Віруе зэльвенскі кірмаш

Ганненскі кірмаш адзначыўся феерверкам і пенна-лазерным шоу

Унікальную старажытную традыцыю аднавілі на Гродзеншчыне

Слава пра Зэльву, невялічкае мястэчка ў Прынёманні, у XVIII стагоддзі гучала на ўвесь Стары Свет. А ўсё дзякуючы таму, што 26 лiпеня, у дзень святой Ганны, тут адкрываўся адзiн з буйнейшых у тагачаснай Беларусi кiрмашоў — Ганненскi, якi па сваёй значнасці саступаў, бадай, толькі знакамітаму лейпцыгскаму. Ганненскі кірмаш віраваў у цэнтры Зэльвы ажно да 25 жніўня. Сюды прыязджалі госці з Францыi, Баварыi, Нiдэрландаў, Аўстрыi, Iталii, Данii, Турцыі i iншых краiн. Купцы з Расii прывозiлi на кірмаш футра, жалеза, шкло, прыганялi коней. Украiнскiя, а таксама прадстаўнiкi краiн Балканскага паўвострава — вiно, бакалейныя вырабы, масла, тытунь, чай i таксама коней. Конскi торг, дарэчы, адна з характэрных рыс зэльвенскага кiрмашу. Бывала, прадавалi iх тут па некалькi тысяч.

Адроджанае ў 2001-м мерапрыемства з кожным годам становіцца ўсё больш масавым, відовішчным, набывае новыя фарбы і непаўторны каларыт. Не стаў выключэннем і сёлетні кірмаш.

Свята распачалося на цэнтральнай плошчы пасёлка. Тэатралізаваны экскурс у гісторыю нагадаў гасцям пра важныя старонкі мінулага роднага краю, а старшыня Зэльвенскага райвыканкама Ян Пальчыс аб’явіў аб афі-цыйным адкрыцці Вялікага Ганненскага кірмашу і адзначыў, што яго непаўторнасць дасягаецца толькі згуртаванасцю і адзінствам зэльвенцаў, для якіх вернасць традыцыям продкаў — асноўны жыццёвы прынцып. Кіраўнік раёна выказаў надзею, што мерапрыемства стане стартавай пляцоўкай устойлівага развіцця ў рэгіёне, візітнай карткай не толькі Гро-дзеншчыны, але і рэспублікі ў цэлым.

Адным з галоўных момантаў Ганненскага кірмашу стала ўшаноўванне перадавікоў жніва, якое ўрачыста прайшло ў раённым Доме культуры.

Прэтэндэнтам на прыз сімпатый гледачоў стала праграма «Звіняць звончыкі». Тут прайшоў конкурс на лепшае афармленне павозак, а таксама выстава конных парод, паказальныя выступленні конна-спартыўнай школы, катанне на конях.

Хто самы спрытны, дужы і быстры, можна было вызначыць пасля ўдзелу ў спартыўна-забаўляльнай праграме. Смяшлівыя пацешкі зрабілі незабыўным адпачынак самых малых гасцей свята. Для дзяцей працавалі таксама атракцыёны і выстава выяўленчага мастацтва.

Удзельнікі «Кірмашовага карнавалу» наладзілі сапраўднае дэфіле аўтарскіх касцюмаў — з саломкі, з элементамі керамікі, упрыгожаных пацеркамі, карункавых, тканых. Дарэчы, быць у трэндзе хаця б на гэтым сардэчным свяце мог быць кожны. Дастаткова было толькі прыбрацца ў ільняную кашулю — сімвал кірмашу, якія на любы густ прапаноўваў раённы камбінат бытавога абслугоўвання насельніцтва.

У цэнтральным скверы размясціліся рамеснікі. Вышываныя ручнікі, сурвэткі і абрусы, саматканыя дываны, скураныя, саламяныя, лазовыя і драўляныя вырабы, фларыстыка не пакідалі абыякавым ні аднаго прахожага — кожны набываў сабе рукатворны выраб як напамін пра гэты жнівеньскі дзень. У сапраўднае захапленне прыводзілі вышываныя карціны і іконы мясцовай майстрыхі Алены Сушы, дырэктара Чырвонасельскага Дома культуры. Пра гэтую нялёгкую скрупулёзную працу жадаючым распавядала Марыя Сяргееўна Антановіч, якая таксама, пакуль вочы не падводзілі, з асалодай займалася вышыўкай. З задавальненнем рамеснікі праводзілі майстар-класы па ганчарнай справе, пляценні кошыкаў, разьбе па дрэве. Дырэктар Зэльвенскага РДК Ала Сідорык навучала дзяўчат азам працы на кроснах. Ёй самой такое захапленне перадалося ад матулі, і сёння яна заўзята тчэ габелены, дываны і ручнікі.

Фішкай кірмашу можна лічыць і выставу кулінарных вырабаў. Тэхнолагі Зэльвенскага філіяла абласнога райспажыўтаварыства распрацавалі спецыяльна для яго ўнікальныя рэцэпты. Самым яркім доказам таго, што духмяныя шэдэўры з печы былі надзіва смачныя, стала чарга, што расцягнулася ад гандлёвай кропкі на некалькі дзесяткаў метраў. Свята жывата гарантавана абяцалі і іншыя стылізаваныя падворкі: адмысловыя пахі шашлыкоў, каўбас, печыва збіралі за сталамі нямала гасцей.

Яшчэ адной адметнай рысай сёлетняга свята стаў актыўны удзел у ім індывідуальных прадпрымальнікаў — прадстаўнікоў малога і сярэдняга бізнесу, гаспадароў аграсядзіб. Для іх былі арганізаваны канферэнцыі і прэзентацыі, на якіх можна было пачуць рэкамендацыі экспертаў па вя-дзенні бізнесу, прасоўванні прадукцыі, развіцці аграэкатурызму, рэкламе мясцовых брэндаў.

А ўвечары самыя стойкія сталі сведкамі незабыўнага феерверку «Кірмашовы карагод» і пенна-лазернага шоу.

 
 
 
 
 
 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter