В музей Якуба Коласа приехали колядовщики с Полесья

Святочная музычна-паэтычная імпрэза ў доме беларускага песняра ў Мінску традыцыйна адбылася па благаслаўленню архіепіскапа Пінскага і Лунінецкага Сцяфана.


Пра цесныя сувязі Якуба Коласа з Палессем вядома шмат. У свой час малады паэт настаўнічаў у Люсіна, Лунінцы, Пінкавічах і Купяцічах. Працаваў таксама ў Пінску, дзе пабраўся шлюбам з Марыяй Каменскай. Вядома, што ва ўсіх гэтых мясцінах Колас заводзіў цеснае сяброўства з духавенствам. Таму не дзіўна, што памяць аб народным паэце палескія праваслаўныя святары захоўваюць з асаблівай пашанай. Не першы год вялікай кампаніяй прыязджаюць яны на Каляды ў Коласавы дом ў Мінску – з народнымі спевамі, вясёлымі вершамі, яркімі акцёрскімі замалёўкамі. Гэты студзень не стаў выключэннем. 

Галоўныя зоркі сёлетняй імпрэзы – народны хор, які дзейнічае пры праваслаўнай царкве святой велікамучаніцы Параскевы Пятніцы вёскі Альшаны Столінскага раёна. Дзяўчаткі і жанчыны ў квяцістых хустках і аўтэнтычных вышытых кашулях скралі сэрцы мінскай публікі непаўторнымі спевамі, якія з'яўляюцца адным з асноўных адлюстраванняў самабытнай палескай культуры. 

А я, народная душа, 

Мне ў Ольшанах цесна – 

Для песні места тут нема, 

Для танцаў нема места! –

Узяла вітальнае слова на альшанскім дыялекце самая гаваркая з артыстак Кацярына Кадоліч. Менавіта яна некалькі гадоў таму сабрала народны хор (акрамя яго пры царкве ў Альшанах дзейнічае яшчэ чатыры хоры – такой колькасццю нават не ўсе гарадскія прыходы могуць пахваліцца). У рэпертуары палешукоў – светлыя песні царкоўнага зместу, вясёлыя калядныя прыпеўкі, пранікнёныя вершы пра родны край.

«Прыемна, што сёння нашае маладое пакаленне славіць нараджэнне Хрыстова той мовай, якую на Палессі чуў Якуб Колас», – слушна заўважыў ўладыка Сцяфан.





Духоўная частка святочнай імпрэзы – выступленне протадыякана Свята-Пакроўскага храма горада Баранавічы Андрэя Гарбунова, якога многія ведаюць як таленавітага выканаўца рамансаў пад гітару. Аднак у Коласавым доме самыя чаканыя кампазіцыі ад святара – вершы народнага паэта, пакладзеныя на музыку. Такіх больш нідзе, акром як тут на Каляды, не пачуеш!

Цікава, што студзеньскія сустрэчы ў музеі набылі не толькі беларускае, але і міжнароднае значэнне. У папярэднія гады на іх можна было пачуць святочныя песні і вершы на рускай і сербскай мовах. Сёння сюрпрызам стала выступленне сямейнага дуэта Дзмітрыя і Наталлі Лапшыных. Ён таленавіты скрыпач, а яна цудоўная знаўца ўкраінскіх песенных традыцый.

– У сям'і Якуба Коласа Раство і Каляды заўсёды былі на пачэсным месцы. Цяпер, калі музею 61 год, хацелася б працягваць традыцыі. Паколькі нават у савецкія часы ў доме Коласа гэтыя святы адзначаліся. Цяпер ніякіх перашкод для гэтага няма – хочацца зрабіць іх больш цікавымі і насычанымі, – паведаміў дырэктар музея Аляксандр Храмы. – Раство – свята, звязанае з вялікай прыемнасцю, людзі адзначаюць яго з асаблівымі пачуццямі і эмоцыямі. Вялікая радасць, што да нас завітаў архіепіскап Сцяфан і госці з Палесся. Каляды ў Коласавым доме ў чарговы раз атрымаліся цёплымі і па-асбліваму атмасфернымі. Кажуць, у Бога дзён многа. Таму хацелася б, каб традыцыя сустрэч з палешукамі не перарывалася і далей.  




Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter