З 31 кастрычніка па 2 лістапада у Музычным тэатры выступяць вядучыя майстры аперэтнай сцэны

Візіт да гранд-дамы

Свята аперэты зноў вяртаецца ў Мінск
Свята аперэты зноў вяртаецца ў Мінск. У трэці раз яго ўдзельнікаў і гасцей збірае творчы праект «Наталля Гайда запрашае...» Тры вечары запар, з 31 кастрычніка па 2 лістапада, у Музычным тэатры выступяць вядучыя майстры сцэны — лепшыя салісты з розных гарадоў і краін. У чаканні сустрэчы з імі — наша гутарка з народнай артысткай Беларусі, прызнаным сімвалам аперэты цудоўнай Наталляй ГАЙДАЙ.

Наталля ГАЙДАЙ


— Наталля Віктараўна, не магу не спытаць пра ўражанні ад нядаўніх гастроляў ў Екацярынбургу, значных і для тэатра — ён выязджаў туды ўпершыню, і для вас асабіста. Бо гэта горад, дзе вы нарадзіліся, дзе правялі студэнцкія гады, дзе ўпершыню выйшлі на прафесійную сцэну. 

— Для мяне гэтыя гастролі былі сапраўды асаблівымі, і мне вельмі хацелася, каб усё там добра прайшло. Бо я заўсёды нашым артыстам гаварыла пра Екацярынбург як пра горад з даўнімі і трывалымі культурнымі традыцыямі — музычнымі, тэатральнымі. І, дзякуй богу, усё адбылося ўдала. Залы ў Свярдлоўскім тэатры музкамедыі былі поў-ныя, вельмі добра гледачы прынялі нашы спектаклі, выдатным атрымаўся сумесны гала-канцэрт — два аркестры на сцэне, салі-сты двух тэатраў, хор. Гэта было грандыёзна. 

— Публіка зямлячку ў вас прызнала?

— Памятаюць, і кіраўніцтва тэатра памятае і ведае, што мне вельмі прыемна. Я хвалявалася, вядома. Усё ж 45 гадоў прайшло, як мяне там няма. І ўзрост... Ведаеце, у Екацярынбургу была дзіўная сустрэча з маім партнёрам па оперным тэатры Анатолем Бандарцом. Мы былі галоўнымі выканаўцамі ў выдатным спектаклі «Рамэа, Джульета і цемра» кампазітара Кірыла Малчанава. Я меркавала, што такая сустрэча можа быць. Але, калі выйшаў на сцэну паважны мужчына з кветкамі, так разгубілася, што не адразу яго пазнала. Зала бурна прарэагавала апладысментамі. Гэта было вельмі кранальна.

— У Екацярынбургу ў вас засталіся блізкія, родныя?

— Не, ужо нікога няма. І з тымі, з кім вучылася ў юрыдычным інстытуце і ў кансерваторыі, не прыйшлося сустрэцца. Усе адрасы, тэлефоны даўно памяняліся, шукаць не было калі з-за вельмі напружанага графі-ка. Мне нават не ўдалося з’ездзіць на поўнач Урала наведаць магілу бацькоў, не атрымалася, на жаль.

— Чула, паміж нашым Музычным тэатрам і Свярдлоўскай музкамедыяй заключаны дагавор аб супрацоўніцтве. Трэба меркаваць, паездкі яшчэ будуць…

— Супрацоўніцтва пачалося яшчэ з 2012 года, з першага фэсту «Наталля Гайда запрашае...». Пасля таго свердлаўчане ўжо прыязджалі да нас на гастролі. У наступным годзе яны зноў будуць тут. Затым плануецца наш візіт у адказ. Хаця раней часу загадваць цяжка. Гастролі — справа даволі складаная і арганізацыйна, і фінансава. Але такіх абменаў хацелася б больш. Яны патрэбныя і артыстам, і гледачам. Новая публіка, выканаўцы. Гэта цікава. У нас, артыстаў, вочы гараць — хочацца заваяваць новую аўдыторыю. Атрымліваеш нейкую асаблівую энергетыку, настрой, духоўны ўздым адчуваеш.

— Дык што ж цяперашнія сустрэчы? Каго запрашае Наталля Гайда ў гэты раз у Мінск?

— Не буду пералічваць доўгі спіс імёнаў. Прыедуць і салісты, і кіраўнікі музычных тэатраў. Прыстойная геаграфія вырысоўваецца: Новасібірск, Масква, Петразаводск, Іркуцк, Санкт-Пецярбург, Екацярынбург, Ніжні Ноўгарад, Растоў-на-Доне, Караганда, Каўнас, Клайпеда.

— Вам давядзецца другі раз перажыць на сцэне юбілей — асабісты і творчы?

— Наогул, думала на ім ужо не засяроджвацца. Але дырэктар нашага тэатра сказаў: ніякіх адгаворак, увесь год у вас юбілейны. Нарадзілася ў маі — адзначылі вясной, а восенню на фестывалі — само сабой. Вядома, гэта хвалююча, але і прыемна.

— Святочныя сукенкі ўжо прыгатаваныя?

— Вось думаю, як выкручвацца. Можа, паспею нешта новенькае дашыць. Ну а калі не... Гэта ж зоркі шоу-бізнесу заяўляюць: калі сукенку ўжо апранала, у другі раз — не магу. У нас такога няма. Таму апранаем, адкладваем, на нейкі час забываем, а потым знаходзім як новенькую.

Наталля ГАЙДАЙ


— Што ў афішы фестывалю?

— Два спектаклі – «Сільва», «Бабін бунт» і гала-канцэрт. Рыхтуюцца сюрпрызы ад нашага рэжысёра Сусанны Цырук — у спектаклях ролі ў кожным акце будуць выконваць розныя артысты. Гэта вельмі цікава.

— Вы занятыя ў праграме шчыльна?

— Як заўсёды. Але, як гаворыцца, трэба — значыць трэба. У мяне тры дуэты з рознымі салістамі, у дадатак некалькі невялікіх выхадаў, недзе ў танцы павінна з’явіцца. Увогуле, пакруціцца прыйдзецца. 

— У публікі сёння ёсць цікавасць да жанру музычнай камедыі?

— Мяркуючы па аншлагам і ў Екацярынбургу, і ў нашым тэатры, так. Але асабліва мяне радуюць ранішнія спектаклі — зала бітком. Я думаю: якія бацькі малайцы, што далучаюць дзяцей да тэатра. Бо цяпер настолькі скараціліся ў школе ўрокі спеваў, музыкі. Мне незразумела, чаму? Памятаю, музычныя заняткі ў нас у дзіцячым садзе нават у час вайны былі. Калі пайшла ў школу, вайна толькі скончылася, але чатырохгалосы хор быў, і танцавальны гурток, і малявання. А колькі народных песень, рамансаў, арый гучала па радыё. Мы, дзеці, спявалі ўсё запар: ад «У дороги чибис» да дуэта Таццяны і Вольгі «Слыхали ль вы за рощей глас ночной...». Памятаю, усё не магла зразумець, што ж чулі гэтыя львы? Але спявала. А тут нядаўна сутыкнулася з тым, што сказала студэнтцы развучыць арыю Снягуркі, першую, дзе яна з сяброўкамі. Дзяўчына на мяне здзіўлена глядзіць. Яна не ведае. І гэта студэнтка музвучылішча. Таму, паўтаруся, тое, што ў тэатры дзяцей поўная зала, — гэта выдатна. Менавіта з дзяцінства прывіваюцца цікавасць і любоў да музычнага мастацтва.

— Зараз нешта новае рэпеціруеце?

— Так. Гэта спектакль з рабочай пакуль назвай «Лехайм». П’еса — сплаў знакамітага мюзікла «Скрыпач на даху» з музыкай Джэры Бока і нашага кампазітара Алега Хадоскі з «Памінальнай малітвай» Рыгора Горына. Ставіць Міхаіл Кавальчык, гэта яго рэдакцыя. Так што чакаецца цікавая праца.

Ирына СВIРКО
isvirko@mail.ru

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter