В гостях у Лесовика: репортаж из усадьбы, где хищники живут вместе с людьми

Ваўкоў не баяцца — у лес хадзіць

Цікавы па сваёй архітэктурнай задуме драўляны дом на ўзвышшы. Вакол — луг, лес, дрыгва. Паветра як быццам бурліць кіслародам, водарам ігліцы, моху, вярбы, што ажыла пасля зімы. Незвычайная аграсядзіба, размешчаная ў Расонскім раёне, у самай глыбіні ландшафтнага заказніка «Чырвоны Бор», на мяжы з Расіяй, носіць каларытную назву «Заімка Лесавіка». Хоць яе гаспадар, Дзмітрый Шамовіч, зусім і не падобны на казачнага героя. Хутчэй, на добрага малайца. Да пары яму і жонка Анастасія. Абодва — прафесійныя біёлагі-эколагі, свядома прамянялі гарадскую мітусню на жыццё ў ціхім дзікім краі.

Анастасія і Дзмітрый ШамовічЫ — сапраўдныя аматары прыроды.

 Шэрыя акцёры

Тут гаспадары сустракаюць экатурыстаў, праводзяць экскурсіі для арнітолагаў, фатографаў і іншых аднадумцаў, кальцуюць птушак, працуюць над дысертацыямі, выязджаюць з замежнымі спецыялістамі ў іншыя заказнікі і запаведнікі краіны.

У двары выюць ваўкі, і мы ідзём да трынаццацігадовага Тэра і яго двух маладзейшых братоў-супляменнікаў. Кудлатыя драпежнікі кідаюцца да сеткі, навыперадкі імкнуючыся аблізаць і гаспадара, і гаспадыню. Як кацяняты, падстаўляюць бакі, каб пагладзілі.

У лесе такога сустрэць не хацелася б.

Амаль дамашнія — толькі для сваёй зграі.

— Гэта няпраўда, што колькі ваўка ні кармі, ён усё ў лес глядзіць, — жартуе Дзмітрый Іванавіч. — Нашы гадаванцы, наадварот, іншага дома не ведаюць і ведаць не жадаюць.

Дарога да Лесавіка.
Ваўкі Шамовічаў часта здымаюцца ў розных фільмах. Але менавіта гаспадары былі і застаюцца для іх бясспрэчнымі важакамі зграі. Насця распавядае, як доўга прадумвалі адзін з эпізодаў, які здымалі галандскія дакументалісты. Там па сцэнарыі трэба было, каб воўк плыў па вадзе. Выканаць заданне было няпроста: свойскія ваўкі, якія з дзяцінства выраслі ў няволі, ніколі не плавалі. Давялося пайсці на хітрасць.

— На ўазіку мы ўсе разам выехалі на бераг лясной ракі, — успамінае гаспадыня. — Дзіма пасадзіў аднаго з ваўкоў у лодку, з ім і пераплыў на процілеглы бок. Пакінуў звера там, а сам вярнуўся назад. Драпежнік некаторы час кідаўся ўздоўж ускрайку вады, узіраючыся ўдалеч. Ён разумеў: уся яго сям’я там, на другім беразе. І брат, якога, мабыць, вось-вось будуць карміць, і мы  — «важакі» зграі...

Доўга не думаў: спрацаваў інстынкт, і воўк кінуўся ў ваду. Удала даплыў да месца — праўда, пад аб’ектывам кінакамеры. Задача была выкананая. Другі сюжэт — воўк ідзе па следзе бабра. Тут усе прайшло прасцей. Выехалі на балота да бабровага пасялення, у некаторых месцах пацерлі драўніну свежым мясам — у выніку воўк адпрацаваў «пошук следу» на ўра. І «нару» па заказе выкапаў ладную.

Дарэчы, распавядаць пра жыццё ў лесе Анастасія і Дзмітрый могуць гадзінамі. Сумна? Ды вы што! Менавіта тут, па словах навукоўцаў, энергія б’е ключом. Кожны пражыты дзень не падобны на папярэдні. Так лічыць і грацыёзная кошка Аміла, якая з’явілася ў доме год таму. Чароўны мейн-кун днём з захапленнем назірае праз акенца за жыццём лесу, а па начах паспяхова ловіць мышэй.

Пашпарт для сінічкі

— Нешта мы засядзеліся, пара птушачак адведаць, — Анастасія перапыняе нашу гутарку. Некалькі дзясяткаў метраў ад дома, скачкі праз канавы-балотцы — і мы на месцы. Вакол — як быццам нацягнутыя вяроўкі для бялізны з ледзь бачнай сеткай. Побач стаіць прыгожая кармушка-домік з семкамі, а ў кустах прыхавана аўдыёкалонка — яна трансліруе шчабятанне птушак. У спецыяльных кішэньках сеткі нас ужо чакаюць дзясяткі два сінічак, што трапілі ў лёгкую пастку. Мне тлумачаць: птушкі ляцяць на гукі, але не паспяваюць заўважыць сетку. Спатыкаюцца і падаюць у гэтыя самыя кішэнькі без шкоды свайму здароўю.

Ідзе збор ураджаю птушак.

Зараз Насця і Дзмітрый беражліва дастаюць іх з мяккай пасткі і змяшчаюць у спецыяльныя мяшэчкі. Каштоўны груз пераносім на станцыю кальцавання.

— Цяпер вясна, таму для птушак раздолле. Узімку, вядома, кальцавання не вядзём, — тлумачыць Анастасія. — Наша станцыя — другая ў краіне (пасля Турава) пастаянная база. Мы акальцавалі ўжо каля 40 тысяч птушак. Кожнай выдаём «пашпарт» — з індывідуальным нумарам. А потым дзякуючы сувязям з замежнымі партнёрамі сочым за іх маршрутамі і шляхамі міграцыі. Бачыце карту свету са шматлікімі маячкамі? Нашы птушачкі адзначыліся ў многіх краінах.

Тут чакаюць крылатых гасцей.

Размова не замінае дзяўчыне прафесійна хутка займацца справай: кожная пералётная госця падвяргаецца абследаванню — спецыяльнымі прыстасаваннямі вымяраюцца даўжыня яе крылаў і вага. Біёлаг вызначае ўзрост і пол. Потым на ножцы замацоўвае кольца, нумар якога ўносіць у спецыяльны журнал. Усё, ляці, птушачка, на волю — вялікую і даўгахвостую сінічак, а таксама звычайных лазаравак выпускаем праз маленькае акенца. Вага кожнай — прыкладна 18—20 грамаў.

— Гэта наша хобі. Але дзякуючы назіранням устаноўлена, што ў тутэйшых месцах бывае 115 відаў птушак, — адзначае Анастасія. — Прычым менавіта тут тры віды былі заўважаны ўпершыню ў нашай краіне. Гэта пеначка-зарнічка, аўсянка-крошка і аўсянка-рэмез. Цяпер мы ведаем, што іх шляхі таксама пралягаюць праз Беларусь.

Паназіраць за птушкамі і дзікімі звярамі з дапамогай спецыяльных хатак-засідак, зрабіць удалыя здымкі і проста атрымаць асалоду ад экскурсу ў практычную біялогію на «Заімку Лесавіка» штогод прыязджаюць дзясяткі гасцей. Большасць з іх — замежныя экатурысты з Галандыі, Вялікабрытаніі, Бельгіі і іншых краін. Развітваюцца, выказваючы захапленне беларускай прыродай, і абяцаюць вярнуцца.

З дапамогай такой хованкі хутка будзе адкрыта назіранне за глушаками.

Гэтак жа, як і мы са старшынёй мясцовага Клясціцкага сельсавета Мікалаем Хаменкам. Ад’язджаем пад развітальны воўчы вой і кажам да пабачэння: вясновы сезон у Лесавіка толькі пачынаецца.

begunova@sb.by

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter