Ваўкi i пранцы

Участковы Аляксей Мiхайлавiч Кавалюк, як заўсёды...

Участковы Аляксей Мiхайлавiч Кавалюк, як заўсёды, ранiчкай ужо iшоў да месца службы праз усю доўгую пасялковую вулiцу, мiжволi кiдаючы позiрк на мураванкi i хаты, над якiмi весела ўзыходзiла сонца i радавалася новаму дню.

Спраў у старшага лейтэнанта было сёння шмат. А назаўтра тэрмiнова выклiкаюць у райаддзел са справаздачай — пiшы i не рыпайся.

Служыў ён на сваёй пасадзе ўжо больш двух гадоў. Крыху болей прайшло, як у былым саўгасным цэнтры ўрачыста абвясцiлi аб адкрыццi аграгарадка. Пасёлак i дагэтуль па мясцовых мерках лiчыўся шматнаселеным, а пасля свайго напалову капiтальнага, напалову касметычнага рамонту яшчэ больш палюднеў. Праўда, люд гэты, можна сказаць, прабываў тут транзiтам: прыязджаў i ад’язджаў, не пакiдаючы за сабой анiякага следу.

Аляксей добра ведаў не толькi абарыгенаў, але прыглядаўся да кожнага асядаючага настолькi, наколькi хапала iмпэту i жадання працаваць. Стала працавалi людзi сярэдняга веку i пажылыя. Моладзь, нягледзячы на ўсе, здавалася б, спрыяльныя ўмовы жыцця, як i раней, раз’язджалася па гарадах.

Вясковы хлопец, старлей усё бачыў i ведаў. Чаму маладыя збягаюць, таксама. У гарадах зарабляюць больш, не надрываючы пуп: купляюць, перапрадаюць, вучацца i перавучваюцца, як бы спрытней урваць тую капейчыну. Адным словам, прадпрымаюць. А пуп у вясковых маладзёнаў аказаўся слаба завязаным здаўна i ненадзейна…

Пасёлак абуджаўся. Вось уецца дымок над дахам удавы Макарыхi. Толькi што ў заселеным катэджы зарыпелi дзверы ў шчаслiвых яшчэ сямейным жыццём саўгаснага механiзатара i даяркi Шчэрбiкаў. Завiхалася на сваiм двары паштальёнка Таня.

Кожную драўляную i мураваную хату, воблiк iхнiх гаспадароў моцна трымала ўчэпiстая мiлiцэйская памяць. Участковы, як кажуць, заўсёды быў у курсе ўсiх i ўсяго. Так, зусiм нядаўна былы саўгасны аграном, кнiгалюб, купiў i падараваў раённай бальнiцы тэлевiзар. Чаму раённай, а не сваёй мясцовай, нiхто адказаць не мог, апрача яго самога. Ведаў Аляксей, хто яго ўзнагародзiў мянушкай Крандаш. «Правiльна было б аловак», — усмiхнуўся сам сабе хлопец. На другое прозвiшча не крыўдаваў, бо быў малады, тонкi i гонкi i заўсёды трымаў пры сабе блакнот, куды занатоўваў усё, што тычылася мясцовых насельнiкаў, iх запытаў да прадстаўнiка закону, здарэнняў сур’ёзных i не зусiм: усё спатрэбiцца, калi не сёння, дык потым.

Пра заўтра Аляксей стараўся больш не думаць: справаздача клеiлася, крымiнальных разборак не прадбачылася.

Параўнаўшыся з хатай Круцiкаў, прыпынiў крок. Тут чуўся фальцэт Марыi i басок Iвана:

— Каб цябе пранцы! — сакатала жонка.

— Каб вас ваўкi з’елi! — бухаў муж.

Гэтае «вас» многiх ставiла ў тупiк. Больш дасведчаныя i падкаваныя сышлiся на адным: кажучы так, Iван меў на ўвазе не толькi сваю неўгамонную палавiну, а ўсё Евiна патомства агулам. Прынамсi, адзначым, што гэта за тыя «пранцы», адкуль яны i навошта, Марыя не ведала. Затое ваўкоў на сваiм леснiкоўскiм веку Iван бачыў шмат. Па адным нават i страляў, калi быў у загоне, але спужаўся: падвёў, як сам ён казаў, пахмельны сiндром.

«Так, — паправiўшы фуражку з блiшчастай кукардай, падумаў Аляксей. — Сёння таксама трэба чакаць у госцi Iванiху з чарговай скаргай на непуцёвага мужа. I калi б захацеў, не схаваешся. Некуды. Не выйдзе. Жыццё iдзе. I калi б толькi такiя праблемы, дык жыць можна». А перапалка Круцiкавых даганяла яго.

— Iван, — цягнула сваё Марыя, — сена парадкаваць трэба. Вунь якое надвор’е стаiць!

— Пачакае тваё сена. Вярнуся хутка, толькi перакуру з суседам.

Цi вярнуўся гаспадар, невядома. Толькi iдучы вечарам са службы, бачыў участковы на свае вочы, што сухая трава як ляжала, так i засталася ляжаць.

А Iван, аказваецца, вяртаўся. I не толькi перакурыўшы, але i апахмялiўшыся, i залёг да лепшых часоў у бакоўку, не зважаючы на лаянку жонкi, якая ў злосцi i крыўдзе накiнула на дзверы замок i пашыбавала следам за ўчастковым.

— Зноў Iван ды Марыя. Памiрацца ж. Не днём, дык ночкай. Не зусiм прапашчы першы, i не такая ўжо ўедлiвая другая. I нiкога не возьме модная i загадкавая французская хвароба. Сяло ж не горад. Нейкая чысцiня i цнота тут яшчэ захавалiся. Не бачыў участковы, каб галапупыя падлеткi прама з бутэлькi смакталi на вулiцы пiва i прагна цалавалiся на людскiх вачах. Але ўсё ж, усё ж…

У свой службовы пакойчык ён увайшоў амаль нага ў нагу з пакрыўджанай i абражанай, як любiла казаць сама гэта жанчына.

— Мiхайлавiч, а Мiхайлавiч, — яшчэ з парога завяла яна сваё. — Пужанi ты майго, вельмi цябе прашу.

«I тут трасянка, лiха яе матары, не толькi, аказваецца, у горадзе. «Крандаш», «пужанi». Усё жыццё — трасянка», — пачаў злаваць участковы.

А Iванiха вяла сваё:

— Ён у мяне не такi ўжо i благi. А тут, як у адно месца смалянулi. Кажа, пачапаўся з ляснiчым. Той рашыў адпусцiць нейкаму прад-прымальнаму мясцоваму пiларамшчыку сасновую дзялянку. Сасонкi маладыя яшчэ, не паспелi да высечкi. Iван сам iх саджаў некалi. Ляснiчы гарачы: наараў на майго i прыгразiў нават прэмii лiшыць. Пайшло-паехала. Пачаў выпiваць часцей. Бачыў, можа, сянцо ляжыць неспарадкаванае. Вазьмi на кран…

Жанчынка спахапiлася, спалохана зiрнула на мiлiцыянера — прапала ўсё, не даруе…

— Бярыце ручку, пiшыце заяву: так вось i так, такога дня падпiў, i не ўпершыню.

Марыя пiльна паглядзела на ўчастковага, перавяла позiрк на свае натруджаныя рукi, потым чамусьцi на столь i выдыхнула:

— Не варта заяву. Ты толькi добранька пужнi яго, можа, адумаецца.

— Як жа ён адумаецца, калi, сама кажаш, пачаў задужа часта цалавацца з бутэлькай. Ведаю я вас: адны такiя са сваiм горам носяцца, як чорт з пiсанай торбай: да ўчастковага бягуць, пiшуць у розныя iнстанцыi. Да Прэзiдэнта нават. А ў яго i без вас спраў пад завязку. Во далi свабоды — больш некуды! А калi зап’е?

— Не, не зап’е. А па заяве i штрафануць можаш. З нашага ж кармана. Прэмii няма, прыробку нiякага. Не, ты лепш пужнi яго.

— А пятнаццаць сутак ён не хоча? — стаяў на сваiм законнiк. — Працаваць лянуецца.

— Што ты! Узлуецца яшчэ больш. Вунь адна адправiла свайго на суткi, дык яшчэ больш узлаваўся, здзекавацца пачаў. Ты гэта словамi. Паважае ён цябе, Мiхайлавiч.

«Паважаць мяне пасада абавязвае i закон, жанчынка. Вiдаць, не ўсё ты разумееш яшчэ. Глядзi,

каб позна не было», — строга пазiраючы на субяседнiцу, разважаў участковы. I раптам угледзеў на жаночым твары падазроную жаўцiзну:

— Адлупцаваў, прызнавайся!

— Ды чаго ўжо тут…

Iванiха апусцiла вочы, твар яе знiякавеў, плечы ўздрыгнулi.

— Пабiў, значыць. За хулiганства i прыцягнем.

Прасiцелька спалохана ўзмахнула рукамi, сцепанулася:

— Не трэба яго ў турму! Як жа мы без гаспадара? Дзiця ў нас яшчэ неразумнае. Зноў жа, сена згнiе. Хто прывязе?

— Не разумею я вас усiх: i так не гэтак, i гэтак не так. Чаго ўрэшце ты хочаш ад мяне?

— Каб папужаў. Ён здагадлiвы, зразумее, адумаецца…

— Дык што мне рабiць? — крыху ўжо зласнаватым голасам запытаўся ўчастковы. — Што ён — каршун, каб яго палохаць? Трэба прымаць строгiя меры. Пiшыце заяву!

Кавалюк на момант прыпынiўся i ўспомнiў тыя выпадкi, калi ён i ўгаворваў, i палохаў. Аднаму дапамагло, з другога — як з гусака вада. Зялёны змей цiхай сапай паўзе нават да тых, хто не знаўся з iм нiколi. А вечарам у школу трэба: падлеткi напракудзiлi ў двары, нахлябтаўшыся пiва. Рэкламнае пойла ў дзвюх прыватных крамках ракой льецца. Хочаш — бутэлькавае, хочаш — бочкавае. «Колькi можна круцiць гэтую рэкламу, паказваць кiно, дзе п’юць-гуляюць, цалуюцца i распранаюцца?! З-за стала — у ложак, з ложка — да стала», — думае Аляксей, гледзячы на гадзiннiк: больш гадзiны б’ецца з Iванiхай, а толку — кот наплакаў.

— Паслухай, а наконт разводу? Можа, больш бы спалохаўся? Я ж не чучала агароднае, каб стаяць ля кожнага дома.

Марыя тым часам цяжка ўздыхае i кажа нiбыта сама сабе:

— Лёгка сказаць — жыць цяжэй. Гэта ў горадзе можна пражыць без законнага мужа. Там iх усялякiх хапае. I сваiх, i залётных, i бамжоў, i з прапiскай. Не, без мужчыны ў вёсцы нельга. Трэба пужаць. Так ён спакойны, мой Iване.

«Эге! Калi добра, то Iване, калi не, то Ванька. Жанчыну зразумець можна. Колькi штогод разбураецца сем’яў. Сёння развесцiся — як раз плюнуць. Жэняцца не па каханнi, а па чорт ведае чым. Адны — каб сорам прыкрыць дашлюбны, другiя — каб блат займець, трэцiя — выгадаць яшчэ штосьцi. Дзе яно, каханне тое? Высокiя маральныя i духоўныя патрэбы падмянiлi сексам i грашыма. Свет перакулiўся з ног на галаву i становiцца на яе ўсё больш трывала i надзейна. Хутка ў школу. Там яшчэ можна напалохаць. А як i чым напалохаць, спынiць вар’яцтвы дарослых, як iм давесцi, што гарэлка, вiно, пiва — атрута. Як выявiць самагоншчыкаў? Не падкажуць свае, вясковыя, хто гонiць. У такiх можна напавер узяць бутэльку-другую, а потым, калi грошай не будзе, i напавер не дадуць, адпрацаваць нечым…»

За акном тым часам сонца асвятляла ўжо другi бок вулiцы. Купалiся ў пяску вераб’i, а па вулiцы паўз участак iшоў добра захмялелы Iван.

— А бо, як жа ён з-пад замка? — угледзеўшы напалоханага яшчэ мужа, замiтусiлася Марыя.

— Iван, хадзi сюды, каб цябе пранцы!

— Ага, як толькi, дык зараз. Разганюся, каб вас ваўкi з’елi, — рагатнуў той i прама пашыбаваў да прыватнай крамкi з пяшчотнай беларускай назвай «Алеся», дзе пужаныя i няпужаныя мужыкi збiралiся, курылi, пiлi пiва i гаварылi за жыццё.

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter