Творчая атмасфера. Папулярныя артысты. Сотня мерапрыемстваў і тысяча падстаў для добрага настрою. Усё гэта — “Славянскі базар у Віцебску”

Віцебск на ўсе часы

Творчая атмасфера. Папулярныя артысты. Сотня мерапрыемстваў і тысяча падстаў для добрага настрою. Усё гэта — “Славянскі базар у Віцебску”. За 24 гады яго святочны звон абляцеў ужо ўсю планету, але арыфметыка цяперашняга форуму ўразіла нават самых бывалых скептыкаў: сёлета ў горадзе над Дзвіной высадзіўся рэкордны дэсант удзельнікаў конкурсу маладых выканаўцаў — адразу 42 краіны дэлегавалі сваіх прадстаўнікоў. Усяго ж за гады творчага даўгалецця ў гасцінным Віцебску пабывалі прадстаўнікі 70 дзяржаў, аднак такой колькасці краін адначасова на “Славянскім базары” яшчэ не было.


 Дарэчы, сёлета адной з першых на конкурс маладых выканаўцаў прыляцела заяўка з Мексікі. Мінулым летам яе прадстаўнік Радрыга дэ ла Кадэна дэбютаваў у Віцебску вельмі ўдала: 26-гадовы мексіканец не толькі пакарыў публіку “Калінкай-малінкай”, але і павёз дадому Гран-пры і прэмію 20 тысяч долараў. Матэрыяльны складнік конкурсу, прызнаўся тады артыст, выдатна падштурхнуў яго змагацца за перамогу. Прадстаўніца Мексікі гэтага года, 20-гадовая Маха Карнэха, паўтарыць поспеху суайчынніка не змагла: Гран-пры Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск-2015” паехаў у сонечны Казахстан. 175 балаў і безумоўнае прызнанне журы — у фінале конкурсу 21-гадовы Дымаш Кудайберген захаваў за сабою лідарства, не пакінуўшы шанцаў нашай Валерыі Грыбусавай. Маладая спявачка адстала ад трыумфатара ўсяго на 4 балы. Як вынік — першая прэмія прэстыжнага конкурсу і 15 тысяч долараў прызавых. Пасля аб’яўлення вынікаў дзяўчына прызналася, што сваім выступленнем больш чым задаволена:

— Для мяне было важным заявіць пра сябе са сцэны “Славянскага базару”. Я не думала пра прызы і ўзнагароды, а проста атрымлівала задавальненне ад таго, што раблю.

На правах пераможца параду будучым пакарыцелям “Славянскага базару” даў і Дымаш Кудайберген:

— Галоўнае — удумлівы падыход да выбару кампазіцый. Для мяне складаней за ўсё было выбраць песню для першага дня конкурсу: усе славянскія хіты вельмі прыгожыя. Спачатку хацеў спець “Белавежскую пушчу”, але потым перадумаў. У арыгінальнага выканаўца — Валерыя Дайнекі — яна гучыць ідэальна. Тут няма месца для маёй фантазіі.

У сябе на радзіме, дарэчы, малады спявак вельмі папулярны. Відаць, праяўляюцца ў тым ліку і музычныя гены: малады выканавец — сын вядомых у Казахстане музыкантаў Ліны і Святланы Айтбаевых.


***

Госці з блізкага і далёкага замежжа не стамляюцца адзначаць: “Славянскі базар” — гэта лепшая рэклама Беларусі як турысцкага цэнтра. З году ў год прыхільнікі буйнейшага на прасторах СНД музычнага форуму з розных краін бяруць адпачынак на час правядзення свята, каб у дэталях разгледзець фестывальныя дні. Кожны куток у летнім Віцебску ўбраны і прывабны, а кожны госць — любімы і доўгачаканы. Упэўнена, тыя, хто ўжо бываў на фестывалі ў ранейшыя гады, былі прыемна здзіўленыя цяперашнімі пераменамі. Многія заўважылі: у глядзельнай зале і на сцэне ўсталявалі новае відэа-, аўдыя- і святлоабсталяванне. Дзякуючы вялікім святлодыёдным экранам з любога пункта трыбун для гледачоў можна было назіраць за падзеямі на галоўнай сцэне — а паглядзець, паверце, было на што. Дыяпазон фестывальных мерапрыемстваў — найшырэйшы, размах свята — проста неверагодны. Праграма “Славянскага базару” гэтага года аказалася насычанай як ніколі. 95 (!!!) мерапрыемстваў — умясціць увесь расклад праведзенага “Базару” не змаглі нават цэнтральныя афішы ля будынка дырэкцыі музычнага фэсту. 17 пляцовак — і гэта толькі афіцыйна. Альтэрнатывай Летняму амфітэатру сёлета сталі не толькі традыцыйныя тэатр імя Якуба Коласа, Віцебская абласная філармонія, мастацкі музей і канцэртная зала “Віцебск”, але і — упершыню! — вуліцы горада. Дзеля фэсту вулічнага мастацтва “На сямі вятрах”, які цяпер афіцыйна прапісаўся ў праграме “Славянскага базару”, мясцовыя ўлады нават дазволілі ненадоўга зачахліць гарадскія ліхтары: задумку рэалізавалі артысты мінскага пластычнага тэатра “ІнЖэст”.

Віцебскі фестываль даўно стаў адным з самых любімых не толькі для гледачоў, але і для артыстаў. Сцэна Летняга амфітэатра сёлета прыняла рэкордную колькасць “сольнікаў”: шэсць канцэртаў — ад Рыгора Лепса і спявачкі Валерыі да Алены Ваенгі і гурту “Бі-2” — і на кожным апладысменты, аншлагі, авацыі. Ну а акрамя — дзясятак зборных канцэртаў, конкурсы маладых выканаўцаў, цырымоніі адкрыцця і закрыцця… На галоўнай сцэне ззялі толькі зоркі: Любоў Казарноўская, Леў Лешчанка, Тамара Гвердцытэлі, Дзмітрый Малікаў, Сяргей Лазараў, Мікалай Дабранраваў і Аляксандра Пахмутава, а таксама легендарны азербайджанскі салавей Палад Бюльбюль-аглы. Сёлета яго імянны “васілёк” далучыўся да тых, што ўжо прараслі на фестывальнай Алеі зорак. Народны артыст Азербайджана стаў уладальнікам спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Беларусі “Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення”. Ганаровую ўзнагароду юбіляру (сёлета спявак адзначыў 70-годдзе) на цырымоніі закрыцця фестывалю ўручыў асабіста Аляксандр Лукашэнка. Палад Бюльбюль-аглы горача падзякаваў Кіраўніку беларускай дзяржавы і гасціннай віцебскай зямлі:

— Для мяне гэта вялікі гонар. І я вельмі ўдзячны, што мяне сёлета запрасілі быць старшынёй міжнароднага журы. Гэта вельмі ганарова і адказна — вызначаць чыйсьці лёс. Акунуў-шыся ў атмасферу фестывалю, добра разумею: славянскае адзінства ёсць. Я глыбока перакананы, што “Славянскі базар” адкрывае шырокія магчымасці для паглыблення рознабаковых сувязяў паміж народамі.

Але імкнуцца ў Віцебск артысты не толькі са славянскіх краін, а і з усёй Еўропы. Сёлета “Базар” стаў своеасаблівым міні-“Еўрабачаннем”: яго наведалі музыканты, якія ў розны час выступалі (ці падавалі заяўкі) на гэты буйнейшы еўрапейскі музычны фэст. У Віцебск на музычны агеньчык зазірнулі пераможца 2007 года сербка Марыя Шэрыфавіч (яна таксама ўвайшла ў склад членаў журы), трыумфатар “Еўрабачання 2009” Аляксандр Рыбак, швед Босан і латыш Інтарс Бусуліс.


***

“Славянскі базар” — фестываль не толькі музычны. Падзей і ўражанняў тут хапае на ўсіх: папулярныя артысты, модныя тэатральныя пастаноўкі, мастацкія выставы і, безумоўна, “горад майстроў”, па вулачках якога можна блукаць бясконца, не перастаючы здзіўляцца фантазіі беларускіх умельцаў. Пакуль фестывальная сцэна залівалася святлом сафітаў і танцавала ў рытме дыска, цэнтральныя пляцоўкі Віцебска таксама не спалі і ўсімі магчымымі спосабамі прываблівалі гасцей. Нараўне з Летнім амфітэатрам кірмаш-продаж вырабаў народных умельцаў у гістарычным раёне За-дзвіння — гэта, без перабольшання, цэнтр прыцягнення для тысяч гараджан і гасцей фестывалю. Тут заўсёды пануе атмасфера творчасці — ніякаму шырспажыву яе не перабіць. У фестывальным “горадзе майстроў” зусім не цяжка знайсці рукатворныя рэчы, зробленыя ўмельцамі з усёй душой: лапікавыя коўдры, кошыкі, мэблю з лазы, карціны фларыстаў з пялёсткаў, сцяблінак і таполевага пуху, упрыгажэнні з камянёў і металу, абутак з лямцу, а таксама валёнкі з узорам, якія нязменна ўваходзяць у топ продажаў, — усе рэчы выкананыя ў адзіным экзэмпляры і тыражаванню не падлягаюць. Сёлета ў Віцебску пасялілася амаль 300 рамеснікаў. Цяперашні кірмаш пашырыў творчыя рамкі і зноў вярнуў сабе статус міжнароднага: у ім прынялі ўдзел народныя ўмельцы з усіх куткоў Беларусі, а таксама з Расіі, Украіны, Латвіі, Літвы. Майстры акупіравалі літаральна кожны свабодны квадратны метр. Яно і зразумела — попыт на драўляныя размаляваныя лыжкі і керамічныя талеркі з васількамі вялікі. Заезджыя знакамітасці, дарэчы, з лёгкасцю паддаваліся спакусе і літаральна змяталі з прылаўкаў традыцыйныя беларускія сувеніры. Алена Ваенга, якая нядаўна стала маці, прызналася журналістам, што чамаданамі вязе з горада дзіцячае адзенне і беларускія прадукты. Асабліва радуюць спявачку суадносіны цаны і якасці нашых тавараў:

— Якасць сусветнага ўзроўню. І вельмі прывабны кошт — за 100 долараў можна апрануць дзіця. Гэта не рэклама, а абсалютная праўда. У мяне, напрыклад, ёсць паўзункі, набытыя ў Нью-Ёрку, і яны па якасці значна горшыя за беларускія. Я гавару вам сумленна і шчыра: маё дзіця носіць адзенне беларускіх вытворцаў.


***

Цікава таксама і тое, што сёлета “Славянскі базар” выйшаў за рамкі звычайнага музычнага конкурсу, стаўшы не толькі святам песні, але і буйнейшай дыскусійнай пляцоўкай, дзе сустрэліся прадстаўнікі дзясяткаў нацыянальных культур. Фармат адкрытага дыялогу падтрымалі ўдзельнікі “круглага стала”, ініцыятарам якога выступілі Міністэрства інфармацыі Беларусі, Міністэрства культуры Беларусі і РВУ “Выдавецкі дом “Звязда”. Тэму закранулі глабальную: “Культура і мастацтва як крыніца развіцця духоўна-маральных каштоўнасцяў. Роля СМІ ў фарміраванні агульнай культурнай прасторы славянскіх народаў”. Мэта сустрэчы, падкрэсліў яе мадэратар, дырэктар — галоўны рэдактар газеты “Звязда” Аляксандр Карлюкевіч, — пашырыць уяўленне замежных журналістаў пра Беларусь, пра працэсы, якія адбываюцца ў сферы нацыянальнай культуры. Такія “круглыя сталы”, калі разам збіраюцца дзеячы мастацтваў і прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі, адзначыла таксама Міністр інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч, павінны стаць штогадовай знакавай пляцоўкай для абмену меркаваннямі. Немалая роля ў гэтым павінна быць адведзена і Віцебску як неафіцыйнаму культурнаму цэнтру Беларусі: “Бо дзе, як не ў Віцебску, мы можам і павінны закранаць тэму агульнай культурнай прасторы славянскіх народаў, гаварыць пра іх аўтэнтычнасць, пра мір і ўзаемаразуменне?”

Пра Віцебск, як пра цэнтр сусветнага фестывальнага руху, гаварылі і падчас міжнароднай канферэнцыі “Фестывальны рух. Традыцыі і інавацыі”. Абмеркаваць сучаснасць і будучыню фестывальнага руху ў “калыску Шагала” прыехалі кіраўнікі фестываляў з Балгарыі, Сербіі, Казахстана, Славеніі і Македоніі. На парадку дня адзначылі адразу дзве добрыя навіны. Адна ўжо месяц як перастала быць таямніцай: “Славянскі базар” сёлета стаў членам Сусветнай асацыяцыі фестываляў. Другая працуе на перспектыву: на бліжэйшыя пяць гадоў прэзідэнтам асацыяцыі выбраны дырэктар фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” Аляксандр Сідарэнка. Тым самым дадзена дастойная ацэнка шматгадовай працы ўсіх арганізатараў і ўдзельнікаў фестывалю — кіраўнікоў Віцебскага аблвыканкама, Віцебскага гарвыканкама, Міністэрстваў культуры і інфармацыі, рэжысёраў, артыстаў, адміністратараў... Цяпер ужо былы віцэ-прэзідэнт Сусветнай асацыяцыі фестываляў Мар’ян Катароскі прызнаўся:

— Я шмат разоў бываў на “Славянскім базары” як кіраўнік дэлегацыі ад Македоніі. Скажу шчыра: уражаны яго работай і арганізацыяй. Той факт, што віцебскі форум стаў часткай асацыяцыі, лічу, дапаможа фэсту стаць яшчэ лепшым.

Аляксандр Сідарэнка ўпэўнены, што фестывалі розных краін аб’ядноўвае не толькі асацыяцыя, а значна большае — агульныя тэмы і інтарэсы:

— Многія фестывалі працуюць у вузкіх рамках і ўяўляюць з сябе розныя конкурсы: кірмашы рамёстваў, дзіцячыя або маладзёжныя спаборніцтвы, недзе эстрадны вакал, недзе акадэмічны, фальклор, харэаграфія. “Славянскі базар” як алімпіяда мастацтваў мае магчымасць сабраць пераможцаў усіх фестываляў. Гэта зусім іншы ўзровень. Мы паслядоўна ідзём да таго, каб да нас прыязджалі пераможцы вакальных конкурсаў з розных краін.


Канкурсантка з Беларусі Валерыя Грыбусава

***

У наступным годзе “Славянскі базар у Віцебску” адзначыць юбілейныя чвэрць стагоддзя — да будучага дваццаціпяцігоддзя арганізатары ўжо сёння абяцаюць гледачам масу сюрпрызаў і новых, нязменна прыемных уражанняў. Ну а пакуль нам, гледачам, застаецца толькі пачаць адрываць лісткі календара ў прадчуванні грандыёзнага відовішча і атрымліваць асалоду ад галасоў тых, чые імёны нам адкрыў дваццаць чацвёрты Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”.


Вынікі Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск-2015”


Гран-пры і грашовы прыз у памеры 20 тысяч долараў дасталіся Дымашу Кудайбергену, першая прэмія і 15 тысяч долараў — у беларускі Валерыі Грыбусавай. Другую прэмію журы прысудзіла Мікалаю Манолаву з Балгарыі, а трэцюю “Ліру” ізноў, як і летась, давялося падзяліць на дваіх: па дзве з паловай тысячы долараў і імянная статуэтка дасталіся ўкраінцы Ганне Цвердаступ і Сафі з Грузіі. Спецыяльнай прэміі імя Уладзіміра Мулявіна за лепшае ўвасабленне нацыянальнай тэмы і высокае выканальніцкае майстэрства ўдастоілася Надзе Талеўска з Македоніі. Яшчэ адну ўзнагароду — сертыфікат і памятны знак (залатая манета) Сусветнай асацыяцыі фестываляў — уручылі расіянцы Соф’і Муратавай.

Вынікі Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу “Віцебск-2015”

І зноў Гран-пры — у прадстаўніка (дакладней, чароўнай прадстаўніцы) Казахстана. Уладальніцай узнагароды і прэміі ў памеры 5 тысячы долараў стала юная зорачка з Актау Луіза Нуркуатава. Украінка Дарына Галіцкая стала лаўрэатам першай прэміі, другое месца падзялілі паміж сабою наша Стэфанія Сакалова і Лізі з Грузіі, а званне лаўрэатаў III прэміі атрымалі расіянка Вераніка Усцімава і Дар’я Пышная з Украіны. Сертыфікатам і памятным знакам (сярэбранай манетай) Сусветнай асацыяцыі фестываляў узнагародзілі юную Селену з Румыніі.

Юльяна Леановіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter