У 2016 годзе ключавымі для беларускай знешняй палітыкі застаюцца тэмы бяспекі, дыверсіфікацыі эканомікі і павышэння статусу міратворца

Ва ўмовах новай рэальнасці

У 2016 годзе ключавымі для беларускай знешняй палітыкі застаюцца тэмы бяспекі, дыверсіфікацыі эканомікі і павышэння статусу міратворца

Немагчымае магчыма


У кантэксце расійска-беларускіх адносінаў асаблівая ўвага будзе нада­дзена сумеснаму пераадоленню крызісных з’яў, з якімі сутыкнуліся нашы эканомікі, асабліва на фоне пагаршэння знешнеэканамічнай кан’юнктуры і падзення сусветных цэн на нафту.

Менавіта па гэтай прычыне Мінск і Масква ў рамках Саюзнай дзяржавы маюць намер рэалізоўваць пакет антыкрызісных мер. Беларускі бок гатовы прыняць самы непасрэдны ўдзел у праграмах імпартазамяшчэння Расіі.

Галоўныя рызыкі для Беларусі сёння ляжаць у эканамічнай сферы. Таму для афіцыйнага Мінска задача задач гэтага года ў тым, каб максімальна дыверсіфікаваць рынкі збыту беларускай прадукцыі. На гэта нацэлены не толькі службы маркетынгу прадпрыемстваў-экспарцёраў, Гандлёва-прамысловай палаты Беларусі, але і ўсе сілы МЗС краіны. Акрамя таго, сёлета перад дзяржавай стаіць пытанне рэформ у эканоміцы і яе мадэрнізацыі. Толькі ў такім разе можна будзе павялічыць прыток замежных інвестыцый і тэхналогій. Так што беларуская знешняя палітыка будзе падпарадкавана перш за ўсё дасягненню гэтых мэт.

Пляцоўка для перагавораў


Беларусь у гэты няпросты для сусветнай палітыкі і эканомікі 2016 год уступае як дзяржава, якая значна павялічыла сваю рэгіянальную вагу і значэнне. Гэта абумоўлена як міратворчымі намаганнямі Мінска па арганізацыі перагаворнай пляцоўкі для пошуку шляхоў вырашэння ўкра­інскага крызісу, так і нейтральнай ваенна-палітычнай пазіцыяй. З улікам пралангацыі дзеяння Мінскіх пагадненняў на 2016 год беларуская сталіца па-ранейшаму захавае за сабою гэты статус.

Беларускае кіраўніцтва ўжо заяўляла пра сваю гатоўнасць стаць пасрэднікам для вырашэння канфлікту паміж Расіяй і Турцыяй з-за збітага расійскага бамбардзіроўшчыка Су-24.

Афіцыйны Мінск лічыць, што ў яго ёсць пазітыўны досвед арганізацыі падобных перагавораў, да прыкладу, у фармаце саміту Мытны саюз — Украіна — ЕС улетку 2014 года.

Летась ЕС прыпыніў эканамічныя і палітычныя санкцыі ў дачыненні Беларусі да канца лютага (як вядома, з лютага іх адмянілі), а ЗША замарозілі эканамічныя абмежаванні да канца красавіка гэтага года. Улічваючы, што ў Расіі цяпер напружаны перыяд у адносінах з некаторымі краінамі ды інстытутамі Захаду, ёй, магчыма, спатрэбіцца беларускі “санкцыйны” досвед. Так, расійская дэлегацыя вырашыла не ехаць на першую ў годзе сесію Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы ў Страсбург. А беларускай дэлегацыі дагэтуль не вярнулі ў ПАСЕ статус спецзапрошанага.

Новыя рэаліі патрабуюць новых інстытуцыйных падыходаў у адносінах з заходнімі краінамі. У цэлым Мінск зацікаўлены паглыбляць эканамічнае ўзаемадзеянне з заходнімі краінамі, і тут перспектыўным крокам можа быць распрацоўка новага пагаднення аб партнёрстве і супрацоўніцтве паміж Беларуссю і ЕС, якое ўлічвае яе членства ў ЕАЭС. Усё гэта — не на шкоду сваім абавязацельствам у рамках ЕАЭС, які па-ранейшаму з’яўляецца галоўным знешнепалітычным і эканамічным прыярытэтам для Беларусі.

Партнёры па ЕС


Мінск спадзяецца, што партнёры па ЕАЭС больш уважліва паставяцца да антыкрызіснага плана, прапанаванага беларускім бокам, які старшынстваваў у гэтай інтэграцыйнай структуры летась. Беларусь настойвае не толькі на неадкладным ухіленні ўсіх выключэнняў і абмежаванняў ва ўзаемным гандлі паміж удзельнікамі ЕАЭС, але і на паглыбленні прамысловай кааперацыі ды каардынацыі палітыкі ў іншых галінах эканомікі.

Вялікія надзеі Беларусь таксама ўскладае на ўдзел у кітайскай ініцыятыве Эканамічнага пояса Шаўковага шляху. Па выніках візіту ў Мінск старшыні КНР Сі Цзіньпіна ў маі мінулага года краіне была адведзена стратэгічная роля ў рэалізацыі гэтага маштабнага праекта ва Ўсходняй Еўропе. Тым больш што асноўным праектам супрацоўніцтва ў рамках ЭПШШ павінен стаць Кітайска-Беларускі індустрыяльны парк “Вялікі камень”. Гэта прымушае беларускія ўлады трымаць у зоне павышанай увагі меры па ўдасканаленні бізнес-клімату ў краіне.

Для беларускага знешнепалітычнага парадку дня актуальнай застаецца ідэя “інтэграцыі інтэграцый”. Менавіта ў яе кантэксце Беларусь будзе выбудоўваць свае адносіны з іншымі інтэграцыйнымі ўтварэннямі і вырашаць актуальныя праблемы, у тым ліку ў трохкутніку Расія — Украіна — ЕС. Бо менавіта ў супрацоўніцтве, а не ў канфрантацыі заключаецца залог паспяховага пераадолення тых крызісных тэндэнцый, з якімі сёння сутыкнуліся многія краіны.

Арсен Сівіцкі, дырэктар Цэнтра стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter