэдна ўдзельнічаць у вытворча-тэхналагічным працэсе, знаёміцца з метадамі кіравання. А яны тут высокаэфектыўныя. Кіраўнік гаспадаркі прыглядаецца да студэнтаў, нават ёсць запрашэнні на працу. Нашы выхаванцы бачаць, што ў яго словы не разыходзяцца са справай.

— Аляксей Васільевіч не проста прафесар, доктар навук, — дадае рэктар Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта Канстанцін Шэбека. — Гэта чалавек, які дабіўся даволі высокіх вынікаў у практычнай эканоміцы. Студэнты глядзяць на яго іншым позіркам. Ён кіруе даволі паспяховай гаспадаркай, мае штогод шмат новых праектаў, безліч ідэй. Гэта чалавек, які не гаворыць пра развіццё інавацыйнай эканомікі, а рэальна творыць яе.

— Гэта паляшук, а палешукі — людзі асаблівыя, — уключыўся ў размову старшыня Дзяржаўнай экзаменацыйнай камісіі факультэта банкаўскай справы гэтага ўніверсітэта, намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Пётр Мамановіч. — Калі Мікуліч выдатна спраўляецца на месцы са сваёй справай, то ў яго вялікі аўтарытэт як у кіраўніцтва, так і ў працаўнікоў, і студэнты яго прымаюць з цікавасцю.

— Аляксей Васільевіч, столькі прыемнага пра вас сказана ва ўніверсітэце, каледжы. Але, пэўна, у першую чаргу пашчасціла гаспадарцы на такога кіраўніка!

— Напэўна, мне больш пашчасціла. Па шчырасці, калі я прымаў саўгас «Манькавіцкі», многія ў раёне спачувалі. Гаспадарка размешчана на былых радзівілаўскіх землях. Большасць вяскоўцаў некалі абслугоўвала княжацкі двор, і па традыцыі ў тутэйшых сем’ях да працы на зямлі нязвыклыя. Але мяне гэта не пужала. У раёне быў моцны старшынёўскі корпус, і я каля іх цёрся. Калі яшчэ быў парторгам, то якая раённая нарада, выклікалі кіраўніка гаспадаркі, парторга і старшыню сельвыканкама. Гэта была моцная школа вучобы. А зараз сесію ціха праводзяць, дэпутатаў збяруць і шушукаюцца. Трэба ж кадры вучыць, як падняцца на трыбуну, як стаць за ёю і як гаварыць. Культуру трэба выхоўваць. Мы ж вучыліся ў такіх вядомых кіраўнікоў, як Герой Сацыялістычнай Працы Іван Дзмітрыевіч Янкоўскі, Іван Сямёнавіч Гваздзюкевіч, Яўхім Пятровіч Сагановіч. Яны былі ва ўсіх на вачах. Мы глядзелі, як яны падымаліся за трыбуну, пільна лавілі кожнае іх слова, звярталі ўвагу, як яны рэагавалі на выступленні іншых. Гэта былі асобы. Мы нават звярталі ўвагу на іх знешні выгляд. Цяпер, на жаль, гэтаму ніхто не вучыцца. Гэта і ёсць інвестыцыі ў чалавека, чалавечы капітал.

Уладзімір СУБАТ, «БН»

Столінскі раён

Фота Аляксандра НІКІФАРЭНКІ

 (Заканчэнне ў наступным нумары.)

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter