Візіт дамы

Спіс спадчыны ЮНЕСКА можа папоўніцца беларускімі аб’ектамі

Вялікі тэатр стаў уладальнікам «Пяці кантынентаў», а гісторыка-культурныя каштоўнасці нашай краіны чакаюць уключэння ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

У Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА могуць быць унесены яшчэ 11 аб’ектаў, якія знаходзяцца ў нашай краіне. Гэта стала вядома ў час рабочага візіту генеральнага дырэктара ЮНЕСКА Ірыны Бокавай.

«Я ўпэўнена, што беларускі ўрад, Міністэрства культуры і іншыя ўпаўнаважаныя арганізацыі працуюць над гэтым пытаннем і яно абавязкова вырашыцца», — падкрэсліла гендырэктар.

На ўключэнне ў пачэсны спіс прэтэндуюць Аўгустоўскі канал (Гродзенская вобласць), Спаса-Праабражэнская царква і Сафійскі сабор (Полацк, Віцебская вобласць), Камянецкая вежа (Камянец, Брэсцкая вобласць), Барысаглебская царква (Гродна), Свята-Нікольскі жаночы манастыр (Магілёў), Брэсцкая крэпасць, палацава-паркавы ансамбль Румянцавых—Паскевічаў (Гомель), культавыя збудаванні абароннага тыпу Мінскай і Брэсцкай абласцей, архітэктурны ансамбль праспекта Незалежнасці ў Мінску, драўляныя цэрквы Палесся, Нацыянальны парк «Белавежская пушча» (пашырэнне).

У папярэдні спіс унесены і аб’екты нематэрыяльнай культурнай спадчыны: калядная гульня «Жаніцьба Цярэшкі», якая захавалася ў вёсцы Аношкі Лепельскага раёна Віцебскай вобласці, і традыцыя шапавальства ў Дрыбіне (Магілёўская вобласць).

Нагадаем, што на гэты час у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА ад нашай краіны ўнесены чатыры аб’екты: Нацыянальны парк «Белавежская пу-шча», замкавы комплекс у Міры, былая рэзідэнцыя Радзівілаў у Нясвіжы і 19 тапаграфічных пунктаў Дугі Струвэ. Сусветная нематэрыяльная спадчына нашай краіны прадстаўлена ў спісе абрадам «Калядныя цары», які існуе ў вёсцы Семежава Капыльскага раёна Мінскай вобласці.

------------------------------------

Дарэчы

У час візіту ў Мінск генеральны дырэктар ЮНЕСКА Ірына Бокава ўручыла Нацыянальнаму акадэмічнаму Вялікаму тэатру оперы і балета Беларусі памятны медаль ЮНЕСКА «Пяць кантынентаў». Прэстыжнай узнагароды калектыў галоўнай музычнай сцэны краіны ўдастоены за ўклад у сусветную культуру і ў гонар 60-годдзя членства Беларусі ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter