Віцебскі перыяд — гэта песня

Валерый Анісенка 12 гадоў працаваў у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі, зрабіў яго адной з самых яркіх культурных устаноў сталіцы.
Заўтра  мы  даведаемся  iмёны  пераможцаў  Нацыянальнай тэатральнай  прэмii.  Сёння  ж  прадстаўляем  самыя  яркiя  спектаклi  конкурсу  i іiх  творцаў.

Валерый Анісенка 12 гадоў працаваў у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі, зрабіў яго адной з самых яркіх культурных устаноў сталіцы. А два з паловай гады таму  раптам з’ехаў у Віцебск, стаў мастацкім кіраўніком і адначасова дырэктарам Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Якуба Коласа. На днях вярнуўся ў Мінск, каб прадставіць на прэміі свой спектакль «Пахавайце мяне за плінтусам».

Валерый АНIСЕНКА.
Валерый АНIСЕНКА.

— Валерый Данілавіч, не шкадуеце, што з’ехалі? У Мiнску усё ж больш магчымасцей.

— Гэта лёс. Я вярнуўся туды, адкуль пачынаў. Згодны, у Мінску магчымасцей больш. Але ў Віцебску вельмі складаная сітуацыя і мяне вельмі настойліва папрасілі дапамагчы. Гэта выклік. Калі чалавек слабы, то можна загнуцца. Я размаўляю з вамі, значыць, я вытрываў. Гэта адзін з найцікавейшых перыядаў майго жыцця. Два з паловай гады – гэта цэлая песня, магчыма, паэма. І нам з калектывам многае ўдалося зрабіць.

— Дырэктарская работа не замінала творчасці?

— Не бывае чыстай творчасці. Мая настольная кніга зараз – «Лісты Льва Мікалаевіча Талстога». Раманы – гэта дзясятая частка яго жыцця. Колькі яшчэ іншых клопатаў было ў яго. Так і ў мяне. У Віцебску шмат праблем: тэатр не на тым узроўні, на якім павінен быць. У мяне ёсць свая думка на гэты конт. Не ўсе яе прымаюць. У мяне бываюць такія хвіліны адчаю… Я ж там адзін, адарваны ад любімых унукаў і дачкі, сяброў. Я камунікабельны чалавек, а сяжу як воўк у нары. Нават выпіць не хочацца.

— І як спраўляецеся?

— Працую з раніцы да вечара. На ноч абавязкова – «Лісты Талстога».

— «Пахавайце мяне за плінтусам» — гэта лепшая работа Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа за апошнія два гады?

— Адна з лепшых. Ёсць выдатныя спектаклі, пастаўленыя не мной. «Пышку» Гі дэ Мапасана, музыку да якой спецыяльна напісаў Уладзімір Кандрусевіч, зрабіў Сяргей Кулікоўскі. Народны артыст Расіі Валерый Беляковіч паставіў выдатны спектакль «Рамэа і Джульета». Балгары зрабілі цікавы праект «Дом Бернарды Альбы». Галоўнае — тэатр і трупа задыхалі. Чаму прадставілі менавіта «Пахавайце мяне за плінтусам»? Таму, што ён пра наша жыццё. Чаму зала дыхае разам з акцёрамі? Таму, што пазнае сябе. Людзі смяюцца, а потым плачуць – вось адзнака нашай творчасці. Дарэчы, я шукаў матэрыял для заслужанай артысткі Беларусі Тамары Скварцовай, і яна добра сыграла Бабулю. Акрамя таго, выдатны дэбют атрымаўся ў Рамана Салаўёва ў галоўнай ролі.

— Як вам новыя правілы Нацыянальнай тэатральнай прэміі? Здаецца, вялікая колькасць намінацый — выдатная магчымасць атрымаць узнагароду.


— Я ў гэта не ўнікаю, ўзнагароды мяне не цікавяць. Мне трэба тэатр вывесці на еўрапейскі ўзровень. Гэтым і занята мая галава.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter