У 2015 годзе мецэнаты ўклалі ў культуру 50 мільярдаў рублёў

Вітаюцца мецэнаты

Рынак мастацтва шмат у чым падобны да індустрыі фінансаў: у абедзвюх галінах ёсць свае венчурныя гульцы і доўгатэрміновыя перспектывы спрымаць мастацтва як інвестыцыю нашы заможныя суайчыннікі сталі адносна нядаўна, хоць традыцыі мецэнацтва на беларускіх землях налічваюць не адну сотню гадоў.


У апошнія гады прыватны бізнес асабліва ўважлівы да культуры

У 2015 годзе мецэнаты ўклалі ў культуру 50 мільярдаў рублёў. “За гэтыя грошы можна было б зняць, напрыклад, 5 поўнаметражных мастацкіх фільмаў або завяршыць неабходныя работы па рэканструкцыі “Беларусьфільма”, — падлічыў міністр культуры Барыс Святлоў перад пачаткам цырымоніі ўзнагароджання “Мецэнат культуры Беларусі”. Са сцэны Тэатра імя Горкага ён увесь вечар ушаноўваў прадстаўнікоў буйных кампаній і прадпрыемстваў, якія штогод бескарысліва і па загадзе сэрца аказваюць спонсарскую дапамогу нашым музеям, тэатрам, фестывалям. Фінансавае плячо культуры сёлета падставілі больш за сотню чалавек — не толькі фірмы і арганізацыі, але і некаторыя асобы зрабілі свой асаблівы ўклад у падтрымку і ўмацаванне мастацтва ва ўсіх яго праявах.


Дырэктар Вялікага тэатра Уладзімір Грыдзюшка (злева) умее дамаўляцца.
Яго тэатр — лідар па колькасці сяброў і партнёраў


Персанальныя ўзнагароды прысуджаны паслу Беларусі ў Францыі Паўлу Латушку, паслу Беларусі ў Расіі Ігару Петрышэнку, паслу Беларусі ў Літве і Фінляндыі (2006-2013 гг.) Уладзіміру Дражыну, гендырэктару ААТ “Беларуськалій” Івану Галаватаму, гендырэктару ААТ “Гродна Азот” Канстанціну Маянаву, старшыні канцэрна “Белнафтахім” Ігару Ляшэнку, старшыні праўлення ААТ “Банк развіцця Рэспублікі Беларусь” Сяргею Румасу і многім-многім іншым. Карацей, усім тым, дзякуючы каму творы мастацтва папоўнілі калекцыі нашых музеяў, унікальныя кніжныя выданні трапілі ў сховішчы Нацыянальнай бібліятэкі, а шматлікія музычныя і тэатральныя форумы ўвесь год збіралі поўныя залы ўдзячных гледачоў.


Дарагіх у прамым і пераносным сэнсе гасцей забаўлялі актрысы Тэатра імя Горкага Вераніка Пляшкевіч ды Іна Савянкова

Але што цікава: калі ў кулуарах загаварыць з мецэнатамі пра іх дапамогу з пункту гледжання эканомікі, яны скажуць, што мастацтва ні ў якім разе нельга ўспрымаць як фінансавую інвестыцыю. Культура — гэта наогул не тая сфера, якая прыносіць хуткі прыбытак. Для большасці з гэтых людзей мецэнацтва — не дзівацтва забяспечанага фінансіста, які не ведае, куды дзяваць грошы, а свой уклад у справу прадаўжэння багатых беларускіх культурных традыцый і штрых да змены агульнай культурнай сітуацыі.

Куды ўкладваліся сродкі? У Міжнародны форум тэатральнага мастацтва “ТЭАРТ”, фестываль Юрыя Башмета, форум мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” (які, дарэчы, амаль на 70 працэнтаў прайшоў на сродкі спонсараў), свята “Александрыя збірае сяброў”, Міжнародны Калядны оперны форум і яшчэ ў дзясятак не менш цікавых і любімых праектаў. Лідарам па колькасці сяброў і партнёраў у чарговы раз стаў Вялікі тэатр. Трывалыя партнёрска-сяброўскія сувязі ўжо 6 гадоў звязваюць яго з “Белзнешэканамбанкам”. Дзякуючы гэтаму супрацоўніцтву стаў, напрыклад, магчымы Міжнародны Калядны оперны форум. Генеральны дырэктар Вялікага тэатра Уладзімір Грыдзюшка не стамляецца падкрэсліваць:

— Мы са спонсарамі раўнапраўныя партнёры. Гэта не аднабаковыя адносіны: маўляў, яны раскрылі кашалёк з манетамі, мы падзякавалі, і на гэтым разышліся. Тэатр у сваю чаргу прадастаўляе пэўныя паслугі рэкламнага характару. У даўгу, паверце, мы не застаёмся.


...і ўсеагульны ўлюбёнец Шура Вергуноў, як вядучы ганаровай цырымоніі ўзнагароджання

Дырэктар Цэнтра сучасных мастацтваў Наталля Шаранговіч прывяла канкрэтныя лічбы: у 2015 годзе партнёры цэнтра ўклаліся ў арт-праекты на суму звыш 30 тысяч долараў. Дзве буйнейшыя ініцыятывы — праект “Арт-астравы” і Мінскі форум вулічных тэатраў — падтрымаў “Альфа-банк”. А вось за выставу на плошчы Якуба Коласа “Мастак і горад”, якая палюбілася мінчанам, варта дзякаваць Банку ВТБ:

— Цяпер мы працуем над новым буйным выставачным праектам “Усё было па-іншаму”, вядзём перагаворы з партнёрамі. Аб’яўлены ў краіне Год культуры, спадзяёмся, стане дастойным стымулам.


Барыс Святлоў, міністр культуры:

— За мінулы год мы сабралі больш за сотню людзей, якія ўнеслі ўклад у нашу агульную справу. Вядома, сутнасць не ў тым, колькі грошай было атрымана. Радуе, што разам з мастацкай культурай развіваецца і бізнес-культура. Нашы партнёры разумеюць, што без падтрымкі духоўнай дзейнасці немагчыма рухацца наперад у дасягненні матэрыяльных мэт.

Юльяна Леановіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter